Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі адменены льготныя цэны на паліва для калгасаў і саўгасаў


Міністэрства эканомікі Беларусі сваімі пастановамі №№ 105 і 107 адмяніла раней дзеючыя ў краіне адміністрацыйныя меры, што абавязвалі вытворцаў аўтамабільнага паліва пастаўляць сельгасарганізацыям па льготных цэнах.

Раней у Беларусі прадпрыемствы АПК карысталіся льготамі пры набыцьці аўтамабільнага паліва і гаруча-змазачных матэрыялаў і былі аднесены да сьпісу прыярытэтных спажыўцоў.

У той жа час і ва ўрадзе, і ў канцэрне "Белнафтахім", а таксама ў кіраўніцтве беларускіх НПЗ неаднаразова адзначалі, што такія льготы, а таксама сацыяльна адаптаваныя цэны на нафтапрадукты пры рэалізацыі на ўнутраным рынку робяць глыбока стратнай беларускую нафтаперапрацоўку. Між тым, гэтая галіна зьяўляецца структураўтваральнай ў беларускай эканоміцы.

Канцэрн "Белнафтахім" 21 ліпеня 2011 году чарговы раз узьняў цэны на нафтапрадукты – у сярэднім на 3%. Пры гэтым у новых дакумэнтах аб цэнаўтварэньні на паліва сельгасарганізацыі не прадстаўлены асобнай пазыцыяй, як гэта было раней.

Новымі пастановамі адмяняецца пастанова Мінэканомікі №111 ад 29 траўня 2000 году, у адпаведнасьці зь якой максымальна магчымыя фіксаваныя цэны на нафтапрадукты, вырабленыя са здабыванай ў Беларусі нафты, не павінны перавышаць свабодныя цэны канцэрну "Белнафтахім" на аналягічныя нафтапрадукты з імпартнай нафты. Па дызпаліве і аўтабэнзіне марак А-76, Нармаль-80 і АІ-92 льготныя цэны павінны былі складаць ня больш за 85% ад коштаў канцэрну, па мазуце - ня больш за 90%.

Акрамя таго, пастановамі Міністэрства эканомікі адменена абмежаваньне па велічыні гандлёвай надбаўкі памерам 7% пры аптовай рэалізацыі нафтапрадуктаў спажыўцам, аднесеных да ліку прыярытэтных, і 2% – пры рэалізацыі ўраздроб.

Таксама поўнасьцю адменены максымальныя гандлёвыя надбаўкі, якія складаюць 3,5% –6%, якія дзейнічалі пры рэалізацыі дызэльнага паліва сельгаспрадпрыемствам і іншым арганізацыям, якія пастаўлялі аўтамабільнае паліва прадпрыемствам АПК краіны. Такія гранічныя гандлёвыя надбаўкі былі усталяваныя раней пастановай Мінэканомікі №281 ад 20 сьнежня 2002 году. Цяпер гэтая пастанова адменена.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG