Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Курс даляра будзе расьці»


Ці разьвязала праблемы валютнага крызісу рашэньне Нацбанку адпусьціць курс даляра ў абменных пунктах?

На гэтыя пытаньні адказвае эканаміст Яўген Прэйгерман, каардынатар моладзевага дыскусійнага клюбу «Лібэральны клюб».

Цыганкоў: Якія праблемы валютнага крызісу вырашыла гэтае рашэньне Нацбанку, а якія — засталіся?

Прэйгерман: Фактычна гэта неафіцыйная дэвальвацыя, якая мусіла адбыцца яшчэ ўчора. Гэта крок у кірунку рынкавага рэгуляваньня курсаўтварэньня, і гэта нармальна.

Зь іншага боку, валюты па-ранейшаму няма. Я, дарэчы, чакаў, што такі крок будзе зроблены пасьля таго, як Беларусь атрымае крэдыт ад Расеі ці ЭўрАзЭС. Бо тут узьнікае палітычны чыньнік — курс зьмяніўся, а валюты няма. І, вядома, гэта не вырашае сыстэмных праблемаў у беларускай эканоміцы.

Цыганкоў: Чаму эканамічныя ўлады гэтак упарцяцца ў тым, што афіцыйны курс па-ранейшаму застаецца на ўзроўні трох тысяч? Ці можна сказаць, што справа ідзе фэ-факта да множнасьці курсу беларускага рубля?
Улады разумеюць, што калі афіцыйна правесьці дэвальвацыю, то гэты скачок імгненна прывядзе заробкі беларусаў амаль да ўзроўню Малдовы.

Прэйгерман: Трэба разумець, што Нацбанк у Беларусі не зьяўляецца незалежным цэнтрам прыняцьця эканамічных рашэньняў, у тым ліку па курсаўтварэньні. Улады разумеюць, што калі афіцыйна правесьці дэвальвацыю, то гэты скачок імгненна прывядзе заробкі беларусаў амаль да ўзроўню Малдовы, якая лічыцца самай беднай краінай Эўропы.

Але зь іншага боку, няма іншага выйсьця. Дэвальвацыя павінна быць, і яны яе будуць рабіць. Але ж няўстойлівасьць рашэньняў — гэта сьведчаньне розных рызык, у тым ліку палітычных, якіх баяцца ўлады. І таксама сьведчаньне таго, што ва ўладаў няма адзінай эканамічнай стратэгіі.

Цыганкоў: Цяпер у абменьніках усталяваўся курс 4 тысячы, але ўжо ёсьць зьвесткі, што і па такім курсе даляры купіць даволі складана. Калі будзе дадзены дазвол гэты курс штучна не трымаць, ці будзе далей курс даляру расьці?

Прэйгерман: Я думаю, што курс даляру будзе расьці. Калі будзе дадзена свабода камэрцыйным банкам, то гэты рост будзе працягвацца. Тут трэба разумець, што праблема дэфіцыту гандлёвага балянсу і бягучага рахунку застаецца, і калі глядзець статыстыку, нават павялічваецца. І прычына ня толькі ў тым, што, як кажа Лукашэнка і некаторыя прадстаўнікі ўлады, людзі пачалі купляць аўтамабілі. Аўтамабілі ў імпарце Беларусі складаюць толькі некалькі працэнтаў. Галоўная праблема — гэта энэргарэсурсы. А рост цэнаў на іх працягваецца. У такім становішчы без радыкальных зьменаў трымацца на адным ўзроўні рубель ня здолее.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG