Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абама абмяркуе ў Варшаве беларускае пытаньне


Каля сёмай вечара паводле менскага часу на вайсковым лётнішчы ў Варшаве прызямліўся самалёт прэзыдэнта ЗША Барака Абамы. Адразу пасьля прыбыцьця амэрыканскі лідэр накіраваўся на плошчу імя Пілсудзкага, да магілы невядомага жаўнера, што ў цэнтры польскай сталіцы.

Разам з мэрам сталіцы Ганнай Гранкевіч-Вальц Абама ўсклаў кветкі. Вечарам ён далучаецца да 20 прэзыдэнтаў эўрапейскіх краінаў і бярэ ўдзел ва ўрачыстай вячэры ў прэзыдэнцкім палацы.

Перад гэтым эўрапейскія лідэры абмеркавалі, як краіны (перш за ўсё былога камуністычнага блёку) могуць перадаць свой досьвед трансфармацыі тым краінам, якія толькі накіроўваюцца на шлях пабудовы дэмакратыі.

“Гэты працэс, працэс пабудовы дэмакратыі ў некаторых краінах-суседзях Эўразьвязу толькі пачынаецца, а ў некаторых – дагэтуль не пачаўся. Мы павінны ім дапамагчы, так як нам некалі дапамагалі заможныя і дэмакратычныя краіны заходняй Эўропы”, – заявіў у часе прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі.

Саміт эўрапейскіх лідэраў зачынены для прэсы, таму на гэты момант няма магчымасьці казаць, ці абмяркоўвалася і калі так, дык як шырока, беларускае пытаньне.

Але заўтра, калі пачнецца двухбаковая частка візыту прэзыдэнта Абамы, сытуацыя ў Беларусі будзе абмяркоўвацца – прынамсі пра гэта гаварылася ў заявах прадстаўнікоў адміністрацыі польскага прэзыдэнта.

Іншыя пытаньні, што будуць абмяркоўвацца, гэта пытаньне сталай амэрыканскай вайсковай прысутнасьці ў Польшчы, удзел амэрыканскіх фірмаў у распрацоўцы радовішчаў сланцавага газу на польскай тэрыторыі ды тэндэры на будаўніцтва першай у Польшчы АЭС.

Наступны, 18-ты саміт краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы пройдзе ў Кіеве, што як кажуць аналітыкі, зьяўляецца відавочным рэвэрансам у бок праэўрапейскіх памкненьняў Украіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG