Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Разбураны дом Максіма Багдановіча


Максім Багдановіч нарадзіўся ў Траецкім прадмесьці сёньняшняй сталіцы. Раньняе дзяцінства правёў у Гародні. Затым зьехаў з бацькамі на Волгу. Але ёсьць адна мясьціна, якая, можа, як ніякая іншая паўплывала на жыцьцё і лёс гэтага чалавека. Вёска на маляўнічым беразе Сьвіслачы з прыгожай назвай Вязьзе. Куды маленькі Максім прыехаў улетку 1895-га году, трохгадовым, і дзе, напэўна, упершыню пачуў прыродную беларускую мову. Тут жыла родная сястра ягонай маці.

Прачытаўшы ў энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», што ў Вязьзі захаваўся дом, дзе ў дзяцінстве спыняўся паэт, я рвануў на Асіповіччыну. Якое ж было расчараваньне, калі шыльду, прысьвечаную паэту, я ўбачыў на звычайным школьным будынку з сылікатнай цэглы.


Былая настаўніца Валянціна Міхайлаўна жыве якраз насупраць таго месца, дзе стаяў сапраўдны дом. І дзе пасьля вайны была школа.

— Калісьці яшчэ Багдановіч сюды прыяжджаў. І быў у гэтым доме. Тут была школа. Пасьля стаў інтэрнат, дзеці жылі. А пасьля стаў непатрэбны нікому. Яго зьнесьлі.

— А што, ён быў у такім жахлівым стане, што яго трэба было зносіць?

— Ну, не такі моцна стары. Каб яго адрамантавалі, можна было б… А так нікому не патрэбны быў.

Размову падтрымаў муж старой Валянціны — Валянцін.

— Пасьля ваенныя прыехалі, разабралі, шыльду перанесьлі. Гэты будынак ні туды, ні сюды. Рашэньне было райвыканкаму. Ваенных падключылі і зьнесьлі. Усё ж вырашае райвыканкам. Тут яшчэ ліпы былі вялікія. Пазразалі.

— Ня проста хата была, а яшчэ абсаджаная?

— Тут былі тапаліныя прысады. Такія таполі здаравушчыя стаялі.

Мы прагуляліся з Валянцінам па Вязьзі. Там, дзе колісь, абсаджаная таполямі, стаяла старасьвецкая хата, цяпер ідзе новае будаўніцтва. Узводзіцца цагляны будынак лясьніцтва. Быццам старога замала. Адным словам, сьвятое месца ўжо не пустуе.

— Гэта вось на гэтым самым месцы стаяла Багдановічава хата.

— Ушчыльную да плоту.

— Каму ж яна замінала?

Я быў у Вязьзі 17-га ліпеня, калі Лукашэнка даваў чарговую прэс-канфэрэнцыю. З усіх вокнаў нёсься ягоны голас. Вельмі сымбалічна. Таму што Багдановічаў дом зьнесьлі ў год першага рэфэрэндуму. Мой спадарожнік вельмі жыва рэагаваў на знаёмы голас. Напрыканцы нават загаварыўшы вершамі.

— Зараз ён выступае многа. Пэнсію дабаўляе. Прабачце за выраз, на хер мне патрэбная твая пэнсія? Ты нам старыя цэны дай. У мяне пэнсія — 650. Атрымліваецца — дзесяць катушак рубэройду я магу купіць. У вёсцы ж дахі цякуць. Раней трубка каштавала два рублі. Дык выходзіць, што я пэнсіі атрымліваю 20 рублёў, як на тыя часы. Ну куды гэта варта? Я гаварыў і яшчэ раз скажу. І самому Лукашэнку далажу. К чортавай мацеры міністэрскую тую раць, каторая толькі знае зь людзей дзеньгі драць. Цэны аддай, што былі гэтай зімой. З такімі цэнамі мы згодны. А то закалупалі. Во як абдзіраюць мужыкоў, батракоў.

Стары Валянцін ніяк ня зьвязвае разбурэньне дому Багдановіча, самага каштоўнага, што было ў Вязьзі, зь сёньняшнім сваім жабрацкім станам. Але ж за ўсё трэба плаціць.

Вольга Аляксееўна Пілецкая нарадзілася ў далёкім 1922-м. Хоць на выгляд гэтай жвавай пані лёгка дасі 70, ня болей.

— Маці Багдановіча была сястра тут. Самога Багдановіча я ня чула ні разу, каб ён прыяжджаў сюды. А вось яна прыяжджала сюды, маці.

— А што гэта была за хата?

— Ай, такая была хата, амаль развалюха. Проста зь бярвеньня. Цяпер жа абшытыя. Тады не цікавіліся мы Багдановічам. Нават у школе ніколі, я зьдзіўляюся, хоць бы хто-небудзь зь літаратараў калі-небудзь што сказаў. Пра тое, што тут жыў Багдановіч. Тады ўсё сьмяяліся — ой, павесілі шыльду на такі дом. У такім доме жыў Багдановіч.
Тады ўсё сьмяяліся — ой, павесілі шыльду на такі дом.

— А чаму сьмяяліся?

— А таму, што дом быў абы-які. Неабшыты, дах стары. А Багдановіча ўсё ж вельмі паважалі. Гэта ж пісьменьнік! Вялікі чалавек! Павесілі, што сорамна ўсім, што ён жыў у такім доме.

— Чаму нікому не прыйшло ў галаву адрамантаваць? Толькі ні ў якім разе не чапаць?

— Зьнесьлі, і паміну няма ніякага. Я вам скажу. Хоць бы што-небудзь было ад яго. Ці адзеньне якое. Ці хоць бы кніга якая. Там жа не было нічога. Толькі сьцены, бёрны гэтыя. І ўсё.

— Сьцены — гэта ўжо нямала. Сьцены, якія яго памяталі.

— Разбурылі. Што ўжо тыя сьцены?

— І ніхто тады не пратэставаў зь мясцовых?

— Ніхто. Што вы? Знось. Рабі што хочаш.

— Зносяць тое, што…

— Што цэннае.

У вайну Вольга Пілецкая была партызанскай сувязной. І, як многія сапраўдныя партызанкі, не паклапацілася пра вэтэранскія ільготы.

— Пасьля нават сьмяялася. Партызанская сям’я! Ільготы там. Я думаю — якія ільготы? Мы ж абаранялі сваю краіну!

— У партызаны заганялі ці людзі самі ішлі на покліч сэрца?

— Па-ўсякаму. Былі нават партызаны, што ганьбілі імя.

— Гэта вы пра начныя набегі?

— Так. Гэта праўда. Былі сапраўдныя, добрыя партызаны. З салдат, якія адступалі. Гэта былі сапраўдныя партызаны. Яны адступалі, яны ваявалі, яны ведалі. А тыя, што ішлі нашы — па-ўсякаму.

У Вязьзі мне пашанцавала пазнаёміцца з сапраўдным вясковым дзіваком. Пра такіх з замілаваньнем пісаў Васілій Шукшын. 70-гадовы Якаў Ядлінскі зьбірае ровары. Не калекцыянуе, а менавіта прыдумляе. Я засьпеў былога калгаснага шафёра за працай над вэлямабілем.

— Цяпер вэлямабіль раблю. Гэта ровар на трох колах. Маторчык на далёкія адлегласьці. Калі замарыўся на маторы. Да восені ён ужо пойдзе на ход.

— Гэта чыстае хобі?

— Хобі, так. Мяне жонка кінула з-за гэтых заняткаў. «Ты карову не трымаеш, сьвіньні. А глупствам займаесься». Зматалася да дзяцей у Менск. Проста мы розныя людзі, розныя погляды.

— І куды ж вы паедзеце на гэтым вэлямабілі?

— Буду падарожнічаць па Беларусі. Будзе дах. Будзе багажнік. Буду з фотаапаратам ехаць. Заводжу маторчык, ад бэнзапілы будзе, і пакрываю адлегласьці. Глушу — і еду, фатаграфую. Такая мэта і мара.

Вязьзе — гэта курорт раённага маштабу. Сьвіслач тут, перагароджаная плацінай ГЭС, утварае надзвычай прыгожае, вялікае вадасховішча зь лясістымі берагамі.

Можна толькі ўяўляць, як бы зайграла гэтае месца, каб сюды дадаць музэй Багдановіча. Чаму ў нас, як правіла, нішчыцца самае каштоўнае? Пра гэта мне распавёў вязьзеўскі краязнаўца Станіслаў Лукашэвіч.

— Хацелі зрабіць музэй. А пасьля здарылася так, што наогул гэты дом разабралі. Ім трэба было зьнесьці, таму што калі яны не зьнясуць, ім трэба было б адрамантаваць гэты дом. Сродкі трэба. У гэтым вось, як у кроплі расы, для мяне паказаная ўся наша гісторыя. Перакруцяць. Героі там, а нягоднікі наверсе. Шыльду гэтую павесілі. Ну навошта хлусіце? Наогул бы ня вешалі. А ў іх жа якое разуменьне? Якая розьніца, ці тут быў дом? Павесьце, абы адчапіліся.

Cпадар Станіслаў напісаў у год зьнішчэньня паэтавага дому верш, прысьвечаны паэту.

Бог Беларусі даў цябе
З душою чыстаю, бязь ціны.
Твой сьпеў да сэрца дастае,
Як зь неба покліч жураўліны.

Бог Беларусі даў цябе
Як жыватворную крыніцу,
Зь якой струмень чароўны б’е,
І будзіць у душах ён зарніцу.

Фізычна мала ты пражыў,
Але ты стаў нам шляхам млечным
І нам вянок з пачуцьцяў зьвіў,
А зь ім народ наш будзе вечным.


Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG