Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: Сьвятлана Явар


17 чэрвеня родныя, сябры, прыхільнікі разьвіталіся са Сьвятланай Явар. Паэтка, крытык і літаратуразнаўца раптоўна пакінула гэты сьвет на 43-м годзе жыцьця.

Сьвятлана Явар (сапраўдная імя – Сьвятлана Сачанка) нарадзілася 11 ліпеня 1968 году ў Менску ў сям’і вядомага беларускага пісьменьніка Барыса Сачанкі. І гэта вызначыла яе жыцьцёвы шлях і захапленьні. Выгадаваўшыся ў атмасфэры, дзе галоўнай каштоўнасьцю была кніга, яна стала чалавекам, які натуральна пачуваўся ў сьвеце літаратурных вобразаў і ідэалаў. Гаворыць паэт і грамадзкі дзеяч Сяргей Законьнікаў, які жыў зь сям’ёй Сачанкаў у адным доме і бачыў творчае сталеньне Сьвятланы:

"Я зь вялікім сумам сустрэў нечаканую вестку пра сьмерць сьветлай і мілай жанчыны Сьвятланы Явар, нашай паэткі і нашага сябра. Мне вельмі падабалася, што Сьвета апошнім часам актыўна друкавалася. Мяне ўразіў яе верш, які прагучаў якраз на Радыё Свабода. Нават хочацца зацытаваць яго.

Ты рвесься прэч — туды, дзе зьзяюць зоркі,
Дзе месца ёсьць надзеі і вясьне,
Ды не пускае лёс твой, вельмі горкі,
Да тых свабод, што бачыш толькі ў сьне.


Мне здаецца, што паэзія якраз і служыць людзям у тым, каб іх клікаць да свабоды, да волі. І Сьвета ў гэтым сваім настроі ў гэтым вершы вельмі чуйна гэта ўсё паказала. Мне шкада, што адыходзяць заўчасна такія таленавітыя, сьветлыя людзі. Нам такіх людзей вельмі будзе не хапаць у нашым далейшым паходзе да свабоды".

Адным з апошніх, хто сустракаўся са Сьвятланай Явар, быў наш калега, паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла. Ён прыгадвае:

"Пасьля выхаду ў эфір "Вольнай Студыі", дзе мы ўспаміналі яе бацьку Барыса Сачанку, Сьвятлана прызналася, што гэта вывела яе са стану пакінутасьці, адзіноты, радасна паведаміла, што ёй ізноў пішуцца вершы і апавяданьні. Апошнім часам яна таксама рабіла вельмі якасныя пераклады з сучаснай амэрыканскай паэзіі, пераклала з польскай мовы цэлую кнігу пра Тадэвуша Касьцюшку, напісала цэлую манаграфію пра творчасьць Масея Сяднёва, зь якім доўгі час ліставалася. Сьвятлана эмацыйна рэагавала на факты наступу на беларускую літаратуру з боку ўлады. Яна ўвогуле была чалавекам-жыцьцялюбам, а калі паміраюць жыцьцялюбы, то іх сьмерць успрымаецца з падвойным шкадаваньнем".

У памяці старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Алеся Пашкевіча Сьвятлана Явар застанецца як тонкая прачулая паэтка і яскравая літаратуразнаўца.

"Яна была вельмі далікатным чалавекам і застанецца ў памяці найперш як аўтарка прачулай паэзіі — дзьвюх кніг: "Белы месяц" і "Раніца ў туманах". Да ўсяго, яна ўнесла яскравы ўнёсак і ў беларускае літаратуразнаўства, у нішу дасьледаваньняў беларускага замежнага друку і беларускай эмігранцкай літаратуры. Хай сьветлы сьлед Сьвятланы Явар застанецца надоўга ў нацыянальнай паэзіі, у нацыянальнай літаратуры, і хай ласкавы Бог сустракае яе ў нябёсах і дапамагае яе прачулай турботнай душы".

Крэміраваны прах Сьвятланы Явар будзе пахаваны побач з магілай бацькі, Барыса Сачанкі, на Ўсходніх могілках Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG