Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацсеткі ня грузяцца, як толькі загружаецца міліцыя


Як працавалі напярэдадні і падчас акцыі сацыяльныя сеткі, ці перашкодзіла пратэстоўцам тое, што ўлады заблякавалі доступ да сеткі "Вконтакте", а на самых актыўных "хэш-тэгах" зьявілася вялікая хваля спаму?

Чыніць перашкоды ўлады пачалі яшчэ да пачатку акцыі. Каля 16-й гадзіны па ўсёй Беларусі быў заблякаваны доступ да самай папулярнай расейскай сацыяльнай сеткі "Вконтакте", дзе і разьмешчаная група "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку". Пра тое, як гэта паўплывала на хаду акцыі, разважае адміністратар групы "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" Вячаслаў Дзіянаў:

"Вконтакте" заблякавалі тэхнічна на "Белтэлекаме". Але, разумееце, яны закрылі сацыяльныя сеткі за 3 гадзіны перад пачаткам акцыі. Калі б яны закрылі сацыяльныя сеткі за 3 дні да акцыі, гэта неяк магло б паўплываць. А так — уся інфармацыя, па сутнасьці, ужо была распаўсюджаная, таму гэта ніяк не паўплывала на акцыю".

За сацыяльнымі сеткамі падчас і ўчорашняй, і мінулых акцыяў уважліва сачыла аглядальніца інтэрнэт-рэсурсаў "Начной Свабоды" Юлія Марчанка, якая можа параўнаць актыўнасьць карыстальнікаў твітэру, жывога журналу, "Вконтакте":

"Варта адзначыць, што актыўнасьць у твітэры была крыху, а можа, і значна слабейшая за папярэднюю акцыю. Гэта адчувалася і на колькасьці, і на частотнасьці паведамленьняў, прыкладам, з абласных і раённых гарадоў. Але, тым ня менш, людзі актыўна зьмяшчалі, "посьцілі" інфармацыю пра тое, што адбываецца на іх вачах, а таксама зьмяшчалі фотаздымкі".

Актыўнасьць зьменшылася з боку ўдзельнікаў акцыі, але яна ня зьменшылася з боку тых, хто правядзеньню акцыі, асьвятленьню яе ў інтэрнэце перашкаджаў.

Дарэчы, адкрыць заблякаваны рэсурс "Вконтакте" можна было праз ананімайзэры. Але празь нейкі час зьявіліся і так званыя махлярскія рэсурсы, кшталту cameleo.ru і daidostup.ru. Паводле інфармацыі аўтараў сайту, гэта бясплатныя ананімайзэры, якія дазваляюць атрымаць доступ да сацыяльных сетак. Насамрэч гэтыя сайты вядуць на фальшывыя старонкі, а скрыпты крадуць паролі карыстальнікаў.

Але ў карыстальнікаў твітэру, ЖЖ спрацавала пачуцьцё салідарнасьці, і яны давалі парады "кантактнікам", сьцьвярджае аглядальніца інтэрнэт-рэсурсаў "Начной Свабоды" Юлія Марчанка:

"Карыстальнікі твітэру таксама прыходзілі адзін аднаму на дапамогу і паведамлялі, якім чынам можна чытаць "Вконтакте": і празь міні-Опэру, і праз ананімайзэры, і іншымі шляхамі".

Накрыла сацыяльныя сеткі і даволі магутная хваля спаму, кажа Юлія Марчанка:

"Прыкладна а палове на восьмую вечара на ўсіх самых актыўных "хэш-тэгах", якімі карыстаюцца ўдзельнікі акцыі, назіралася вялікая хваля спаму, якая скончылася толькі а палове на дзявятую. Але карыстальнікі твітэру знаходзілі шляхі, як абысьці гэтую спам-хвалю, як абысьці ўвесь гэты бруд і чытаць навіны зь месца падзеяў ужо бяз гэтага спаму".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG