Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Верш на Свабоду


Ніл Гілевіч


Новы век
Азарыў небасхіл.
“Чый ён будзе?” –
Прарокі гамоняць.
Будзе наш –
Калі выстарчыць сіл
У цябе,
Беларуская моладзь!

Значыць,
Трэба па долю ісьці
Зь цьвёрдай верай,
Што вёрсты ня змораць.
Дык ня страць,
Не ўступі,
Не ўпусьці
Гэты шанц,
Беларуская моладзь!

Хай за зданьню
Пачварыцца здань –
Сілу волата
Цені ня зломяць.
Час прабіў:
Уздыміся
І стань
У шыхты,
Беларуская моладзь!

Веру:
Выпаўзьні з чорнай начы
Дух твой вольны
На здраду ня змовяць.
Раздрузгоч,
Раскрышы
І зьмяці
Іх кубло,
Беларуская моладзь!

Помні:
Волю ў змаганьні бяруць,
А ня просяць,
Ня кленчаць,
Ня моляць.
Толькі ты
Зьберажэш Беларусь!
Толькі ты,
Беларуская моладзь!


Валянцін Тарас


Не забівай прэзыдэнта!
Ня варта.
Хай сам ён штодня памірае ад страху,
ад жаху,
якога зіркатая варта
ня можа спыніць ля ягонага гмаху.

Не забівай прэзыдэнта!
Ня трэба.
Хай сам памірае ад страху штоночы,
што ўсё-ткі і ён не вышэйшы за Неба,
што сочаць за ім ўсёвідушчыя вочы.

Навошта табе забіваць прэзыдэнта?
Страх ліхаманкава дасьць яму рады.
Страх –
гэта яго пажыцьцёвая рэнта,
адзіны ягоны набытак з улады.

…Цікае страху нябачная міна –
найлепшая кара за ўсе вераломствы.
У сьне, як вулькан, уздыхае краіна,
Поўніцца лавай народнае помсты.

Не забівай прэзыдэнта!


Сяргей Грахоўскі


Чытаю замову за родную мову,
За волю маёй беларускай зямлі.
Мы зьведалі зьдзекі, зьнявагі і змовы,
А вечную мову сваю зьбераглі.

Яна – і сумленьне, яна і апора,
Яна, як паходня, у дужых руках,
Як матчына слова, каб родная мова,
Каб воля і шчасьце сьвяцілі ў вяках.

Хто з матчынай мовы і з маці сьмяецца,
Той зьбіўся з дарогі і ў багне загруз.
Калі ж хоць адзін беларус застанецца,
Шчасьліваю будзе мая Беларусь!


Ніна Мацяш


Заручаная даўніною
з тутэйшым кутам, як і мы,
шчыруе ластаўка вясною,
адпрэчваючы ўціск зімы.
Шчыруе ластаўка ўсё й лета,
ці градабой ці сухавей,
дзеля гнязьдзечка,
дзеля дзетак,
як мы – дзеля сваіх дзяцей.
Каб перад зольлю непазьбежнай,
перад глухой навалай хмар
загартаваліся належна
моц крылаў,
дух,
любові дар.
І птушачцы малой вядома,
што нам сьвядома трэба знаць:
любоўю толькі можна стому,
жыцьцё і скон свой апраўдаць,
лучвом няздрадліва сьвятлістым
з абжытай родам стараной,
дзе восень сьпелым вольным лістам
кружляе ўжо і нада мной.
Ах, ластавачка…


Рыгор Барадулін


Свабода –
Слабо да –
йсьці
Па асьці,
Па жарсьцьве
Да мяжы тае,
Дзе душа даўгі аддае
Звышняму,
Які ў ёй жыве.

Свабода – гэта
Душа ў цямніцы цела,
Што сябе на волі прысьніць
Захацела сама.
Без пакуты
Свабоды няма…


Леанід Галубовіч


Пара ўжо схадзіць на рэнтген —
Нутро мне спустошылі будні...
Я — хлюпік, паўінтэлігент,
Пакутнік паскудны...

Я літарай часу жыву,
Як жабрамі, дыхаю словам...
Паэтам нібыта слыву,
На справе ж — ахоунікам схова:

Завешчаных продкамі слоў,
Іх вопыту, дзеяў, тварэньняў
Вытокаў, вызнаньняў, высноў,
Імёнаў, найменьняў...

...I вось, апусьцела нутро...
Якім яно выдзьмута ветрам?!
І ўжо не выводзіць пяро
Клясычны радок гекзаметрам...

Флейтыст флегматычнай тугі,
Матыль меланхольных масовак,
Звыкай да гугнявай чаргі,
Дзе волю даюць прымусова!

І усё ж паспрабуй адшукаць
Той схоў, што завешчаны родам,
Каб Бога і Сына і Маць
Вярнуць тым выродам.

Ды перш на сябе паглядзі —
Ці ёсць ты Гасподні?..
Пасьля ўжо — хадзі і будзі
Народ свой да сходні.

Калі ж ані выйдзе ніхто,
А толькі спэцрота —
Спустошана, значыць, нутро
Дарэшты у народа...

Тады ужо і сам памірай,
Як матчына мова.
Хрыпі, халадзей, праклінай,
А усе ж да канца прамауляй
Айчыннае слова!

Дасць Бог, яно ўглыб працячэ
І ў Космас пральецца...
I ў вечнасьці часу яшчэ
Нашчадку гукнецца...


Алесь Разанаў


Вы прыналежыце моцы, і перашкода для вас апора.
Цьвёрды ваш крок, пераможныя вашы ўчынкі,
і постаці вашы згодна ўрастаюць у сталь.
У рулі і ў жэрлы ўкладаецца перавага.
Ловяць люстэркі адлюстраваньні таго, што мае настаць.
На сьценах дымныя цені.
На бруку разьбітая чарапіца.
У небе сьпявае гром.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG