Цыганкоў: Ці спрабуе афіцыйны Кіеў заняць ролю пасярэдніка ў беларуска-эўрапейскіх адносінах? Раней пра гэта казалі шмат, апошнім часам гэтая тэма неяк замоўкла. Ці можна казаць, што ўкраінскае кіраўніцтва яшчэ не адышло ад гэтай ідэі?
Сьвірко: Ведаеце, усе 6 гадоў, што я жыву ў Кіеве, Украіна спрабуе стаць пасярэднікам паміж афіцыйнай Беларусьсю і Эўропай. Але гэта ніколі не ўдавалася. Яшчэ папярэдні прэзыдэнт Віктар Юшчанка рабіў нейкія кантакты, хаця дзякуючы «Вікілікс» мы даведаліся, што ЗША фактычна забаранялі яму прымаць Лукашэнку ў Кіеве. Але пад канец прэзыдэнцтва Юшчанкі Лукашэнка сюды ўсё ж прыехаў.
Пасьля гэтага абралі Януковіча, было шмат гучных заяваў, што цяпер будуць цудоўныя стасункі, бо «беларус на чале Ўкраіны», «украінскі прэзыдэнт беларускага паходжаньня» і гэтак далей. Прайшоў год, але фактычна нічога не зьмянілася, Украіна нічога не дасягнула.
Зусім нядаўна дэпутат ад кампартыі Ўладзімер Лешчанка нават запатрабаваў ад міністра замежных справаў Украіны вывучыць пытаньне пра мэтазгоднасьць далейшага знаходжаньня пасла Ўкраіны ў Беларусі Бясьсьмертнага. Бо, маўляў, менавіта пасол вінаваты ў тым, што Лукашэнка сказаў пра «вашывасьць» украінскага кіраўніцтва.
Цыганкоў: Калі мы ўжо зачапілі гэтыя скандальна знакамітыя выказваньні Лукашэнкі, то як яны паўплывалі на стаўленьне да беларускай тэматыкі і на беларуска-ўкраінскія дачыненьні?
Сьвірко: Украіна — такая дзяржава, дзе шмат хто ўнутры краіны заяўляе пра «вашывасьць» Януковіча. Яле гэта — унутрыпалітычная дыскусія. Калі ж нехта звонку так выказваецца, то нават апазыцыянэры, якія кепска ставяцца да Януковіча, былі абураныя тым, што Лукашэнка так выказваецца пра ўкраінскае кіраўніцтва, якое б яно ні было. Шмат было розных артыкулаў, пра гэтыя выказваньні шмат пісалі. МЗС выступіла з даволі рэзкім камэнтаром.
Калі ж вяртацца да асноўнай тэмы нашай размовы, то пасярэднікам паміж Беларусьсю і Эўропай Украіна ня можа стаць таму, што такога пасярэдніка ня можа быць у прынцыпе. Бо пасярэднік мае быць паміж разумнымі, дамоваздатнымі бакамі. Беларусь ня ёсьць такой краінай. І тут ніхто ня здолее стаць пасярэднікам. Бо праблема — у Менску. І ў Кіеве ўсе гэта цудоўна разумеюць.