Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У Смалянах фэрмэр Васілёнак дае болей, чым тысячны СВК…»


У двухтысячныя Смаляны, што на мяжы Талачынскага ды Аршанскага раёнаў, я прыехаў найперш да фэрмэра Ўладзіміра Васілёнка. У 2009 годзе ён быў афіцыйна прызнаны «лепшым» на Віцебшчыне і ў краіне. Сустрэчы я чакаў зь лёгкім трымценьнем. Сытуацыю ў фэрмэрстве вывучаю ўжо колькі год і ўяўляў, наколькі гэта ўнікальна — у сёньняшніх эканамічных варунках, без аніякай дапамогі дзяржавы, цэлы год вырошчваць аж на 70 (!) га розную гародніну — у іншых гаспадароў гэтая лічба вагаецца ад 5 да 30. І — цалкам забясьпечваць зелянінай усю Аршаншчыну ды навакольле.

Сустрэцца дамовіліся пасьля абеду — у фэрмэра і нядзельным ранкам неадкладныя справы. Я ж вырашыў пакуль прайсьціся па Смалянах — год таму ў паселішчы ўзьнік аграгарадок. На аўтобусным прыпынку, убачыўшы мікрафон, да мяне сам падышоў 22-гадовы Арцём Статнікаў з «Моладзі БНФ». Невысокі, увішны хлапчына працуе на ільнокамбінаце, але на выходныя заўжды прыяжджае на малую радзіму.

Статнікаў: «Тут добра адпачыць — возера ёсьць смалянскае, лясы зь ягадамі. На гародах усё ёсьць…».

Карэспандэнт: «А якія ў Смалянах палітычныя настроі?».

Статнікаў: «Мая баба, маці галасавалі за Кастусёва. А для пажылых Лукашэнка — родны бацька…».

З-пад хусткі, стоячы за плотам, за намі назірала былая аграномша, 80-гадовая спадарыня Ніна Гіранькова. У адзінокай гаспадыні загарэлы, нібы высушаны на сонцы, твар і невялікая хатка ў рэльефнай яміне. Кажа, што ад людзей чула, што з аграгарадком нешта…

Гіранькова: «Зьмянілася! Жывёлаводам далі дамы. Дом каштуе 36 тысяч даляраў — за свае ніхто б не пабудаваў. Жылі б у хібарах, як я…».

Карэспандэнт: «Ну, 10 сямей атрымалі прэзыдэнцкія домікі. А астатнія што?».

Гіранькова: «А што мы атрымалі? Я 45 год прапрацавала! Я сваёй працай гэту хатку купіла. І падлогу, і печку, і ашалявалі самі. Цяпер іншы час — ім проста пашанцавала. Зарабляюць на фэрме і мільён, і болей. На дзяцей дзяржава дапамагае. А я гадавала адзінае дзіця — месяц да родаў, месяц пасьля — і на працу трэба выходзіць. А цяпер яны 3 гады ходзяць з калясачкамі, прыдурваюцца…».

На «камфортнае жыцьцё» сучасных маладых маці іншы погляд у 18-гадовай студэнткі мясцовага агракаледжу Надзеі Парошынай. Прыгажуня-маладзіца, да якой мы падышлі, трымала на руках 8-месячную Ксюшу. Надзя ў дэкрэце. Яна расказвае, што з-за «маладушша» хлопца, які адмовіўся жаніцца, ня мае спадзяваньняў на трывалую будучыню.

Парошына: «Я жыла з маладым чалавекам, мы не расьпісаныя — харчаваньня дзіцячага ніхто не дае, дапамога на дзіця — як маці-адзіночцы. Ён працуе ў прыватніка неафіцыйна. Магу патрабаваць алімэнты, але ён грошы дае…».

Спыняю зморанага ды здарожанага 58-гадовага спадара Віктара Качанава. 30 год адпрацаваў піларамшчыкам. З-за дрэнных умоў працы нарэшце звольніўся, але нічога лепшага наўзамен у Смалянах не знайшоў.

Качанаў: «Выходзілі капейкі — ня больш за 200 тысяч. У мяне жонка 3 інсульты перанесла. Працаваў з 8 да 15, 3 кілямэтры штодзень пехатой. А каму паскардзіцца? Мне 2 гады да пэнсіі. Падаў назад заяву — яны не прынялі, нанялі іншага…».

Падыходжу да сельсавету. Праз дарогу — двухпавярховы жылы дом, які ўражвае закалочанымі сям-там аканіцамі ды чарнатой на сьценах, як пасьля пажару. У кватэрах — як чуваць — жывуць людзі. Аказваецца — былы калгасны інтэрнат у аварыйным стане перадаюць смалянскім настаўнікам. Кажа выкладчыца працоўнага навучаньня Тацьцяна Сьнісарэнка:

«Прапанавалі рабіць рамонт кожнаму ў сваёй кватэры за свой кошт. Гэта калгасны дом, яны з намі заключылі дамовы на рамонт…».

Карэспандэнт: «А хіба не яны самі павінны рамантаваць — вы ж хаты не прыватызавалі?».

Сьнісарэнка: «Калгас павінен ня нам даваць жыльлё, а калгасьнікам. Райаддзел з жыльлём не дапамагае. Мы як арандуем: „будзеце рабіць — рабіце…“. Зь іншага боку, чым у інтэрнаце жыць у адным пакоі зь дзіцём — ня вельмі, калі кухня, даброты агульныя. Тут прыбіральня, ванная, водаправод — халодная вада, гарачую зрабілі самі. Газ павінны правесьці ў 2013-м…».

Тым часам пасьля ранішняй службы з адзінай дзейнай тут Спаса-Праабражэнскай царквы пачынаюць вяртацца вернікі. Я ж разгаварыўся з 37-гадовай прыбіральшчыцай у агракаледжы Жанай, што жыве ля храма ў хатцы з закалочаным дошкамі акном ды перакошаным плотам. Ізноў тое ж пытаньне.

Карэспандэнт: «З аграгарадком нічога не зьмянілася?».

Жана: «Для мяне — не. Заробак большы ня стаў, цэны меншыя — таксама. Індыка, кароўку трымаю. А малако наагул за капейкі — у крамах 3 тысячы, а ў нас і за тысячу не купляюць…».

Карэспандэнт: «А платы не прапаноўвалі паставіць? Вы ж каля царквы Спаса-Праабражэнскай…».

Жана: «Не. Ай, у дзярэўні выжывем…».

Дарэчы, на ўзвышшы ля царквы відаць руіны яшчэ двух храмаў, якія нават маюць статус «архітэктурна-гістарычных аб’ектаў пад аховай дзяржавы». Касьцёл Сьвятой Марыі ды Аляксееўскую царкву зачынілі ў 1930-х і перадалі калгасу «Новае жыцьцё». Прасторныя памяшканьні прыстасавалі пад склады, храмавае начыньне разрабавалі. У будынку былога дамініканскага кляштара зрабілі калгасныя майстэрні і гараж. Зараз храмы, сьцьвярджаюць адмыслоўцы, не падлягаюць рэстаўрацыі… Але мне ўжо паказваюць на 73-гадовага царкоўнага старэйшыну і аднаго са старэйшынаў вёскі, былога настаўніка гісторыі, спадара Мікалая Анікевіча. Па шляху суразмоўца хваліць сьвятара, айца Аляксандра, былога прадпрымальніка, які ўклаў свае напрацаваныя 30 тысяч даляраў у рамонт храма. Хутка, аднак, спадар Мікалай сам пераходзіць да таго, што ўва ўсіх на вуснах — да аграгарадка.

Анікевіч: «Гэта проста зьдзек! Як былі Смаляны брудныя, так і ёсьць. Лазьня была ля рэчкі — адны сьцены засталіся, у асноўным свае маюць. Прэзыдэнцкіх домікаў пабудавалі 18, яшчэ будуць будаваць. Імкнуцца туды, але радасьці мала. Сьцены зробленыя не зь бярвеньня, а з дошак. Ізаляцыя паміж імі ня ў кожным — прадзьмутыя, недаўгавечныя…».

Пасьля я завітаў у адзін з «прэзыдэнцкіх домікаў», дзе пазнаёміўся з маці двух дзетак, 25-гадовай Вольгай Мінчанкавай, у якой і запытаўся пра ўмовы існаваньня.

Мінчанкава: «Сьцены, столь клеілі самі. Узімку холадна — стаяць шчыты і ўсярэдзіне мінэральная вата — дзьме добра. Палім дрывамі — сёлета прычэпа хапіла за 250 тысяч, бо лес самі нарыхтоўвалі…».

Ізноў да размовы са спадаром Анікевічам.

Карэспандэнт: «Прайшоўся — шмат кінутых дамоў у Смалянах…».

Анікевіч: «У нас на вуліцы толькі які дзясятак жылых. А што вы думаеце — па аднаму чалавеку ў доме! А так уміраюць, разьехаліся. Каб было дзе працаваць! Раней за кілямэтар быў цагляны завод. Перадалі калгасу, ён яго закрыў, расьцягнулі. Цэгла трэба — а дзе зараз браць? У мэханізатараў заробкі невялікія — а ў гэтым годзе і на ўборцы меншыя будуць, бо заліла, пасевы рэдкія…».

* * *
У цэнтры, пасьля абеду, адчынілася невялікая, адзіная ў Смалянах, камэрцыйная крамка з гучнай назвай «Цэнтральная». За прылаўкам ужо 5 год — гасьцінная ды ўсьмешлівая гаспадыня, спадарыня Людміла Лаўрушкіна.

Карэспандэнт: «Вы сапраўды адчуваеце сябе „цэнтральнай“ па якасьці прадукцыі, колькасьці пакупнікоў?».

Лаўрушкіна: «Ну а як жа! Стаіць у цэнтры, прадукты атрымліваю, мінаючы базы — непасрэдна з заводаў-вытворцаў. І цэны ў мяне ніжэйшыя, бо надбаўкі раблю меншыя. У мяне кілбасы і 6, і 7 тысяч, а ў іх ад 14 і вышэй. Дазвол ёсьць на продаж піва. Але адмовілася, каб ня мець крымінальных праблем, бо асноўныя пакупнікі — непаўналетнія…».

Карэспандэнт: «Колькі ў сярэднім у дзень пакупнікоў?».

Лаўрушкіна: «Каля сотні…».

Карэспандэнт: «Не баіцеся крызы з валютай, беспрацоўем?».

Лаўрушкіна: «Ёсьць гаспадаркі ў людзей — сталы заробак, таму „Цэнтральная“ застанецца цэнтральнаю…».

Зрэшты, надышоў час і для асноўнай сустрэчы вандроўкі — з 42-гадовым, адзіным і, як тут кажуць, «непаўторным» фэрмэрам, спадаром Уладзімірам Васілёнкам. Да дзьвярэй у яго кватэру-кантору прабіраюся паміж трактарамі, камбайнамі, касілкамі ды капалкамі, шэрагамі выстаўленых на немалым падворку. Сустракае коратка стрыжаны, рухавы ды энэргічны гаспадар. Я зь нецярплівасьцю «вывальваю» стос пытаньняў ды тэм. Хутка «заводзіцца» і Ўладзімір.

Васілёнак: «На сёньняшні момант у раёне нідзе няма гародніны. У нас ёсьць усё — бульба, буракі, морква, капуста. Рынкі збыту — крамы і базы. У нас старая бульба захоўваецца да жніўня. Год без перабояў і на ўсе бальніцы Аршанскага раёну….».

Карэспандэнт: «Сталых рабочых колькі?».

Васілёнак: «10 чалавек. Першы час было „прыйдуць-сыдуць“, а цяпер назаўтра прыходзяць. Лепшай працы няма тут. У нас працы — на кожны дзень без выхадных. Крызіс у галовах (сьмяецца). У нас усё даведзена да максымуму атрыманьня прыбытку — толькі на стабілізацыйныя фонды Аршаншчыны закладаем 400 тон гародніны па дамове з гарвыканкамам…».

Карэспандэнт: «Вы мацней працуеце, чым ваш СВК „Смаляны“?».

Васілёнак (сьмяецца): «Капусту сёньня прадаю за 2800 кг, бульба — 2440, буракі — 1400, морква — 1800. Тэхніка ў нас новая — 5 трактароў купілі за свае грошы, ЗІЛы, камбайны, бульбакапалкі. Я і дырэктар, і бухгальтар, і інжынэр, і мэханік, і аграхімік — фэрмэр шматслойны чалавек…».

Карэспандэнт: «Працаваць, вядома, 25 гадзін у суткі даводзіцца?».

Васілёнак: «Ня трэба 25 гадзін! Мы працуем з 9 да 18, гадзіна абеду і выхадныя. Адладжаная вытворчасьць — кожны ведае, што яму рабіць. Я камандую. Галоўнае — разьмеркаваць працоўную сілу эфэктыўна…».

Карэспандэнт: «У вас агрэсіўна-плянавая гаспадарка…».

Васілёнак: «Вядома! Учора з кіроўцам едзем ад калегаў — во тут яны працуюць да абеду, пасьля працы няма, там іх адпускае. А мой кажа — мы ж кожны дзень бегаем, і ўсё хутчэй. Кажу — значыць, мы жывем і разьвіваемся!».

Карэспандэнт: «Валодзя, чым б’е фэрмэрская гаспадарка традыцыйныя калгасы, якія зараз называюцца ці то СВК, ці аграгарадкі?».

Васілёнак: «Нам нічога на халяву не даюць — ані паліва, ані крэдытаў. Далі адзін трактар па лізінгу, калі першае месца заняў па Віцебскай вобласьці. Таму што гэта сваё — і за гэтым будучае. У нас адносіны і складаюцца як у калектыве…».

Пасьля я пагутарыў зь цёзкам — 26-гадовым Віталём Цэбрыкавым, які 4 гады таму кінуў калгас дзеля працы ў фэрмэра.
У калгасе рабіў мэханізатарам, капейкі атрымліваў — 300 тысяч. Назад нікуды не пайду — за мільён маю.

Цэбрыкаў: «У калгасе рабіў мэханізатарам, капейкі атрымліваў — 300 тысяч. Назад нікуды не пайду — за мільён маю. Я ведаю, што мне рабіць…».

Карэспандэнт: «Даецца заданьне, а далей таксама сам сабе гаспадар?».

Цэбрыкаў: «Так-так! А там па любым крыку, званку — аўрал. А тут — не. Мне падабаецца…».

Ізноў да размовы з Уладзімірам Васілёнкам. Пытаюся ў яго, ці ўзяў бы на сабе ўвесь калгас?

Васілёнак: «Ня трэба ён мне! Усё павінна скласьціся — жаданьне, вопыт, тэхніка, склады. Тады трэба браць зямлю. Мы пачалі працаваць на 31 га. Нам стала цесна, для севазвароту сеем зерне, узялі яшчэ 35…».

Карэспандэнт: «У беларускім фэрмэрстве ёсьць дзьве тэндэнцыі. У вядомага Закрэўскага, які займаецца і зерневымі, і жывёлагадоўляй, пазыцыя такая — калі ў фэрмэра менш за 500 га, у будучыні ўсё роўна ня выжыве. Ёсьць спэцыялізаваныя гаспадаркі — хоць упершыню за гады сустракаю ў вас аж 70 га гародніны, звычайна ад 5 да 30…»

Васілёнак: «Што сказаць на гэтую тэму? Вялікая вытворчасьць горш кіруецца. А ўсюды трэба прысутнічаць, каб быў эфэкт добры. Зараз узбуйненьне калгасаў — дырэктар у раён зьехаў, гаспадаркай кіруе адзін аграном. Пераехаць з адной кропкі да іншай у яго фізычна не хапае часу. А камусьці трэба закамандаваць агрэгат адрэгуляваць, сеялку настроіць — яны і працуюць, як выходзіць. Што адбываецца? Сваволя!».

Карэспандэнт: «Чаму спэцыялізуецеся менавіта на гародніне?».

Васілёнак: «На зерневыя ў нас цэны заніжаныя. У 90-я людзі куплялі і тэхніку за зерне. Пасьля абвал цэнаў — і пачалі закрывацца. Узяць зерневыя, як вы кажаце, на 500 га, атрымаць з га па 3 тоны — 1500 тон. А з апрацоўкі 50 га гародніны атрымліваю 2000 тон прадукцыі на выхадзе. Тая ж зямля, але можна купіць тэхніку, плаціць людзям, плянаваць будучыню…».

Карэспандэнт: «А чаму калгасы не займаюцца гароднінай?».

Васілёнак: «Няма каму працаваць за такія грошы…».

Карэспандэнт: «А падаткі?».

Васілёнак: «Мы ў раёне плацім найбольш — у нас жа праходзіць больш за 600 млн. у год…».

Карэспандэнт: «Усё-ткі думаеце пашырацца?».

Васілёнак: «У нас у краіне ўсе гоняць кудысьці кагосьці за кімсьці і чамусьці. Для чаго? Зараз вырабіць прадукцыю мала. Людзі хочуць бачыць гародніну кожны дзень сьвежай і ў добрым выглядзе. Таму трэба вырасьціць, захаваць і паставіць у часы, калі яе няма. Во капуста 7–9 тысяч, а ў мяне па 3 рублі!» (сьмяецца).

Карэспандэнт: «І са Смалянаў вы ўжо ня сыдзеце — трывала ўкараніліся?».

Васілёнак: «А я ніколі і не зьбіраўся адсюль зьяжджаць. У мяне ёсьць магчымасьць купіць кватэру ў Менску і адпачываць. Але я не гарадзкі жыхар. У мяне тут сажалка свая, карасікі, альтаначка — свае Смаляны…» (сьмяецца).
Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG