Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў і Незалежнасьць


19 чэрвеня – дзень народзінаў Васіля Быкава, народнага пісьменьніка, які адыграў ключавую ролю ў нацыянальным Адраджэньні і дасягненьні незалежнасьці Беларусі.

Калісьці Рыгор Барадулін ўзяў з мяне слова, што напішу пра Быкава кнігу – пра ўсё тое, чаму быў сьведкам і ўдзельнікам у Менску і ў Празе. Некалькі разоў браўся, але адкладаў. Вельмі цяжка пісаць пра Быкава нешта асабістае, бо да гэтага не сьціхае боль страты, пранесенай усімі намі 22 чэрвеня 2003 году.

Сёньня – пра ролю Быкава ў здабыцьці беларускай Незалежнасьці.

Менавіта Незалежнасьць беларускай дзяржавы Быкаў лічыў галоўным для нацыі, -- і гэтую ўпэўненасьць ня страціў і ў апошнія гады свайго жыцьця. У пацьвярджэньне – некалькі цытатаў. “Падпісаньне саюзнай дамовы -- гэта ўвогуле злачынства стагодзьдзя, гэта, безумоўна, генацыд беларускай нацыі “ (сьнежань 1999). “Свабоды без Незалежнасьці альбо Незалежнасьці без свабоды – не бывае” (сьнежань 2000). “Толькі пры свабодзе і Незалежнасьці магчымы працяг беларускай гісторыі” (люты 2001 ). “Калі б Беларусь была незалежная, няхай бы яна была бедная, неразьвітая, адсталая -- усё астатняе прыклалася б” (чэрвень 2002 ).

Мне падумалася, што куды больш цікавымі будуць не ўласныя разважаньні, а – словы самога Васіля Ўладзімеравіча, таму прыводжу шмат цытатаў. Зрэшты, большасьць гэтых быкаўкіх выказваньняў невядомыя сучаснаму маладому пакаленьню – бо прагучалі ў “даінтэрнэтаўскую” эпоху. Публіцыстыку ж Быкава ў Беларусі афіцыйныя выдавецтвы не друкуюць. І пра ягоную грамадзянскую, палітычную пазыцыю – ні слова ў манаграфіях, некаторыя зь якіх налічваюць сотні старонак.

Да моманту, калі Пазьняк адкрыў Курапаты і вырашыў ствараць Народны Фронт, Быкаў меў усе магчымыя для савецкага пісьменьніка рэгаліі – і сусьветную вядомасьць маштабу, якога ня меў наводны беларускі пісьменьнік. Ён мог бы спакойна абмежавацца літаратурай, -- але аддаў свой час і свой аўтарытэт справе, у посьпех якой тады мала каму верылася – нацыянальнаму Адраджэньню і дасягненьню Незалежнасьці. Ён сьвядома падставіў сябе пад удары камуністычнай прапагандысцкай машыны – прычым удары значна больш моцныя і цынічныя, чым у 1960-ыя гады, калі Быкава цкавалі за ягоныя творы.

Кнігі камуністычныя правадыры яшчэ маглі цярпець; выступы супраць іхняй манаполію на ўладу - ніколі.

І тут я павінен запярэчыць тым, хто лічыць, што палітычная і грамадзкая дзейнасьць Быкава пазбавіла Вечнасьці твораў, якія ён мог бы напісаць, калі б ня траціў час на тое, чым, як яны лічаць, пісьменьнік займацца не павінен.

Па-першае, чым займацца – вызначае сам пісьменьнік. Быкаў зрабіў вой выбар сьвядома (увогуле, трэба зусім ня ведаць Васіля Уладзімеравіча, каб думаць, што нехта мог яму нешта навязаць па-за ягонай воляй).

Ня кожнаму выпадае гэтак паўплываць на свой час, як удалося гэта Быкаву

Зразумела, што ў нацыянальную гісторыю Быкаў увайшоў як творца, як адзін з найбольш выбітных пісьменьнікаў за ўсе часы існаваньня беларускай літаратуры. Ягоныя творы дойдуць да наступных пакаленьняў. Але пры ўсім гэтым, на мой погляд, забывацца на палітычную ды грамадзянскую пазыцыю Быкава – гэта абядніць асобу Быкава. Кожны творца жыве ў сваім часе – але ня кожнаму выпадае гэтак паўплываць на свой час, як удалося гэта Быкаву.

І нарэшце – а ці не згубіў бы Быкаў як творца, калі б ня займаўся грамадзкай ды палітычнай дзейнасьцю? На адных толькі Соймах БНФ, якія Васіль Уладзімеравіч наведваў рэгулярна, ён сустракаўся з дзесяткамі людзей з розных куткоў Беларусі, і гэта, не сумняюся, давала яму новыя ўражаньні. Калі хочаце – давала тое, што завецца “матэрыялам”. Быкаўская проза апошніх гадоў, дзе гучаць тэмы БНР, Слуцкага паўстаньня, рэпрэсіяў – у нечым, магчыма, вынік гутарак Быкава з тымі, з кім ён мог бы і не сустрэцца, калі б ня быў у БНФ. Ну, а ягоныя прыпавесьці – дык увогуле не маглі б нарадзіцца бяз цікавасьці Быкава да палітыкі.

І калі прызнана, што апошняя хваля нацыянальнага Адраджэньня пачалася з ўтварэньня Беларускага Народнага Фронту, а больш дакладна – з пубікацыі 3 чэрвеня 1988 году ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” артыкула Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты -- дарога сьмерці”, -- дык Быкаў ня толькі быў ля вытокаў, але фактычна зрабіў магчымым і саму публікацыю, і стварэньне БНФ.
Дзень Волі. Зянон Пазьняк, Міхась Анцыповіч, Мікола Купава, Васіль Быкаў, Сяргей Навумчык. Менск, парк Янкі Купалы, 25 сакавіка 1994 г.


Пазьняк неаднаразова казаў, што выхад артыкулу быў бы праблематычным, калі б не прадмова, якая суправаджала публікацыю.

Ён прыгадвае, як патэлефанаваў Быкаву, а потым звазіў яго ў Курапаты, да раскрытых магілаў. Ёсьць здымак Быкава ва ўрочышчы – удзельнік самай крывавай у гісторыі чалавецтва вайны бачыў сьмерць, але тут, у Курапатах, ён, як мне падаецца, выглядае узрушаным – бо ўбачыў вынікі злачынства супраць уласнага народу, злачынства, якое дзесяцігодзьдзі хавалася.

Далейшыя крокі Быкава, аднак, вызначаюцца матэматычнай выверанасьцю.

Быкаў напісаў прадмову да артыкулу: “У нас ёсьць нямала велічных помнікаў ахвярам нямецкага фашызму, сьведчаньне гераізму беларускага народу ў барацьбе з гэтым заклятым ворагам чалавецтва. Але нішто ў нас яшчэ не напамінае пакаленьням аб ахвярах сталіншчыны. Тое недаравальна і няправільна! Мы павінны памятаць аб іх – не героях, а бязьвіных ахвярах тырана – спрацаваных рабочых, галодных калгасьніках, першых народных інтэлігентах, мужчынах і жанчынах, - якія з куляю ў патыліцы клаліся ў самімі-ж выкапаныя ямы, вымаўляючы не праклён, не пратэст, а адзінае, марнае і трагічнае слова “Завошта?”. Яны ўжо ніколі не пачуюць адказ на тое сваё пытаньне, затое адказ на яго павінны зразумець мы”.

Пад сваёй прадмовай Быкаў падпісаўся як народны пісьменьнік і ляўрэат Ленінскай прэміі. Не як Герой Сацыялістычнай працы ці дэпутат Вярхоўнага Савету БССР. У гэтым бачыцца дакладны і прагматычны разьлік. І справа ня ў тым, што герояў у дэпутатаў у БССР былі дзесяткі і сотні, а колькасьць “народных” і ленінскіх ляўрэатаў можна было пералічыць па пальцах. Тытул народнага пісьменьніка даваў Быкаву права казаць ад імя пакаленьняў народа, які ў часы бальшавіцкіх рэпрэсій згубіў лепшых сваіх прадстаўнікоў. Узгадка ж імя Леніна рабіла для ЦК ленінскай партыі вельмі няпростай забарону публікацыі – забарона пагражала скандалам, якога ў Беларусі яшчэ не было. Артыкул быў надрукаваны, і гэта быў той самы (для Беларусі -- рэдкі, трэба прызнаць) выпадак, калі афіцыйныя рэгаліі працавалі супраць сыстэмы.

У той час я жыў у Віцебску, і бачыў, як артыкул пра Курапаты распаўсюджвалі на ксэраксах (тады яшчэ вельмі рэдкіх, кожны з іх быў пад піьлым наглядам “асобых адзьдзелаў” – філіялаў КДБ). А праз некалькі тыдняў хлопцы з аднаго з віцебскіх НДІ прапанавалі памножыць і мой артыкул – супраць будаўніцтва Віцебскай АЭС. У Віцебску пачаўся стыхійны рух (цяпер яго назвалі б антыядзерным), супраць разьмяшчэньня атамнай станцыі на тэрыторыі Віцебшчыны падпісаліся некалькі дзесяткаў тысяч чалавек – па тых часах лічба для абласнога цэнтру вялікая. Аднак перакананы, што лёс АЭС вырашыла публікацыя ў “Литературной газете» ліста выбітных беларускіх літаратараў, сярод якіх быў і Васіь Быкаў.

Васіль Быкаў паставіў подпіс супраць АЭС без ваганьняў.

Між іншым, адзін паэт, якому прапанавалі паставіць свой подпіс, адмовіўся, сказаўшы, што як кіраўнік Саюзу пісьменьнікаў ён ня мае права казаць за ўсю арганізацыю, а ўласнае ягонае імя для адмыслоўцаў у ядзернай энэргетыцы неаўтарытэтнае.

Васіль Быкаў паставіў подпіс супраць АЭС без ваганьняў.

«... Наш народ моўчкі цярпеў прыгнёт. Ліў сваю кроў, ахвяраваў мільёнамі жыцьцяў і - маўчаў»


А 19 кастрычніка я прыехаў у Менск на ўстаноўчы сход “Мартыралёгу Беларусі” – ён адбыўся ўвечары ў будынку тагачаснага Дому кіно (які яшчэ называлі Чырвоным касьцёлам). Зянон Пазьняк кажа, што пра плян стварэньня ў гэты вечар аргкамітэту Народнага фронту ведалі, акрмя яго самога, яшчэ два чалавекі – Васіль Быкаў і Міхась Дубянецкі. Што да канкрэтнага пляну дзеяньняў – гэта, пэўна было так. Але ідэя стварэньня Народнага Фронту, як кажуць, была ў паветры – ва ўсялякім разе, калі мы ішлі з Сяргеем Дубаўцом у Дом кіно, дык гаварылі пра гэта, а першае, пра што спытаўся ў мяне пры сустрэчы Уладзя Арлоў, які ўжо некалькі месяцаў жыў у Менску і ўводзіў мяне, правінцыяла, у курс сталічных спраў, было -- “Ну ты ж ведаеш, што сёньня будзем ствараць Народны Фронт”.

Мы сядзелі з Арловым побач на першым радзе -- і зусім не таму, што хацелася вылучыцца – проста заднія шэрагі, куды мы спачатку накіраваліся, спрэс былі занятыя асобамі з ордэнскімі калодкамі; былі нават і Героі Савецкага Саюзу. Пэўна, Менскі гаркам ня горш за нас адчуваў настроі і грунтоўна падрыхтаваўся, нагнаўшы ў залю вэтэранаў, камсамольцаў і “перадавікоў вытворчасьці”, якія павінны былі “даць бой нефармалам”.

Але бой – не атрымаўся. Дзякуючы шмат у чым Быкаву.

Васіль Быкаў выступіў з уступным словам. На шчасьце, я прыхапіў магнітафон – на сёньня гэта адзіны вядомы аўдыёзапіс той гістарычнай падзеі ў Чырвоным касьцёле (вялася і відэаздымка, але яе сьлядоў нам з Пазьняком адшукаць пакуль не ўдалося).

Быкаў “На працягу стагодзьдзяў наш народ моўчкі цярпеў прыгнёт. Ліў сваю кроў, ахвяраваў мільёнамі жыцьцяў і - маўчаў. Маўчаў, бо ягоныя гісторыкі пазбавілі яго праўдзівай гісторыяграфіі, яго філёсафы ўнушалі яму фальшывую ідэю аб мудрай правільнасьці ягонага бязьмежнага цярпеньня. Ягоныя рыцары прыгожага пісьменства спаборнічалі між сабой аб тым, хто найлепш апяе тое, што варта было выбуху гневу і абурэньня. Ягоныя палітыкі і дзяржаўныя дзеячы былі пазбаўленыя ўласнай палітыкі, магчымасьці дзейнічаць на карысьць народа, а шмат хто зь іх сам стаў ахвяраю тэрору, уласнае сьлепаты і заблуджэньня.

Мы болей не хочам жыць, каб ня памятаць як аб нашым гонары, так і аб нашых ахвярах

Але мы болей не хочам жыць, каб ня памятаць як аб нашым гонары, так і аб нашых ахвярах, нашых пакутніках. Урэшце прыйшоў час сказаць людзям праўду і зрабіць зь яе пэўныя высновы. Найперш, праўду трэба сказаць пра мільёны безымянных людзей Беларусі, рабочых, калгасьнікаў, інтэлігентаў з народа, беларусах, рускіх, паляках, яўрэях, людзях іншых нацыянальнасьцяў, панішчаных у гады сталіншчыны бяз віны, бяз права, бяз сьледу ў народнай памяці. Сімвалам тых, панішчаных, сёньня сталі ўжо славутыя Курапаты. Але Курапаты толькі адна кропля ў моры людзкой крыві.

Мы павінны таксама назваць імёны катаў нашых ахвяр. Хто былі гэтыя нелюдзі?... Як даўно вядома, кат і ахвяра інфэрнальным чынам зьвязаныя між сабой, і чалавецтва павінна ведаць і памятаць абодвух. Гэта патрэбна ў імя справядлівасьці, у імя дэмакратыі, у імя нашай будучыні. У тым наш сьвяты абавязак перад гісторыяй, маральны абавязак перад наступнымі пакаленьнямі, каб ім не давялося дакараць нас за тое, што мы мелі магчымасьці і ўпусьцілі яе. Мабыць, ніхто з нашых папярэднікаў ня меў такой магчымасьці, якую лёс ці гісторыя далі нам, і было б найвялікшай гістарычнай несправядлівасьцю ня выкарыстаць яе.

Васіль Быкаў і Зянон Пазьняк, 1992 г.

Але зьдзейсьніць гэты абавязак, мабыць, будзе нялёгка, Сілы рэакцыі, сталіншчыны ня склалі сваёй выпрабаванай зброі, і гатовы ўзяць рэванш за іхняе паражэньне ў галоснасьці. Каб пераканацца ў тым, даволі хоць зрэдку браць у рукі газэту "Вечерний Минск", орган менскага гаркома і гарсавета народных дэпутатаў, і паглядзець, хто і супраць чаго там выступае. Сілы зла цяпер перажываюць невялікую паўзу ў сваёй антынароднай дзейнасьці, перабудова і галоснасьць блытае іх адпрацаваныя за гады карты. Але яны ўжо пачалі прыстасоўвацца і да атмасфэры перабудовы. А ў некаторых выпадках -- і браць яе пад сваё кіраўніцтва. Кіраваць з такім разьлікам, каб хутка і бяз стратаў вярнуць так любы іхнім лекейскім душам таталітарызм з падаўленьнем, рэпрэсіямі, п’яным і пакорным існаваньнем заняволенага народа. Таму ўсе, каму дарагія прынцыпы дэмакратыі і сацыялізму, лёс нацыі, павінны быць пільныя, не даць сябе ашукаць ні крывадушнай бюракратыі, ні амаральнай навуковасьці, ні тым правакатарам ад перабудовы, якія маюць заданьне пусьціць яе на злом галавы, адвярнуўшы ад высакароднай мэты дэмакратычнага Адраджэньня нацыі, растварыць ідэалы дэмакратызацыі ў нацыянальных, рэгіянальных, ведамасных і амбіцыёзных сварках і супярэчнасьцях.

Мы павінны скласьці велічны мартыралёг нашых страт і нашых пакутнікаў. Гэта ляжа вуглавым камянём у падмурку нацыянальнай сьвядомасьці, стане важным элементам гістарычнай памяці, і гарантам. Гарантам будучыні народа, які праз генацыд, кроў і зьнявагу з упартасьцю асуджанага ірвецца да сонца, дабра і справядлівасьці” (воплескі).

На тым сходзе быў вызначальны момант – галасаваньне па кандыдатуры старшыні “Мартыралёгу”. Бо старшыня новаўтворанай арганізацыі мусіў весьці сход далей, і ад яго залежала, ці будзе пастаўлена на галасаваньне пытаньне аб утварэньні аргкамітэту Народнага Фронту.

Быкаў прапанаваў абраць старшынём Пазьняка.

Прадстаўнік ЦК КПБ Расьціслаў Бузук сунуўся на трыбуну, каб сарваць галасаваньне – але Быкаў рашуча ўзяў мікрафон.

Быкаў: “Наступнае, што павінна быць: хто супраць кандыдатуры? Прашу падняць рукі! Хто устрымаўся? Няма! Усё!” (воплескі).

Бузук: “И это – демократия?”

Галасы з залі: “Так, дэмакратыя!”

Далей сход вёў Пазьняк, які ўрэшце паставіў на галасаваньне стварэньне Аргкамітэту БНФ. У 22.15 аргкаімітэт быў утвораны.

"Калі кусала воўчая зграя..."


Ну а далей гісторыя Беларусі рабілася пры ўдзеле Народнага Фронту.

Першай прыкметнай пазеяй былі Дзяды 30 кастрычніка 1988-га, калі ўпершыню ў Мнску супраць людзей, якія выйшлі памянуць продкаў, былі прымененыя сьлезацечны газ. Пазьняк павёў людзей у Курапаты, і па дарозе адбыўся мітынг – у атачэньні міліцыі са службовымі сабакамі.

Праз некалькі дзён маскоўскія выданьні надрукавалі камэнтар Быкава, а яшчэ праз нейкі час на сустрэчы генэральнага сакратара ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова з творчай інтэлігенцяй Быкаў выступіў і расказаў пра тое, што адбылося пад Курапатамі. Гарбачоў, па яго словах, ня меў той інфармацыі – кіраўніцтва ЦК КПБ і КДБ далі яму зусім іншыя зьвесткі.
Мікола Купава, Сяргей Навумчык, Лявон Баршчэўскі, Рыгор Барадулін, Аляксандар Старыкевіч, Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Сяргей Папкоў на мітынгу БНФ. Парк Янкі Купалы, 1995 год


“Ён быў – як аголены нэрв” – гэткай фразай ахарактарызаваў Быкава Гарбачоў у інтэрвію, якое даў мне ў 2003-ім годзе. А ў 1988-ым заклапочанасьць Быкава ня вельмі ўсхвалявала генсека – мяркуючы па тым, што камуністычнае кіраўніцтва Беларусі ня зьменшыла, а шматкроць ўзмоцніла ціск на новаўтвораны народны рух.

Была абраная і асоба, на якой засяродзілася атака прапагандыстаў: Зянон Пазьняк, бо менавіта ён першым сказаў пра неабходнасьць дасягненьня сувэрэнітэту Беларусі. “У час актыўнага змаганьня за незалежнасьць і справядлівасьць, Васіль Уладзімеравіч быў для мяне тым найпершым чалавекам, на якога можна было абаперціся, калі акружала і кусала цябе воўчая зграя” – скажа Пазьняк у дзень сьмерці Быкава.

Выбары ў Вярхоўны Савет 12-га скліканьня праходзілі пад моцным ціскам адміністрацыйнай сыстэмы – але і ва ўмовах нацыянальнага ўздыму. Я балатаваўся ў Віцебску. У лютым 1990-га Аляксандар Лукашук патэлефанаваў Васілю Уладзімеравічу і папрасіў сказаць некалькі слоў у маю падтрымку. Быкаў адгукнуўся – і гэтыя некалькі радкоў актывісты нашай “каманды” уключылі ва ўлётку. На тых выбарах я перамог у першым туры, але перавагай у 500 галасоў – зразумела, што колькасьць тых, хто прагаласаваў пад уплывам звароту Быкава, была значна большай. Таму лічу, што дэпутацкім мандатам я абавязаны Быкаву.

Васіль Уладзімеравіч ніколі не прыходзіў на пасяджэньні сэсіі Вярхоўнага Савета – хаця, як народны дэпутат СССР, такое права меў. Аднойчы (здаецца, у 1991 –ым годзе) я прапанаваў яму наведаць сэсію і выступіць, але ніякай цікавасьці ён ня выказаў, і больш такіх прапаноў я не рабіў.

Прызнаюся, гэта мне здавалася крыху дзіўным – гэтак жа як і маўчаньне Быкава ў 1989-1991-ым годзе на З’ездах народных дэпутатаў СССР.

Іншая справа – найбліжэйшы сябар Быкава, Алесь Адамовіч. Алесь Міхайлавіч рваўся на трыбуну крамлёўскага палацу з’ездаў, і ягоныя выступы былі аднымі з самых запамінальных і для партыйнага апарату непрыемных, яны рабіліся падзеяй грамадзкага жыцьця. У сьнежні 90-га, калі Вярхоўны Савет БССР разглядаў наш законапраект аб зямлі (мы прапаноўвалі ўвесьці прыватную ўласнасьць на зямлю) -- я сабраў некалькі дзесяткаў подпісаў дэпутатаў з просьба даць слова народнаму дэпутату СССР Алесю Адамовічу. Адамовіч прыйшоў у Дом ураду, выйшаў на трыбуну – і сутыкнуўся з агрэсіўнай антыпатыяй большасьці дэпутатаў, якую, здавалася, можна было адчуць фізычна, Апошнія свае словы Адамовіч дагаворваў пад зласьлівыя рэплікі дэпутатаў – “аграрыяў”. Шмат гадоў я адчуваў віну парад Адамовічам – ўсё ж той выступ здароў’я яму не дадаў. І толькі нядаўна ягоная дачка Натальля расказала, што Алесь Міхайлавіч, калі вярнуўся з сэсіі дадому, жыва пераказваў і свой выступ, і рэакцыю залі – і быў тым днём задаволены. Канешне, па сваёй натуры Адамовіч быў экстравэрт – ён нібыта насычаўся энэргетыкай звонку, і дэбаты былі ягоным “каньком”. Васіль Уладзімеравіч – быў чалавекам іншага характару.
Васіль Быкаў прамаўляе на Сойме БНФ, за сталом - Зянон Пазьняк. 1995, Менск, сядзіба БНФ. Фота С. Навумчыка

Але рознасьць характараў толькі часткова можа патлумачыць маўчаньне Быкава на дэпутацкіх зьездах у Крамлі.
Неяк ён расказаў, як, будучы членам парлямэнцкай камісіі па абароне, прыйшоў на пасяджэньне ў Крэмль - і яму прыйшлося выслухоўваць гнеўныя прамовы генэралаў, якія абураліся наступам дэмакратаў на аўтарытэт Савецкай Арміі і разбурэньнем ваенна-прамысловага комплексу. “Больш я на гэтую камісію не хадзіў” – сказаў Васіль Уладзімеравіч.

І нароўні з гэтым – выступы на кожным з’езьдзе Беларускага Народнага Фронту, рэгулярнае наведваньне пасяджэньняў Сойму БНФ. На Соймах Васіль Уладзімеравіч сядзеў звычайна побач з Рыгорам Барадуліным – Рыгор Іванавіч зрэдку падаваў трапныя, часам гнеўныя, часам гумарныя рэплікі, але, наколькі памятаю, ніколі не выступаў. А вось Васіль Уладзімеравіч выступаў на пасяджэньнях Сойму даволі часта.

І вось у чым бачыцца прычына такой розьніцы паводзінаў у крамлёўскім палацы з’ездаў і ў БНФ. На зьездах народных дэпутатаў СССР, нягледзячы на прысутнасьць паблізу таго ж Алеся Адамовіча (а ў Вярхоўным Савеце БССР, дзе ён таксама не выступаў – Бураўкіна ды Гілевіча, якія высьпявядалі нацыянальную ідэю) – на тых дэпутацкіх форумах Быкаў быў, усё ж, у аблозе апанэнтаў, вельмі часта настроеных да яго варожа. У Народным Фронце атмасфэра была зусім іншай – тут ён знаходзіў аднадумцаў, якія яго паважалі і цанілі.

Васіль Уладзімеравіч вельмі пільна сачыў за тым, што адбывалася ў Вярхоўным Савеце – шмат якія мае калегі па Апазыцыі БНФ узгадваюць, што ён у дэталях арыентаваўся ў парлямэнцкіх дэбатах (глядзеў тэлетрансьляцыі, якія тады вяліся).

Але што больш паказальна – ён вельмі дакладна разумеў сутнасьць палітычных падзеяў, што выявілася і ў 1990-1991-ым годзе, калі БНФ дамагаўся незалежнасьці Беларусі.

«Кожная гістарычная зьява набывае выразнае разуменьне з адлегласьці часу»


Адразу пасьля прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце 27 ліпеня 1990 году ў рэдакцыі “Літаратуры і мастацтва” мне прапанавалі зрабіць гутарку з Быкавым.

Падрыхтаваўшы праект Дэклярацыі і змагаючыся на сэсіі за кожнае слова, мы, дэпутаты БНФ, былі вымушаныя выйсьці з Авальнай залі перад галасаваньнем па апошнім артыкуле – абгрунтаваўшы гэта нежаданьнем парлямэнцкай большасьці надаваць Дэклярацыі статус канстытуцыйнай сілы і імкненьнем падпісаць Саюзную дамову, што перакрэсьлівала сэнс дакумэнту. Насамрэч, тое быў яшчэ і тактычны крок – такім чынам мы жадалі прымусіць камуністаў прагаласаваць за Дэклярацыю (шмат што яны рабілі насуперак Пазьняку).

Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў, Лявон Дзейка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Мікола Крыжаноўскі. Зьезд Партыі БНФ, лета 1995.

Я нагадаў, што прыняцьцё Дэклярацыі віталі перад Домам ураду толькі некалькі сотняў чалавек – грамадзтва ж у сваёй массе паставілася да гэтага індыфэрэнтна, людзі тады былі занятыя праблемай фізычнага выжываньня.

“Мабыць, гэта яшчэ добра, калі дакумэнт такога роду можа каго-небудзь узрушваць. Значыцца, людзі не зусім зьняверыліся, ня зжылі ў сабе памкненьне да ідэалу... – сказаў Васіль Уладзімеравіч, - Я адношуся да гэтай дэклярацыі спакойна. Прыняцьце яе (або непрыняцьце), па сутнасьці, нічога ня можа зьмяніць у жыцьці рэспублікі, так што значэньне дэклярацыі чыста тэарэтычнае. Добра, канешне, што наш парлямэнт дамогся на такі крок, напэўна, архірадыкальны ў ягоных вачах. Але, мабыць, ня трэба асаблівай палітычнай праніклівасьці, каб вызначыць рэальную цану такога кроку.

Дэклярацыя мае нямала сваіх аналягаў-папярэднікаў, выдатных ва ўсіх адносінах, складзеных з самых пафасных фраз, а часам і з найлепшых пажаданьняў, - працягваў Васіль Уладзімеравіч. -- Мабыць, каб дакумэнты такога роду адпавядалі свайму наміналу, патрэбны адпаведны палітычны ўзровень народнай сьвядомасьці, выразна дэмакратычная воля яго кіраўніцтва. А тут якая воля, калі ў залі Вярхоўнага Савета, які прымаў дэклярацыю, панаваў амаль хаўтурны настрой, бо ўсё гэта рабілася супраць волі большасьці, пры крайнай раздражнёнасьці некаторых дэпутатаў з партгрупы. Левыя дэпутаты самааддана змагаліся за кожнае слова пры відавочнай пасыўнасьці правых (у тыя гады дэмакратаў называлі «левымі», рэакцыйных камуністаў - «правымі» -- С.Н.), якія, аднак, адчувалі сваю сілу ў іншым – у галасавальнай працэдуры. Яна ўсё і вырашала. Можна было зразумець тых, хто пакінуў залю, калі сэсія падышла да перадапошняга артыкула, які, па сутнасьці , зрабіў малаэфэктыўнымі (калі не зусім бескарыснымі) усе астатнія, нават самыя ўзьнёслыя і рамантычныя, але пазбаўленыя сэнсу.

Напрыклад, што практычна азначае заключная частка артыкула 10 аб бяз’ядзернай зоне? Ці можа цяперашняе кіраўніцтва рэспублікі дамагчыся таго, ня толькі ліквідаваць, а хоць бы зьменьшыць колькасьць ракетных баз – на адну-дзьве адзінкі? Хоць бы на тую, паблізу ад Менску, якая кожнага дня пагражае сталіцы ня меншымі вынікамі, чым Чарнобыль. Як цяпер, так і пасьля заключэньня саюзнага дагавору, гэтае пытаньне будзе цалкам у кампэтэнцыі Міністэрства абароны СССР, а не Вярхоўнага Савета БССР. Які ж тады практычны сэнс тае фразы, апроч як чыста прапагандысцкі?..

Так што рэальнага напаўненьня гэтай звонкагалосай дэклярацыі няма ніякага і цяжка меркаваць, каб з такім выразным, мякка кажучы, кансэрватызмам КПБ і Саветаў яго магчыма будзе дасягнуць у бліжэйшым будучым... Відаць, ажыцьцяўляць сувэрэннасьць магчыма толькі ва ўмовах сувэрэнітэту, -- во ў чым парадокс часу”.

На прэзыдэнцкіх выбарах 1994 г. Васіль Быкаў быў даверанай асобай Зянона Пазьняка. У тэлестудыі: Уладзімер Заблоцкі, Зянон Пазьняк, Васіль Быкаў, Вінцук Вячорка. Чэрвень 1994 г. Фота С. Навумчыка


1991-шы год быў годам змаганьня за незалежнасьць Беларусі -- мы дамагаліся таго, што не ўдалося ў ліпеня 1990 -- наданьня Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы. На кожнай сэсіі Вярхоўнага Савету выносілася намі гэтая прапанова.

І мы, дэпутаты БНФ, увесь час адчувалі падтрымку Васіля Уладзімеравіча.

У студзені 91-га, адразу пасьля ўводу савецкіх танкаў у Вільню, Васіль Быкаў падтрымаў літоўцаў у іх змаганьні супраць імпэрскага цэнтру.

У сакавіку 91-га, на 2-ім зьездзе БНФ, Быкаў кажа, што “зорка надзеі” – гэта “сувэрэнітэт нацыі”.

У красавіку 91-га ён падтрымлівае рабочых, якія абвясьцілі страйк і запатрабавалі ня толькі эканамічных зьменаў, але і наданьня дэклярацыті аб сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнай сілы.

19 жніўня 91-га Быкаў выступае супраць КГЧП, які спрабаваў захаваць савецкую імпэрыю.

Нарэшце, мы дамагаемся скліканьня нечарговай сэсіі, і 25 жніўня 1991 году ВС Беларусі абвяшчае Незалежнасьць -- Дэклярацыі аб дзяржаўным увэрэнітэце надаецца статус канстытуцыйнай сілы..

Пазьней Быкаў так казаў пра той час:

“Ну, вядома, што кожная гістарычная зьява набывае сваё выразнае разуменьне з адлегласьці часу. У маштабах гісторыі вельмі цяжка зблізку зразумець тое ці іншае. Асабліва такую зьяву лёсавызначальную, як сувэрэннасьць, скажам, той ці іншай краіны. Або яе шлях да гэтай сувэрэннасьці. Ну але што датычыць сувэрэннасьці Беларусі, дык можна ўжо сказаць пэўна, што ўсё-такі тое, што адбылося, хаця і не прынесла плёну, але, безумоўна, яго нельга пераацаніць у гістарычных маштабах…

Што ж датычыцца Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, то я думаю, што ў тых умовах, у той час менавіта Апазыцыя Беларускага Народнага Фронту зрабіла гераічны ўчынак з таго, што дамаглася менавіта гэтай сувэрэннасьці. Гэта, канешне, яе заслуга. І чым далей, незалежна ад таго, чым гэта скончыцца — незалежна ад гэтага , ад лёсу Беларусі наогул, — зноў жа, у гістарычным вымярэньні гэта будзе вельмі значна і гэта будзе ацэнена праз вякі. ”.

А для нас, актывістаў Народнага Фронту, дэпутатаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, -- думаю, і тых тысяч людзей, якія стаялі на плошчы перад Домам ураду ў тыя жнівеньскія дні 91-га -- слова і аўтарытэт Васіля Ўладзімеравіча Быкава былі тым, без чаго наўрад ці ўдалося б дасягнуць Незалежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG