Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Ірыны Халіп абвяргае Аляксандра Лукашэнку


Супрацоўнік пракуратуры Пусташыла: "Заявы Міхалевіча пра катаваньні правяраем". Люцына Бяльзацкая: "Такога званку не было". Тацяне Севярынец адмаўляюць у сустрэчах з сынам, які тры месяцы знаходзіцца ў "амэрыканцы". Анатоля Лябедзьку адвакат ня можа наведаць ужо амаль тры месяцы. Паўла Вінаградава пакінулі на Валадарцы, дзе ён захварэў.

Люцына Бяльзацкая Даніла Саньнікаў
Люцына Бяльзацкая
, маці журналісткі Ірыны Халіп, якую трымаюць пад хатнім арыштам як абвінавачаную ва ўдзеле ў масавых беспарадках, абвяргае словы Аляксандра Лукашэнкі. 18 сакавіка, выступаючы перад запрошанымі ў Менск рэдактарамі некаторых расейскіх выданьняў, Аляксандр Лукашэнка распавёў пра званок, нібыта зроблены Ірынай Халіп сваёй маці 19 сьнежня. Паводле Лукашэнкі, журналістка размаўляла двойчы. Спачатку з радыё "Эхо Москвы", калі ў наўпроставым эфіры распавядала, як яе затрымліваюць міліцыянты. Лукашэнка палічыў гэты званок інсцэніроўкай, паколькі нібыта далей быў званок да маці, якому ніхто не перашкаджаў. "Праз некалькі сэкундаў па таму ж тэлефону: мама, ты паглядзі, там вось дзіця, каб было чым накарміць ды іншае. Літаральна праз сэкунду. Ну, трэба сказаць, прыгожа зрабілі", -- казаў Аляксандр Лукашэнка пра званкі Ірыны Халіп.

Вось што на гэта сказала Люцына Бяльзацкая, маці Ірыны Халіп.

"Адкуль у яе быў другі тэлефон і як яна магла пазваніць? І яшчэ: "Пакарміць дзіцёнка а палове на 12-ую" – гэта сьмешна. Хіба ён ня ведае, што ў такі час дзеці сьпяць? Не было такога званку. Быў званок ужо праз некалькі гадзінаў, з турмы на Акрэсьціна. У яе тэлефон адабралі і ёй там нехта даў тэлефон. Коратка пазваніла, што ўжо ўсё... Гэта было праз некалькі гадзінаў. І яшчэ эсэмэска была "Не вадзі Даню заўтра ў сад". Гэта ўсё".

Люцына Юр'еўна Бяльзацкая нагадала, што сёньня дакладна тры месяцы тых падзей. "Мы ўсе пад сапраўдным арыштам. Я таксама адчуваю сябе як ў турме", -- сказала маці Ірыны Халіп, жонкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава.

Тацяна Севярынец
Маці Паўла Севярынца Тацяна працягвае дамагацца сустрэчы з сынам. На шляху па розных установах спадарыня Севярынец сустрэлася з супрацоўнікам пракуратуры, які кантралюе выкананьне закону ў СІЗА КДБ.

"18 сакавіка была ў Генэральнай пракуратуры, размаўляла са спадаром Пусташыла. Ён непасрэдна курыруе СІЗА КДБ. Сказаў, што па заяве Міхалевіча адносна катаваньняў ідзе праверка... І сказаў, што бачыў Паўла. Кляўся-бажыўся мне, што Павал добра выглядае, што ён ў дорым стане. А я яго спытала, чаму я не магу сустрэцца з сынам, якога не бачыла ўжо тры месяцы? Такога не было, каб я, маці, яго не бачыла 3 месяцы, за ўсе 34 гады ягонага жыцьця. Тры заявы пра гэта напісала, шэраг скаргаў, а мне ўсё не даюць сустрэчы. Кажа, што ўсё разумее, але гэтак і гэтак, толькі старшыня Вярхоўнага суду Сукала, нібыта толькі ад яго залежыць. Кажу, што і ў Сукалы я была, той разводзіў рукамі і казаў, што не, не ад яго гэта залежыць... Зразумела, зноўку па колах я буду хадзіць".

Тацяна Севярынец таксама працягвае дамагацца, каб да яе сына Паўла, паводле яго просьбы, дапусьцілі для споведзі праваслаўнага сьвятара. "Сказалі, што ёсьць дамова з МУС аб наведваньні сьвятарамі вязьняў "Валадаркі", а вось адносна "амэрыканкі" дамовы з КДБ няма. Сказалі, пакуль не закончыцца сьледзтва, сьвятара ня пусьцяць", -- паведаміла Свабодзе Тацяна Севярынец. Ніякіх зьвестак пра тэрмін заканчэньня справы Паўла Севярынца ягоная маці ня мае.

Жонка Анатоля Лябедзькі Сьвятлана распавяла, што адвакат Анатоля зноў і зноў спрабуе дамагчыся сустрэчы зь ім, але ёй па-ранейшаму адмаўляюць і спасылаюцца на тое, што ў будынку КДБ не хапае вольных кабінэтаў.

Вязень "Валадаркі", актывіст штабу Уладзімера Някляева Павал Вінаградаў захварэў на страўнік. Пра гэта бацька вязьня Юры Вінаградаў даведаўся з апошняга ліста сына.

"Учора атрымалі ліст. Піша, што некалькі дзён таму была высокая тэмпэратура, потым палепшала, а зараз зноў высокай тэмпэратура. Мяркуе, што харчовае атручваньне. Лекі ў яго ёсьць, будзем спадзявацца, ўсё нармалізуецца".

Напярэдадні суд разгледзеў скаргу адваката аб зьмене меры стрыманьня для Паўла Вінаградава і пакінуў актывіста на "Валадарцы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG