Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будуць душыць адзін аднаго гальштукамі»


Беларуськалій
Беларуськалій
Ва ўмовах эканамічнага і фінансавага крызісу беларускае кіраўніцтва плянуе продаж найбольш прывабных дзяржаўных прадпрыемстваў. Паводле «The Wall Street Journal», Беларусь абмяркоўвае магчымы продаж «Беларуськалію» як з кітайскай кампаніяй, так і з расейскім прадпрымальнікам, акцыянэрам «Уралкалія» Сулейманам Керымавым. А паводле старшыні праўленьня «Газпрома» Аляксея Мілера, дакумэнты аб куплі «Газпромам» другой паловы акцый «Белтрансгаза» «знаходзяцца ў высокай ступені гатоўнасьці».

Паводле мэдыяў, Сулейман Керымаў правёў у апошнія тыдні сустрэчу зь беларускімі афіцыйнымі асобамі, каб абмеркаваць магчымую куплю кантрольнага пакета акцый кампаніі, аднак пазыцыі бакоў наконт кошту пакуль разыходзяцца. Ва «Ўралкаліі», а таксама ў кампаніі «Нафта Масква», якая належыць Сулейману Керымаву, гэтую інфармацыю пакідаюць без камэнтароў.

Адзін з расейскіх адмыслоўцаў на ўмовах ананімнасьці сказаў, што цікавасьць да такога прывабнага актыву ёсьць, але пытаньне ў тым, наколькі гэтая зьдзелка можа быць рэалізаваная на справе.

«Тут ёсьць вельмі шмат пытаньняў з цаной. А самае галоўнае, шмат пытаньняў з тым, што гэты рынак вельмі моцна дысцыплінаваны. Там нельга ўсё купляць і выкідаць на рынак. Там ёсьць адпаведная цэнавая палітыка, і рынак вельмі строга кантралюецца».

«Беларуськалій» ацэньваецца ў суму да 20 мільярдаў даляраў. Аляксандар Лукашэнка раней заяўляў, што лічыць магчымым прадаць да 25% акцый «Беларуськалія». Паводле першага віцэ-прэм’ера Беларусі Ўладзімера Сямашкі, Менск гатовы прадаць мінарытарную долю ў «Беларуськаліі» за 6–7 мільярдаў даляраў. Раней Лукашэнка заяўляў, што не дапусьціць абвальнай шокавай прыватызацыі за бесцань.

Паводле мэдыяў, з кітайскімі інвэстарамі таксама абмеркаваны магчымы продаж 25% акцый «Беларуськалія», аднак бакі не змаглі дасягнуць пагадненьня.

У беларускім урадзе гэтую інфармацыю пакуль не пацьвярджаюць. Першы намесьнік дырэктара Фонду дзяржмаёмасьці Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Беларусі Пётар Лук’янаў распавёў карэспандэнту «Свабоды», што ў дзяржкамітэце канкрэтных рашэньняў не прымалася:

«У нас ніякіх рухаў няма. Магчыма, у галіновых ведамствах прапрацоўка ідзе, але ў нас — не. Сустрэчы з Керымавым у нас не было, як і з кітайцамі».
Залескі: Зараз пойдзе бюракратычнае рубілава, у якім нашым байцам няма роўных.


Беларусь атрымала крэдыт ад ЭўрАзЭс, асноўная ўмова якога — прыватызацыя. Ці пачалася праца ў гэтым кірунку? Спадар Лук’янаў сказаў:

«Па такіх аб’ектах, як заявіў прэзыдэнт, ніякія рашэньні і адчужэньні прымацца ня будуць. Таму казаць сёньня пра нейкае адчужэньне я не бяруся. Бо, ва ўсякім разе ў нас, як трымальнікаў акцый, ніякіх рашэньняў не прымалася. Ніякіх дамоваў не заключалася. Сустрэчы з гэтымі прадстаўнікамі не праводзіліся. Калі яны, магчыма, ідуць, то на высокім узроўні і ў галіновых ведамствах. Магчыма. Але пакуль у нас нічога».

Таксама спадар Лук’янаў заявіў, што ў іх не было прапрацоўкі продажу «Газпрому» другой паловы акцый «Белтрансгазу».

Эканаміст Міхась Залескі лічыць, што расейцы ня ведаюць, з кім зьвязаліся:

«Ужо пачалася наша „прыватызацыя“. Ужо мы патрабуем за „Белтрансгаз“ унутрырасейскія цэны. Ужо мы патрабуем за МАЗ ня тое, што яны хацелі з КамАЗам. Мы патрабуем роўную долю ў холдынгу. Зараз пойдзе бюракратычнае рубілава, у якім нашым байцам няма роўных. Пачнуцца мовы-перамовы, будуць душыць адзін аднаго гальштукамі, ажно пакуль расейцам не надакучыць. Праблема ў тым, што ніхто нічога не зьбіраецца прыватызаваць. Галоўная задача — атрымаць грошы. Калі прыпрэ, то пачне аддаваць. Але яшчэ пакуль не прыперла».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG