Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дар'я Корсак: "Гэта выключна палітычны прыгавор – помста"


Госьця “Начной Свабоды” – Дар'я Корсак, жонка палітвязьня Аляксандра Атрошчанкава.

Соўсь: Дар’я, як вы ўспрынялі такі жорсткі прысуд вашаму мужу?

Корсак: Яшчэ да пачатку суду ў мяне не было ніякіх спадзяваньняў. Бо мы жывем пры дыктатуры, і не было ніводнага шанцу, што будзе апраўдальны прыгавор. Я думала, што будуць 3 гады. Ніяк не чатыры строгага рэжыму.

Соўсь: На відэа з залі суду, якое ўчора зьмясьцілі на сайце "Нашай нівы", відаць, як вы гледзіце адно на аднаго –– Аляксандар з-за кратаў, вы з залі суду. Відавочна, што вы разумееце адно аднаго бяз словаў. Што вы пасьпелі сказаць мужу пасьля таго, як яго павялі? Як ён трымаўся на судзе?

Корсак: Мы ня шмат маглі размаўляць, таму што гэта забаронена. Я ў яго спыталася, ці пацьвердзіць ён наконт катаваньняў, пра якія казаў Міхалевіч. Ён сказаў, што пацьвярджае. А сказала яму, што кахаю і ганаруся, а далей мы размаўлялі бяз словаў – вачыма і ўсьмешкамі.

Соўсь: Ці меў магчымасьць падчас судовага працэсу Аляксандар даведацца пра заяву Аляксея Міхалевіча пра катаваньні ў турме КДБ. Як вы мяркуеце, ці падобныя катаваньні ўжываліся ў дачыненьні да вашага мужа?

Корсак: Я пляную распавесьці пра гэта, напэўна, заўтра.

Соўсь: Як вы ацэньваеце сам судовы працэс? Яго аб’ектыўнасьць, пазыцыі судзьдзі, абвінаваўцы, адвакатаў?

Корсак: На судзе не было ніякіх доказаў, выстаўленых абвінавачаньнем. Гэты прысуд толькі пацьвярджае тое, што Атрошчанкаву быў вынесены палітычны прыгавор як помста за тое, што ён быў прэсавым сакратаром аднаго з кандыдатаў – Андрэя Саньнікава. Для бацькоў Аляксандра гэта было шокам.

Соўсь: Хто падтрымлівае вас увесь гэты час пасьля 19 сьнежня?

Корсак: Мяне падтрымлівае амаль кожны чалавек, якога я ведаю. Мне і бацькам Аляксандра прыходзяць лісты з замежжа, дзе нас падтрымліваюць незнаёмыя людзі і кажуць, што Аляксандар герой і што ім ганарацца. І, вядома, "Вызваленьне" – ініцыятыва родных палітвязьняў, якую мы стварылі амаль адразу пасьля гэтых падзей. Гэта, можна сказаць, мая другая сям'я. Гэта тыя людзі, якім ня трэба нічога тлумачыць, яны ўсё разумеюць.

Соўсь: У "амэрыканцы" нельга слухаць радыё "Свабода", але давайце ўявім, што ў вас зьявілася магчымасьць зьвярнуцца да мужа праз наша радыё. Што б вы яму сказалі?

Корсак: Я б яму сказала, што вельмі ім ганаруся, каб ён нават і ня думаў турбавацца за мяне ці за нашу сям'ю. Таму што мы ўсе моцныя, мы гэта ўсё вытрымаем. І, як кажуць зэкі, свабода непазьбежная. Я ў гэтым упэўненая. І буду рабіць усё, што ад мяне залежыць, каб ён хутчэй апынуўся дома.

Слухаць гутарку цалкам:

Дар'я Корсак: Гэта выключна палітычны прыгавор – помста
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:06 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG