Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязьня, які распавёў пра Дашкевіча, таксама кінулі ў карцэр


Палітвязень Зьміцер Бандарэнка пасьля апэрацыі адчувае сябе нармальна. Зьміцер Буланаў рыхтуецца да этапу ў Магілёўскую калёнію. Маці Алега Гнедчыка, устрывожаная адсутнасьцю лістоў і тэлефанаваньняў ад сына, тэрмінова выяжджае ў Шклоў. Зьмітра Дашкевіча трэці раз кінулі ў карцэр. У карцэры і той ягоны сукамэрнік, які пра гэта паведаміў.

Зьміцер Бандарэнка ў сераду паспрабаваў сам устаць пасьля апэрацыі. Чуецца ён бадзёра, паведамілі лекары жонцы. У палату да яго жонку не пусьцілі ахоўнікі. Больш за ўсё Вольга Бандарэнка баялася, што адразу ж пасьля апэрацыі з нэўрахірургічнага аддзяленьня 5-га клінічнага шпіталя Зьмітра перавядуць у турэмную лякарню, дзе ня будзе нармальнага дагляду:

"Пакуль быццам бы не пераводзяць. Калі па настроі меркаваць — мне дазволілі ваду перадаць, сказалі, што булён можна. Мне лекары сказалі, што апэрацыя прайшла добра. Спадзяюся, што яны прыслухаюцца да меркаваньняў і замежных палітыкаў, і беларускай грамадзкасьці. Вялікі дзякуй усім, хто падтрымаў Зьмітра — і СМІ, і Эўразьвязу, і Ежы Бузэку. Я думаю, гэта сваю ролю павінна адыграць".

У пасьляапэрацыйны пэрыяд хворых трымаюць звычайна ў тым самым нэўрахірургічным аддзяленьні, дзе рабілі апэрацыю, а потым патрабуецца рэабілітацыя, якую хворыя праходзяць ужо ў нэўралягічным альбо спэцыялізаваным аддзяленьні. Нэўроляг Васіль Аўраменка распавёў:

"Звычайна гэта мікрахірургічная тэхніка, там маленькія разрэзы. У пятай клініцы выдатныя спэцыялісты, яны піянэрамі былі ў гэтай справе, такія апэрацыі там на патоку стаяць, так што, думаю, усё зрабілі добра. У хірургічным аддзяленьні павінны трымаць да загаеньня ран, тыдзень прыкладна. А так даволі хутка папраўляюцца, устаюць яны на наступны дзень, максымум праз два дні ўжо ставяць іх. Сядзець нельга, а хадзіць можна ўжо празь дзень. А рэабілітацыя можа заняць ад месяца да чатырох".

Клаўдзія Буланава, маці палітвязьня Зьмітра Буланава, у якога таксама сур'ёзныя праблемы са здароўем, кажа:

"На ніводным судзе не прагучала ніводнага слова пра стан здароўя гэтых людзей, нічога абсалютна! Я разумею, што па законе, верагодна, ёсьць нейкія паслабленьні. А калі яны прагучаць — трэба будзе штосьці рабіць. Таму лепш пра гэта маўчаць...".

29 ліпеня Зьмітра Буланава этапуюць з Валадаркі ў Магілёўскую калёнію:

"Я ведаю, што і там несалодка, Дзіма рыхтуецца. Чакаць, што там санаторый, вядома, наіўна. Стан здароўя, так бы мовіць, пераменлівы: горла то баліць, то не. Я лекі перадала, ён глушыць хваробу. А цяпер запалілася вока: ці то там блефарыт, ці то каньюнктывіт. Сёньня папрасіла, каб яго агледзеў лекар".

Маці Алега Гнедчыка, які адбывае пакараньне ў Шклове, вельмі ўстрывожаная зьвесткамі пра інфармацыйную блякаду і сёньня ўначы едзе ў калёнію:

"Лістоў ад сына няма, але ўчора мне патэлефанавалі адтуль, званіў хлопец, які сядзіць разам з Алегам, і сказаў, што ад мяне ліст ён атрымаў. Тэлефанаваць яму таксама нельга. Чамусьці ягоныя сукамэрнікі мне могуць тэлефанаваць, а мой сын ня можа... Зь якой прычыны? Нават газэты перасталі да іх даходзіць. Дык я бяру копіі ўсіх квіткоў, каб тыцнуць пад нос у калёніі, што газэты выпісаны, чаму яны не даюць дзецям газэты? Цалкам адрэзалі іх ад вестак з волі. Я зьяжджаю сёньня а палове на чацьвёртую ночы ў Шклоў і буду сама пра ўсё даведвацца".

Зьміцер Дашкевіч 26 ліпеня выйшаў з карцэру, а назаўтра апынуўся там зноў. Ягоная нявеста Наста Палажанка свайго каханага цалкам падтрымлівае:

"Яму прапанавалі працу, ён адмовіўся ад яе, як адмовіўся падпісваць любыя паперы. Я разумею па-чалавечы Зьмітра: невінаваты чалавек ужо двойчы адбыў пакараньне ў штрафным ізалятары, і, безумоўна, ён ня хоча ісьці ні на якія размовы з гэтымі людзьмі, ні на працу — а навошта? Горш ужо ня будзе".

А зьняволенага Руслана Ладнова, які патэлефанаваў Паўлу Севярынцу з таксафона і паведаміў пра накіраваньне Дашкевіча ў ШЫЗА, таксама кінулі на два тыдні ў карцэр.

Пасьля карцэру Руслана пазбавяць права атрымліваць перадачы і накіруюць у найгоршы, як лічыцца ў Горках, атрад № 13 — у ім вязьням забаронена свабодна хадзіць па зоне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG