Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Пратасевіч: «Дзеяньні ўлады Лукашэнкі мяжуюць з абсурдам і паранояй»


Яцэк Пратасевіч
Яцэк Пратасевіч
Сёньня ў Брусэлі на супольным пасяджэньні камітэтаў Эўразьвязу па міжнародных пытаньнях і па пытаньнях правоў чалавека ішла гаворка аб сытуацыі ў Беларусі.

Сярод ідэяў, якія гучалі ў часе абмеркаваньня: больш супрацоўнічаць у беларускім пытаньні з Расеяй і Украінай; мацней ціснуць на Лукашэнку; браць “шэфства” над палітвязьнямі.

У час, калі Эўропа захоплена падзеямі ў арабскім сьвеце, дзе, так бы мовіць, ляцяць галовы дыктатараў, у яе проста пад носам, у суседняй Беларусі, дзяржавай запраўляе паліцэйска-рэпрэсіўны рэжым, кажа францускі прафэсар права і дасьледчык сытуацыі ў Беларусі пры АБСЭ Эмануэль Дэко:

«Відавочна, што нельга дапусьціць, каб «арабская вясна» перайшла ў «эўрапейскую зіму». Пры гэтым цяперашні крызіс тычыцца ня толькі Беларусі або яе вялікіх суседзяў. Ён ставіць пад сумнеў прынцыпы і абавязаньні, якія складаюць сарцавіну нашай Эўропы».

Эмануэль Дэко лічыць, што адзіным выйсьцем для Беларусі, якая ўсё больш спаўзае ў бок аўтарытарызму, можа быць карэнная рэформа. Будучыня дзяржавы - у разьмеркаваньні ўлады, павазе да правоў чалавека і незалежнай і справядлівай судовай сыстэме, - перакананы спадар Дэко. Дарэчы, гэты францускі экспэрт знаходзіцца ў «чорным сьпісе» Лукашэнкі: нядаўна яму адмовілі ў выдачы візы для ўезду на тэрыторыю Беларусі.

Яшчэ адразу пасьля выбараў 19 сьнежня прадстаўнікі ўлады разгарнулі вялікую кампанію рэпрэсій у дачыненьні да апазыцыі, праваабаронцаў і незалежнай прэсы. Перасьлед працягваецца і цяпер, але рэжым з-за міжнароднай ізаляцыі, санкцыяў і эканамічнага крызісу натыкаецца на ўсе большыя цяжкасьці, - заўважае запрошаны ў Брусэль Алесь Бяляцкі, старшыня беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна»:

«Уладзе ўдаецца ня ўсё. Ёй не спрыяе і эканамічная сытуацыя, што вельмі актыўна разьвіваецца ў апошнія месяцы. У нас маштабны эканамічны крызіс, інфляцыя дасягнула 50 працэнтаў за апошнія тры месяцы. Таму цяпер улада апынаецца сам-насам не з палітычнымі актывістамі або праваабаронцамі, а з цэлымі сацыяльнымі пластамі беларускага грамадзтва ».

Алесь Бяляцкі перакананы, што актыўнасьць людзей ня будзе спадаць, а восеньню ў Беларусі пройдуць шырокія акцыі пратэсту. "Хоць і рэжым ня дрэмле, - кажа ён. - Толькі за апошні месяц затрымалі больш за 2 тысячы удзельнікаў маўклівых акцый пратэсту".

Эўрадэпутат Яцэк Пратасевіч бачыць у гэтых апошніх перасьледах і арыштах прыкметы псыхічных парушэньняў унутры беларускай улады:

«У Беларусі мы назіраем рух у процілеглы бок ад дэмакратычных стандартаў. Рэакцыя ўлады нават даходзіць да абсурду і параноі. Апошнім часам людзей арыштоўваюць толькі за тое, што яны ходзяць па вуліцах. Не крычаць, не пратэстуюць, ня носяць ніякіх лёзунгаў, а толькі ходзяць па публічных месцах. За гэта іх арыштоўваюць і саджаюць у турму на некалькі сутак».

Польскі парлямэнтар заклікае не аслабляць міжнароднага ціску на рэжым Лукашэнкі, таму што толькі гэта можа дапамагчы вызваленьню і рэабілітацыі каля сотні палітычных зьняволеных. Ён прыводзіць прыклад эфэктыўнасьці санкцый: нядаўняе вызваленьне журналіста «Газэты выборчай" Анджэя Пачобута, які прасіў дэпутата паведаміць усім, што яго «вызвалілі толькі дзякуючы ціску міжнароднай супольнасьці і пагрозе далейшага ўзмацненьня жорсткасьці санкцый супраць афіцыйнага Менску».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG