Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абурэньне – цяпер, пратэст – празь пяць месяцаў


Правесьці 8 кастрычніка сходы пратэсту ў большасьці гарадоў Беларусі – пра такі намер сёньня заявілі прадстаўнікі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці і шэрагу апазыцыйных партыяў. На гэтых акцыях, аб'яднаных агульнай назвай "Усебеларускі народны сход", яны вылучаць патрабаваньні да ўладаў.

Старшыня прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч заявіў: новая ініцыятыва — рэакцыя на пратэстны настрой працоўных:

"Але ж сёньня ў краіне няма адзінага штабу, які мог бы каардынаваць пратэстны настрой людзей. А такі настрой існуе амаль на ўсіх прадпрыемствах Беларусі.

Самыя балючыя цяпер для насельніцтва сацыяльныя пытаньні. 7 кастрычніка — гэта міжнародны дзень барацьбы за годную працу. 8 — субота. І мы мяркуем за летнія месяцы і верасень правесьці інфармацыйную працу, сустрэцца зь людзьмі і сабраць іх. Ужо сёньня ёсьць людзі, здольныя працаваць, у 48 раённых цэнтрах".

Раней людзі казалі: мы не ідзем у палітыку, бо нам трэба карміць свае сем'і. Цяпер сытуацыя такая, што ім давядзецца пайсьці ў палітыку, каб карміць свае сем'і

Цяперашняя эканамічная сытуацыя ў краіне як ніколі спрыяе такой акцыі, лічыць прадстаўнік стваранай партыі "Беларускі рух" Віктар Івашкевіч:

"Раней людзі казалі: мы не ідзем у палітыку, бо нам трэба карміць свае сем'і. Цяпер сытуацыя такая, што ім давядзецца пайсьці ў палітыку, каб карміць свае сем'і. Адсюль і ідэя правесьці сходы ва ўсіх гарадах, а не зьбірацца ўсім у Менску.

Мы зыходзім з таго, каб максымальная колькасьць людзей змагла ўдзельнічаць у гэтых сходах, змагла выказаць свае патрабаваньні. І згуртавацца, каб ціснуць на ўладу, каб гэтыя патрабаваньні тая выканала. Каб правесьці сходы і выцягнуць на іх людзей, якія зараз выказваюцца ў чэргах, на працоўных месцах, на кухнях. Каб яны сталі локаць да локця і пабачылі, як іх шмат".

Я спытаўся ў арганізатараў Усебеларускага народнага сходу, чаму ён адкладаецца аж на кастрычнік: за гэты ж час шмат што можа зьмяніцца? Генадзь Фядыніч адказаў, што пра гэта ініцыятыўная група шмат думала:

Зараз патрабуюць рабочыя — дайце нам той заробак, які абяцалі ў сьнежні

"Зараз патрабуюць рабочыя — дайце нам той заробак, які абяцалі ў сьнежні. Калі да 8 кастрычніка ўлады зробяць такі заробак, то працоўныя скажуць: гэта — добра. Але акрамя гэтага патрабаваньня, ёсьць і іншыя, пакуль іх — восем. Напрыклад, рассакрэціць прэзыдэнцкі фонд, спыніць таемны продаж прадпрыемстваў і г.д.".

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць новую ініцыятыву "крокам у слушным кірунку":

"Бо раней апазыцыя была сама па сабе, а так званыя "рабацягі" — самі па сабе.

Але ёсьць і некалькі чыньнікаў, якія могуць спрацаваць супраць гэтай ідэі. Па-першае, ці хопіць у апазыцыі арганізацыйнай моцы, бо яна зараз расьцярушаная рэпрэсіямі? І тут вельмі важна не дыскрэдытаваць новую ідэю, як у свой час былі дыскрэдытаваныя ідэі праймэрыз альбо збору подпісаў за зьмены ў выбарчым кодэксе, калі замах быў на рубель, а ўдар — на капейку.

І яшчэ — момант даверу да апазыцыі. Бо калі згадаць выступы рабочых у 1991 годзе, то тады лідэры працоўнага руху стараліся дыстанцыявацца ад палітычнай апазыцыі і самі весьці рэй.

І галоўнае — наколькі пахісьнецца эканамічнае становішча. Ня выключана, што ўлада, атрымаўшы крэдыты, кіне іх на праяданьне — груба кажучы, зноў кіне костку працоўным".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG