Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Вус адмовіўся «стаць на шлях выпраўленьня»


Дзьмітрый Вус
Дзьмітрый Вус
З былым кандыдатам на прэзыдэнта Дзьмітрыем Вусам у магілёўскай калёніі № 19 сустрэлася жонка Яўгенія. «Схуднеў болей як на 20 кіляграмаў, але бадзёры і кажа, што ні ў якім разе не падпіша ліста Лукашэнку аб памілаваньні».

Яўгенія Вус, жонка Дзьмітрыя Вуса, сустрэлася зь ім у Магілёўскай калёніі, дзе экс-кандыдата на прэзыдэнта трымаюць ужо болей як два тыдні. Толькі дзьве гадзіны размовы, але шмат інфармацыі. Пра мужа, пра яго стаўленьне да свайго становішча, пра парадкі ў калёніі і ўвогуле сытуацыю ў краіне.

«Пастрыглі яго. Але не зусім, крыху валасоў засталося. Трымаецца малайцом. Сказаў, давалі падпісаць паперу, што віну сваю прызнае і абяцае стаць на шлях выпраўленьня, але ён адмовіўся. Яму пагражалі карцэрам. Ён сказаў, што можаце куды заўгодна саджаць, але нічога падпісваць ня буду. Дык яму сказалі, што да касацыі чапаць ня будуць, але, маўляў, раней ці пазьней ён канчаткова трапіць у іхныя рукі і тады яны вернуцца да гэтай размовы».

Яўгенія Вус пераказала мужу словы Аляксандра Лукашэнкі, які днямі заявіў адносна магчымага вызваленьня палітвязьняў, што калі да яго зьвернуцца пісьмова з просьбай аб памілаваньні, ён мог бы гэтыя просьбы разгледзець. «Для сябе такую магчымасьць Дзьмітры рашуча адхіліў», — кажа жанчына.
Кажа, што лепш тут адседзіць гэтыя 5 з паловай гадоў, чым будзе перад ім прыніжацца і прасіць.

«Я Дзіму сказала, дык ён адказаў, што ні за што ў жыцьці гэтага ня зробіць. Кажа, што лепш тут адседзіць гэтыя 5 з паловай гадоў, чым будзе перад ім прыніжацца і прасіць. Гэта ж фактычна азначае прызнаць сябе вінаватым у тым, чаго не рабіў. Не, сказаў, ніколі на гэта ня пойдзе».

Паводле Яўгеніі Вус яе муж перакананы, што ўвесь тэрмін яму ўсё роўна не давядзецца адседжваць, бо «ўладу прыцісьне эканамічная сытуацыя». Сярод вязьняў, якія сядзяць разам зь Дзьмітрыем Вусам, шмат бізнэсоўцаў, у тым ліку дастаткова вядомых. Большасьць падтрымлівае ягоныя меркаваньні і прагнозы адносна канца гэтага рэжыму. «Розум пераможа маразм», — паўтарыла Яўгенія словы мужа. Дзьмітры Вус мяркуе, што шмат вязьняў-бізнэсоўцаў сядзяць у калёніі паводле сфальшаваных абвінавачаньняў.

Паводле зьвестак Дзьмітрыя Вуса, акрамя яго ў Магілёўскай калёніі № 19 ёсьць яшчэ палітычныя вязьні — іх спальныя месцы — з чырвонымі пазнакамі. У той час як месцы іншых вязьняў — зь белымі. Дзьмітры Вус носіць цёмную турэмную робу з нумарам, цёмныя нагавіцы, кепку. Нават бялізна ў вязьня мусіць быць чорная. Кашулю, калі яна ня мае адмысловай турэмнай адзнакі, апранаць нельга.

За 3 тыдні знаходжаньня ў ізалятары на Валадарскага Дзьмітры Вус значна схуднеў, бо ежа там была вельмі кепская. Але аказалася, што і ў калёніі харчаваньне ня лепшае. У выніку ў вязьня абвастрыліся праблемы са здароўем.

«Кормяць вельмі дрэнна. У яго да таго ж праблемы з насавымі перагародкамі, трэба іх прачышчаць увесь час. Я спрабавала перадаваць адмысловае прыстасаваньне, дык не бяруць. Вітаміны таксама не бяруць. А ежа вельмі дрэнная. Кажа, што цяпер, калі ўжо прызвычаіўся да смаку, больш-менш, але вельмі цяжка прызвычаіцца. З-за гэтага вельмі схуднеў, асунуўся, твар худы. Раней важыў каля 130 кіляграмаў, цяпер 104. І гэта яшчэ не канчаткова».

Уражаньні Яўгеніі Вус ад наведаньня калёніі № 19, дзе трымаюць яе мужа, супярэчлівыя. Жанчына адзначае чысьціню у турэмных калідорах і пакоях, добраўпарадкаванасьць тэрыторыі і карэктныя паводзіны супрацоўнікаў адміністрацыі. Але тое, як яны ставяцца да наведнікаў і да вязьняў, можа прынцыпова адрозьнівацца, мяркуе Яўгенія Вус.

«Там усё, як падаецца, дагледжана добра, але гэта звонку. А што там унутры, я ж ня бачыла. Там пастоў гэтых цэлая куча. Толькі каб прайсьці у пакой спатканьняў, праводзілі, здаецца, праз 4 ці 5 дзьвярэй мэталічных на замках».

Яўгенія Вус з дапамогай мужа высьветліла, што ягоныя лісты да яе ідуць вельмі марудна. Жонка палітвязьня кажа пра вельмі строгае цэнзураваньне карэспандэнцыі ў магілёўскай калёніі.

Калі будзе разгледжаная касацыйная скарга Дзьмітрыя Вуса, дагэтуль не вядома.
Уначы на 24 чэрвеня з Жодзінскага ізалятара перавялі ў калёнію ў Горках лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча. Раней бацька актывіста інвалід 2 групы Вячаслаў Дашкевіч прасіў кіраўніцтва Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў накіраваць сына ў калёнію бліжэй да Старых Дарог, дзё ён жыве, каб было лягчэй наведваць Зьмітра. Але галоўнае турэмнае начальства краіны гэтай просьбы не ўлічыла.

Ад Старых Дарог да Горак амаль 300 кілямэтраў і няма бесьперасадачных маршрутаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG