Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Статкевіч пазваніў з калёніі бацьку: "За мяне не хвалюйся!"


Мікалаю Статкевічу дазволілі патэлефанаваць са Шклоўскай калёніі бацьку ў Баранавічы. Андрэя Саньнікава накіруюць у Наваполацкую калёнію, калі касацыйную скаргу экс-кандыдата на прэзыдэнта не задаволяць. Дар'ю Корсак дапыталі сьледчыя вайсковай пракуратуры адносна катаваньняў у СІЗА КДБ яе мужа, Аляксандра Атрошчанкава.

15 чэрвеня ў кватэры бацькі Мікалая Статкевіча Віктара Статкевіча, які жыве ў Баранавічах, зазваніў тэлефон. Аказалася, гэта сын, Мікалай Статкевіч -- са Шклоўскай калёніі. Грамадзянская жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Марына Адамовіч паведаміла "Свабодзе":

Марына Адамовіч
"Мікола патэлефанаваў бацьку, гэта быў дазволены званок з калёніі, па сутнасьці, гэта першы раз, калі ён здолеў патэлефанаваць. Ён коратка паведаміў, што ў яго ўсё нармальна, урэшце можа дыхаць сьвежым паветрам, глядзець на неба, быць на вуліцы. Такім чынам, у гэтым сэнсе прасіў за яго не хвалявацца. Будзе званіць раз на 2 тыдні, калі дазволяць".

Паводле зьвестак са Шклоўскай калёніі, куды зьмясьцілі Статкевіча, сама меней 2 тыдні ён яшчэ будзе ў карантыне. Толькі потым стане вядома пра атрад, куды разьмеркавалі вязьня, і пра тое, ці далі яму нейкую працу. Нагадаем, таксама ў Шклоўскую калёнію трапілі ўдзельнікі Плошчы Аляксандар Класкоўскі і Дзьмітры Новік.

Маці Андрэя Саньнікава атрымала адмоўны адказ на сваю заяву пра тое, каб яе сына накіравалі для адбыцьця пакараньня не ў Наваполацкую, а ў любую іншую калёнію. Ала Ўладзімераўна Саньнікава зьвярталася ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС з гэткай просьбай пасьля таго, як даведалася пра вельмі дрэнную экалягічную сытуацыю ў калёніі № 10 у Наваполацку. Яшчэ адна вестка, якая засмуціла маці Саньнікава, — што адмовілі ў спатканьні зь ім ягонай жонцы Ірыне Халіп. Калі будзе разгляд касацыйнай скаргі на прысуд, невядома, хаця Андрэй з пратаколам ужо азнаёміўся, сказала Ала Саньнікава:

Ала Саньнікава
"Там жа з гэтым пратаколам знаёмяцца яшчэ хлопцы, якіх судзілі разам зь ім. Таму касацыя пакуль не прызначаная".

Ад Дар'і Корсак, жонкі былога прэсавага сакратара Саньнікава Алеся Атрошчанкава, стала вядома, што на "Валадарцы" з Саньнікавым сустракаліся сьледчыя вайсковай пракуратуры, якія правяраюць скаргі вязьняў СІЗА КДБ на катаваньні. 14 чэрвеня такі допыт з удзелам адваката адбыўся і ў Дар'і Корсак. Паводле яе, 16 чэрвеня на гэтую тэму ў віцебскай калёніі павінны апытаць і Аляксандра Атрошчанкава. Пра тое, што ў СІЗА КДБ для атрыманьня пэўных паказаньняў аказвалі незаконны фізычны і псыхалягічны ціск, заяўлялі экс-кандыдаты на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч і Уладзімер Някляеў, вязьні Аляксандар Атрошчанкаў ды іншыя. Вядома, што ў вайсковай пракуратуры ўжо каля месяца вядзецца праверка гэтых заяваў.

У калёнію "Ваўчыныя норы" пад Івацэвічамі на спатканьне з сынам выправілася Марына Лобава. Маці палітвязьня Эдуарда Лобава спадзяецца сустрэцца зь ім да разгляду ягонай касацыйнай скаргі, прызначанай на 17 чэрвеня. Актывіста "Маладога фронту" Эдуарда Лобава асудзілі на 4 гады нібыта за зьбіцьцё мінакоў у Менску за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў. Эдуард кажа пра правакацыю спэцслужбаў.

Таксама ў івацэвіцкай калёніі трымаюць актывіста "Гавары праўду" Паўла Вінаградава, асуджанага на 4 гады за Плошчу. Зь Вінаградавым таксама мяркуюць сустрэцца ягоныя сваякі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG