Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лужкі з Джонам Кунстадтэрам


На пачатку ліпеня ваш пакорны слуга ў вельмі цікавай кампаніі ехаў у мястэчка Лужкі, што пад Глыбокім. Кампанія складалася з навукоўцаў Антона Астаповіча, Алеся Астравуха і былога дыплямата Джона Кунстадтэра.

Джон Кунстадтэр, Алесь Астравух, Антон Астаповіч (зьлева направа).

Спадар Джон, прыгожы сівы англасакс, падобны да амэрыканскага рэзыдэнта з савецкіх шпіёнскіх фільмаў. Ён працаваў намесьнікам пасла гадоў дзесяць назад. І так палюбіў нашу краіну, што бывае тут ледзь ня кожны месяц. Вандруючы па ўсёй Беларусі і фатаграфуючы яе людзей і краявіды на стужкавы фотаапарат. Дарэчы, беларускую мову і гісторыю ён ведае значна лепш, чым многія грамадзяне РБ. Ягонымі здымкамі аздобленыя дзьве кнігі Рыгора Барадуліна. А выставы стала адбываюцца і ў Беларусі, і ў штаб-кватэры ААН.


Джон Кунстадтэр

— А што цягне сюды?


— Краявіды вашы вельмі прыгожыя, вельмі прывабныя. Людзі. Я бываю ў вёсках. Асабліва на Палесьсі. Мяне цягне сьціпласьць і руплівасьць звычайнага беларуса. І таксама, як фатографа, — адметнае беларускае асьвятленьне. Я ня маю сувязяў з чынавенствам. Не хачу іх турбаваць, і яны відавочна не цікавяцца мной. Дзякуй Богу.


Першы прыпынак мы зрабілі ў Параф’янаве. Дзе Антон Астаповіч забаўляў госьця старымі беларускімі показкамі.


— Я сто разоў бываў у Параф’янаве і заўсёды цягне фатаграфаваць. Вось паглядзіце — нават у часы нямецка-фашысцкай акупацыі піянэры-цімураўцы пазначалі зоркамі дамы падпольшчыкаў, камуністаў і партызан.


У вас, Джон, няма адчуваньня, што тут край поўнай безнадзёгі?


— Не. Нават на працягу дзесяці гадоў адчуваю, што надзея ёсьць.


А ў чым вы бачыце гэтую надзею?


Звычайны беларус — надзвычайны. Ён перадае свае традыцыі дзецям і ўнукам. Традыцыі жывыя, і мова чым далей, тым больш выкарыстоўваецца.

— У людзях. Звычайны беларус — надзвычайны. Ён перадае свае традыцыі дзецям і ўнукам. Традыцыі жывыя, і мова чым далей, тым больш выкарыстоўваецца. Беларуская нацыя ёсьць. Нават іншаплянэтная істота, як я, бачыць, што існуе нацыя.


У вас здараюцца выпадкі, калі дзівяцца вашай мове?


— Дзесяць гадоў таму зьдзіўляліся. Зараз ужо ўспрымаюць як нешта натуральнае. Гэта выдатны знак.


Між тым нашы навукоўцы зацікавіліся старым будынкам каля чыгункі. Адкуль выйшла гаваркая старая.


— Гэта не чыгуначны будынак, гэта жыдоўскі дом быў.


Жыдоўскі дом?


І там паграбы глыбокія. Невядома, колькі там глыбіні. Раз кінула бутэльку — і не пачула гуку, куды яна звалілася.


— А раптам там куча золата ляжыць?


Ня трэба мне тое золата. Ад золата ніколі ня будзе шчасьця. Будзе толькі лішняя варожасьць.


Вось табе і крызіс. Сапраўднай беларусцы нават золата ня трэба.


Падарожжы Свабоды


У вёсцы Яцыны мы спыніліся, каб сфатаграфаваць некалькіх бабуль, апошніх жыхарак паселішча, якія сядзелі пад старым драўляным крыжам.



— Тут была вёска — 45 двароў. А цяпер толькі восем.


— Толькі 14 чалавек.


А чым жывяцё?


— Аўталаўкай.


А там цікава, відаць? Кожны раз сюрпрызы.


— Каўбасу прывозяць сьвежанькую. Што не бяруць у горадзе ўжо.


— Што і кот ня хоча есьці. Кот панюхае і адойдзецца.


А цэны на каўбасу?


— Лепей не пытайцеся.


Кожны раз усё новенькія.


— Кожны раз усё растуць і растуць. Каб у Лукашэнкі гэтак ціск скакаў, як цэны ён нам падымае.


Падарожжы Свабоды


Мястэчка Лужкі — унікальнае паселішча. Савецкая ўлада вельмі мала пакінула тут сьлядоў. І стары касьцёл абкружаны старымі драўлянымі хатамі. Лускі старажыл, краязнаўца Эдмунд Гірын — той рэдкі чалавек, які рупіцца, каб ніводная гістарычная дэталь не была забытая.


— Хутка будзе 500 год Лужкам, у 2014-м годзе. Я сабраў… Тут 43 аб’екты, якія значныя ня толькі для Беларусі, але і для ўсяго сьвету. Вось на гэтай вуліцы Германаўскай нарадзіўся Бэн Егуда — Лазар Пілерман. Які адрадзіў іўрыт у Ізраілі. Дык я прапаноўваю зрабіць адзін маршрут. Па Бэн Егуду. У Полацку я зьвярнуўся ў габрэйскую абшчыну. Ніхто ня хоча.


А чаму?


— Мы ведаем месца, дзе ён нарадзіўся. Ведаем, дзе была школа насупраць сынагогі. А зьверху кажуць пра надоі малака. Пра сельскую гаспадарку. А вось гэтыя пытаньні…


Яны для жыцьця няважныя.


— Няважныя.


Вось гэта галоўнае, Джон, што я ў беларусах ненавіджу… Страўнікам жывуць.


— Спадар Зьміцер, калі б гэта была праўда, тады б не існавала слова «руплівасьць». «Рупнасьць», «руплівы» — існуюць. Таму што адлюстроўваюць рэчаіснасьць. Ёсьць шмат беларусаў, якія рупліва, ціха, ветла працуюць на штосьці высокае, на штосьці велічэйшае, чым яны самі.


— Я кожны аб’ект разглядаю — упершыню ў сьвеце, упершыню ў Беларусі і ўпершыню ў дадзенай мясцовасьці. Вось возьмем электрыфікацыю. У Беларусі Добруская — першая. А потым электрастанцыя ў нас, у Гарадцы пабудаваная ў 1901-м годзе. А ў Полацку — у 1910-м. У Полацку сядзелі пры газоўках, а тут ужо сьвятло было.


Міколу Конану — 82 гады. Ледзь не палову жыцьця ён правёў у Нарыльску і ў Комі. Спачатку вязьнем ГУЛагу, а пасьля, калі было немагчыма знайсьці працу на радзіме, працаваў на шахтах. Спадар Конан быў сябрам Саюзу беларускіх патрыётаў. Друкаваў тэкст прысягі гэтай паваеннай глыбоцкай моладзевай арганізацыі. За гэта ў 1948-м атрымаў 10 гадоў.



— Вы пачуваліся героямі?


Не. Нічога там геройскага не было. І мэта была, каб свабодна гаварыць на сваёй мове. Вось і ўсё. Ніякіх палітычных там не было пытаньняў.


— Няўжо пасьля вайны гэта было праблемай?


Ведаеце што? Цяпер народ езьдзіць па ўсім сьвеце. За граніцу і куды хоча. Тады ўсе сядзелі на месцы. Нікуды ня езьдзілі. У вёсках ведалі адзін аднаго. І як зьявіліся рускія, адразу заўважна стала, што мы ня так гаворым. Многіх слоў мы не разумелі. І спачатку дзікавата было, а потым сталі прывыкаць, прывыкаць, а потым зусім прывыклі. Цяпер ужо ўсё. Мова пайшла на спад. Ніхто не гаворыць. І нікуды ня дзенесься. Таму што ёсьць закон газона. Будуюць дом і сеюць газон. І на газоне ня робяць дарожкі. Народ сам пракладае, дзе яму лягчэй. Так і тут павялося. Ва ўстановах больш на рускай гаварылі. І вось так сталі насаджаць, насаджаць, дзеці прывыклі. І цяпер ужо гэта дзікім не здаецца. Вось такая праблема была. А цяпер праблема ёсьць, але ніхто яе, мусіць, ня зможа рашыць. Са мной разам судзілі Савіка, ён ужо памёр. А нас узялі, я ўжо настаўнікам працаваў. У Залесьсі. Думаў, можа, абыдзецца. Не абышлося. Дзесяць гадоў. Здрада радзіме. Вось так і жылі. Баяліся гэтых. Баяліся немцаў. Саветы прыйшлі. Ужо ў генах зарадзіўся страх.


— Няма закону газона, калі сьцежка на газоне пазначаная лягернымі вышкамі.


Людзі шукаюць, дзе лягчэй. Цяпер баяцца — я ня ведаю, чаго баяцца. Сьмерці толькі? Дык яна і так, і так прыйдзе. І ўсё роўна баяцца.



Калі мы выйшлі на вуліцу, дык, як добры знак, убачылі і пачулі групу маладых пілігрымаў, што ішлі зь песьнямі на Будслаў. Сьпявалі і размаўлялі маладыя людзі па-беларуску. Джон дастаў сваю «Лейку». Каб стварыць чарговы кадар у сваім доўгім падарожжы па Беларусі. Не апошняй дыктатуры Эўропы, а адной з найцікавейшых краін сьвету…


Падарожжы Свабоды

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG