Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК спрабуе абараніць адвакатаў


11 сакавіка Вярхоўны суд завяршыў разгляд скаргі Беларускага Хэльсынскага камітэту да Міністэрства юстыцыі. Праваабаронцы абскардзілі папярэджаньне Мін’юста, вынесенае на адрас БХК 12 студзеня. Рашэньне суду будзе агучана 12 сакавіка.

БХК абскардзіла папярэджаньне Мін’юста, якое зьявілася пасьля таго, як праваабаронцы накіравалі спэцдакладчыку ААН у пытаньнях незалежнасьці судзьдзяў і адвакатаў Габрыэле Кнаўль інфармацыю пра ціск уладаў на адвакатаў, што абараняюць абвінавачаных і падазраваных у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 сьнежня. Падчас працэсу пракурор прапанавала адмовіць БХК у задавальненьні скаргі. Яна спаслалася на тое, што БХК выкарыстоўваў у сваёй дзейнасьці назву, якая не адпавядае статуту. Паводле пракурора, што тычыцца фактаў ціску на адвакатаў, выкладзеных у звароце да спэцдакладчыка ААН, то «яны не знайшлі дастатковага пацьвярджэньня падчас судовага разбору».

На судовым працэсе прысутнічалі два прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі. Аляксандар Харытон, які трапіў у сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу, у сваёй рэпліцы прызнаўся нават, што дрэнна гаворыць па-ангельску.

«Спадар Гулак пасьмеў сьцьвярджаць, што спадар Харытон ня ведае ангельскай мовы. Гэта ня так. Ай сьпік інгліш. Май інгліш іс бэд. Іт іс тру. Бэд. Ай сьпік інгліш. Бэд. „Дрэнна“ — па-ангельску гэта».

Алег Гулак
У сваім выступе ў судзе старшыня БХК Алег Гулак адхіліў вінавачаньні з боку Мін’юста ў тым, што прадстаўленая спэцдакладчыку ААН інфармацыя пра запужваньне і ўмяшаньне ў дзейнасьць адвакатаў з боку Міністэрства нібыта дыскрэдытуе органы ўлады і пададзеная тэндэнцыйна. Гулак адзначыў, што ў гэтай сытуацыі БХК выступіла ў ролі люстэрка, якое адлюстроўвае сытуацыю. Ён сказаў, што пададзеныя факты пэўныя і БХК мае права даваць ім ацэнку. Патрабаваньне Мінюста да БХК адклікаць у двухдзённы тэрмін зварот адносна адвакатаў з ААН спадар Гулак назваў «неадэкватнай і дзікай рэакцыяй». Паводле праваабаронцы, замест таго, каб выправіць сытуацыю, Мін’юст вынес папярэджаньне. У інтэрвію «Свабодзе» Алег Гулак адзначыў:

«Для нас найперш важна тое, што пацьверджана законнасьць нашага звароту ў міжнародную арганізацыю. Але пры гэтым мы разумеем, што такая наша пазыцыя падштурхоўвае да высновы, што не гатова пакуль наша дзяржава, каб у судзе грамадзкая арганізацыя магла дамагчыся адмены папярэджаньня Мін’юста. Перамагчы Мін’юст у гэтым пытаньні. Пакуль такога яшчэ не было, і зараз такое можа не адбыцца».

Павал Левінаў
Прысутны на працэсе сябра БХК Павал Левінаў адзначыў, што ціск ідзе найперш на адвакатаў, якія абараняюць фігурантаў справы аб масавых беспарадках.

«Ціск на адвакатаў ідзе. Пра гэта кажуць адвакаты. Зьвярніце ўвагу, у залі суду, дзе фактычна разглядалася ня толькі папярэджаньне БХК, але і ціск на адвакатаў, абарона адвакатаў, адвакатаў жа не было. Чаму? У нармальным, свабодным грамадзтве тут былі б адвакаты. Але яны разумеюць, што калі прыйдуць сюды, то заўтра апынуцца разам з тымі, хто ўжо не зьяўляецца адвакатам».

Спадар Левінаў таксама зьвярнуў увагу на тое, што пралукашэнкаўская арганізацыя БРСМ таксама шырока выкарыстоўвае скарочаную назву:

«Там парушэньне на парушэньні. Але чамусьці Міністэрства юстыцыі аднавокае. Адным вокам бачыць, а другім ня хоча, на жаль, бачыць».

Пазбаўленыя ліцэнзій чатыры адвакаты — Уладзімер Тоўсьцік і Тамара Гараева, якія абаранялі жонку экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп, а таксама былы адвакат экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча Алег Агееў і ягоная маці Тацяна Агеева. Рашэньнем прэзыдыюму Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Павал Сапелка выключаны з арганізацыі і праз гэта пазбаўлены права займацца адвакацкай дзейнасьцю. У крымінальных справах па падзеях 19 сьнежня Павал Сапелка абараняў Андрэя Саньнікава, Паўла Севярынца і Зьмітра Дашкевіча. У выніку падзей 19 сьнежня пазбаўлена ліцэнзіі гарадзенская адвакатка Валянціна Бусько.Таксама адхілены ад адвакацкай дзейнасьці Міхаіл Воўчак, адвакат старшага сьледчага Генпракуратуры Сьвятланы Байковай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG