Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацьку вязьня «Валадаркі» напісаў экс-прэм’ер Бэльгіі


Бацька актывіста штабу Някляева Паўла Вінаградава атрымаў ліст ад былога прэм’ера Бэльгіі са словамі падтрымкі і салідарнасьці. Большасьць лістоў да Мікалая Статкевіча не даходзіць. Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі просіць прыслаць яму ў турму фотаздымак дзяцей.

Павал Вінаградаў
Юры Вінаградаў жыве ў Беразіно. 9 сакавіка ён атрымаў ліст з Бэльгіі ад былога прэм’ера ўраду гэтай краіны Вільфрэда Мартэнса. Юрый Вінаградаў прачытаў ліст у сваім перакладзе для «Свабоды»:

«Ад імя Эўрапейскай народнай партыі хацеў бы выказаць сваю салідарнасьць і падтрымку ў гэты цяжкі для вас час, калі ваш сын знаходзіцца ў турме паводле падзей у Беларусі ў сьнежні 2010 году. Сусьветная дэмакратычная супольнасьць шакаваная гэтымі падзеямі. Рэжым Лукашэнкі яшчэ раз паказаў свой сапраўдны твар і пацьвердзіў сваю назву — апошняя дыктатура ў Эўропе. На жаль, ваш сын у выніку гэтых падзеяў праз свае палітычныя перакананьні апынуўся ў закладніках беларускай улады. Я хацеў бы пажадаць вам сілы і мужнасьці пераадолець цяжкасьці гэтага складанага часу. Я хацеў бы запэўніць вас, што Эўрапейская народная партыя будзе ўважліва сачыць за разьвіцьцём падзей. Цьвёрда веру, што палітычныя рэжымы, заснаваныя на запалохваньні і перасьледаваньні, ня могуць захоўвацца ў краіне, дзе людзі гэтак прагнуць дэмакратыі, як у Беларусі.

З павагай, Вільфрэд Мартэнс, былы прэм’ер-міністар Бэльгіі».

Сын Юрыя Вінаградава Павал быў актывістам выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева. Ён абвінавачваецца ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня. Больш за 2 месяцы хлопца ўтрымліваюць у ізалятары на Валадарскага. «У камэры, дзе трымаюць сына, на 25 вязьняў ёсьць толькі 15 ложкаў», — паведаміў «Свабодзе» Юры Вінаградаў.

Аляксандар Класкоўскі
Былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі, якога з 20 сьнежня трымаюць у СІЗА КДБ паводле абвінавачаньня ва ўдзеле ў масавых непарадках 19 сьнежня, павіншаваў жонку і сваякоў з 8 сакавіка паштоўкай. «Просіць прыслаць фатаздымак дзяцей. Пра сябе нічога ня піша. Ці няма пра што, ці апасаецца пісаць праўду», — зазначае жонка вязьня, у якога трое малых дзяцей. Дагэтуль адвакату Класкоўскага цяжка трапіць да яго на сустрэчу, кажа Натальля Класкоўская.

«На мінулым тыдні пазваніла, казала, што нібыта была магчымасьць, можна было да яго патрапіць. Паехала ў КДБ, але марна. І кнігу чытала, пакуль чакала, і плэер слухала, да вечара там праседзела, але так і не пусьцілі. І быццам не адмаўляюць, але прыяжджае, кажа, сядзіць цэлы дзень, і ўсё роўна не пускаюць».

Днямі Аляксандар Лукашэнка даў інтэрвію ўплывовай газэце «Вашынгтон пост». Словы амэрыканскай журналісткі аб тым, што падсудныя ў справе 19 сьнежня ня маюць свабоднага доступу да адвакатаў, Лукашэнка абверг і назваў «абсалютнай хлусьнёй».

Мікола Статкевіч
Да Мікалая Статкевіча на канфідэнцыйную сустрэчу адвакат таксама ня можа трапіць ужо больш за 2 месяцы, паведаміла жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Марына Адамовіч. 9 траўня Марына атрымала ад Мікалая ліст з віншаваньнем з нагоды 8 сакавіка і намаляванымі кветкамі. «Даруй, што пакуль такія. Прыйдзе час, і змагу падарыць сапраўдныя кветкі», — піша Мікалай Статкевіч. Зь ліста Марына зразумела, што пераважная большасьць яе лістоў Мікалаю не даходзіць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG