Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Лябедзька: "Мяркую, муж паказаньняў не дае"


Навіны з жыцьця палітвязьняў. Анатоль Лябедзька не дае паказаньняў, мяркуе жонка палітыка Сьвятлана. Мікалай Статкевіч заканчвае азнаямленьне з крымінальнай справай. Зьміцер Бандарэнка пакутуе ад хваробы суставаў. Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі "маральна гатовы да значнага тэрміну".

Лідэра АГП Анатоля Лябедзьку ўпершыню за тры месяцы наведаў адвакат. Жонка палітыка Сьвятлана распавяла:

Выглядае стомленым, але збольшага трымаецца... Наколькі я ведаю, ніякіх сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам не вядзецца
"Выглядае стомленым, але збольшага трымаецца. Пакуль адвакат ня ведае, калі скончыцца ягоная справа, нічога пэўнага сказаць ня можа. Наколькі я ведаю, ніякіх сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам не вядзецца. Мяркую, ён паказаньняў не дае, таму яго пакуль і не чапаюць. Больш няма чаго дадаць".

З апошняга ліста вядома, што ёсьць пастанова аб утрыманьні яго пад вартай да 20 траўня. "А там будзе бачна", — кажа Сьвятлана Лябедзька.

24 сакавіка экс-кандыдат у прэзыдэнты Мікалай Статкевіч заканчвае азнаямленьне з крымінальнай справай. Пра гэта са спасылкай на адваката паведаміла грамадзянская жонка палітыка Марына Адамовіч:

"Сёньня адвакат пайшла да яго трэці раз, хутчэй за ўсё, яны ўжо будуць завяршаць азнаямленьне са справай. Магчыма, напішуць патрэбныя скаргі. Бо адну падзею расьцягнулі на дзясяткі спраў, што, лічу, незаконна".

Марына Адамовіч таксама занепакоеная тым, што ўжо амаль тыдзень не атрымлівае лістоў ад Мікалая Статкевіча. "Быццам бы ліставаньне ўжо наладзілася, і зноў вялікі перапынак", — кажа Марына Адамовіч. На пачатку году ад Мікалая Статкевіча цягам трох тыдняў не было лістоў, хоць потым высьветлілася, што ён лісты адсылаў.

У судзе над актывістам руху "За свабоду" Мікітам Ліхавідам падчас вуснага азнаямленьня з матэрыяламі справы было агучана, што ў справе фігуруе некалькі фатаздымкаў, на якіх Статкевіч спрабуе пранікнуць у Дом ураду 19 сьнежня, дзеля чаго наносіць удары ў дзьверы і заклікае іншых да гэтых дзеяньняў. Ці гэта Мікалай Статкевіч, у судзе не прагучала.

Каардынатар "Эўрапейскай Беларусі" Зьміцер Бандарэнка паведаміў сваякам, што пакутуе ад падагры — хваробы суставаў. Бандарэнка просіць даслаць адмысловых лекаў. Паводле вязьня "амэрыканкі", хвароба ў яго магла абвастрыцца з-за вялікіх перападаў начной і дзённай тэмпэратуры.

Экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева на допыты на гэтым тыдні не выклікаюць, паведаміла жонка палітыка Вольга Някляева. Спадар Някляеў ужо амаль два месяцы знаходзіцца пад хатнім арыштам. Калі будзе завершанае расьсьледаваньне ягонай крымінальнай справы, невядома.

Пачаў азнаямленьне з матэрыяламі сваёй крымінальнай справы былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі, якога таксама абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, а таксама ў прысваеньні ўлады. Бацька вязьня "амэрыканкі " распавёў і пра стан здароўя сына:

сына аглядаў турэмны доктар і нібыта пераломаў рэбраў, чаго мы апасаліся, не знайшоў
"У лісьце, які прыйшоў ад генпракурора, распавядаецца пра тое, што сына аглядаў турэмны доктар і нібыта пераломаў рэбраў, чаго мы апасаліся, не знайшоў. Але зь ліста незразумела, наколькі сур'ёзным было становішча раней. Што да будучыні, то відаць зь ягоных лістоў, што ён падрыхтаваўся да горшага разьвіцьця падзей. Бо "навесілі" на яго ажно тры артыкулы, ёсьць асьцярога, што хочуць зладзіць паказальны суд. У тым сэнсе, каб усе людзі ў пагонах бачылі, што будзе з кожным, хто выступіць супроць сыстэмы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG