Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя жорсткія прысуды за Плошчу


Сёньня Фрунзенскі раённы суд Менску засудзіў трох удзельнікаў дэманстрацыі пратэсту супраць несумленных выбараў прэзыдэнта 19 сьнежня 2010 года. Усе падсудныя атрымалі суровыя выракі — ад 3 да 4 гадоў турмы.

Судзьдзя Тацяна Чэркас засудзіла трох удзельнікаў Плошчы да зьняволеньня ў турме ўзмоцненага рэжыму. Аляксандар Малчанаў пакараны 3 гадамі турмы, Зьміцер Новік — 3,5 гадамі, Аляксандар Атрошчанкаў — 4-ма. Лёгіка гэтых лічбаў, відаць, абумоўленая толькі тым, што Малчанаў цалкам прызнаў сваю віну, Новік — прызнаў часткова, а Атрошчанкаў цалкам не прызнаў сваю віну. Ягоны вырак стаў самым суровым, хоць яго вінавацілі ўсяго ў адным удары па драўляных шчытах пры ўваходзе ў Дом ўраду.

У сваім прысудзе Тацяна Чэркас фактычна ішла за абвінавачваньнем, адкінуўшы толькі ўзброены супраціў прадстаўнікам уладаў і тое, што Зьміцер Новік нібыта быў на плошчы ў стане ап’яненьня. Усе довады адвакатаў, што ў судзе не даведзены сам факт масавых беспарадкаў, што не было ніякіх разбурэньняў, падпалаў, узброенага супраціву, што падпадае пад гэты артыкул, а эпізод зь біцьцём шыбаў у Доме ўраду насіў лякальны характар, у ім удзельнічала 5-10 чалавек, не былі ўспрынятыя судзьдзёй.

Адвакаты ў адзін голас кажуць, што будуць аспрэчваць прысуды ў гарадзкім судзе. Адвакат Атрошчанкава Вадзім Мушынскі:

«Я ня буду камэнтаваць, справядлівы прысуд ці не, адзінае, што я магу сказаць, што вырак будзе абскарджаны ў касацыйным парадку».

Маці Алеся Малчанава Галіна была прыгаломшаная прысудам, але сказала, што на апраўданьне сына ў судзе яна і не спадзявалася:

«Я гэтага і чакала, што ад іх яшчэ можна дачакацца… У нас пратэставаць нельга».

Бацька Аляксандра Атрошчанкава Сяргей адразу пасьля прысуду напісаў заяву на спатканьне з сынам, прысуд ён лічыць палітычнай замовай і перакананы, што ягонага сына мусілі вызваліць у залі суду, бо ніякага складу крымінальнага злачынства ў ягоных дзеяньнях не было:

«Сам працэс праходзіў нармальна, а вось вырак не адпавядае ходу працэсу. Гэта палітычны працэс і прысуд палітычны. Не было прадстаўлена ніводнага доказу таго, што было агучана ў абвінаваўчым заключэньні. Мой сын не злачынца, ён удзельнічаў у афіцыйнай перадвыбарчай кампаніі як прэсавы сакратар Саньнікава».

Жонка Атрошчанкава Дар’я Корсак кажа, што яна не спадзявалася на апраўдальны прысуд, бо ведае, у якой краіне жыве:
У нас з Атрошчанкавым хопіць моцы, каб прайсьці гэты шлях, болей за тое, у нас хопіць моцы, каб перажыць гэтую дыктатуру.

«Канечне, падбадзёрвала тое, што ў працэсе суду не было ніякіх доказаў, нават відэазапісы нічога не паказвалі, а толькі пацьвярджалі словы майго мужа аб тым, што ён проста стаяў і глядзеў як журналіст, які выконваў свае абавязкі. Але 4 гады ўзмоцненага рэжыму … Яму далі больш за хлопца, які нават біў гэтыя дзьверы, — гэта яшчэ раз пацьвярджае палітычную афарбоўку працэсу. Але я магу вам сказаць, што ў нас з Атрошчанкавым хопіць моцы, каб прайсьці гэты шлях, болей за тое, у нас хопіць моцы, каб перажыць гэтую дыктатуру».

На працэс прыйшоў і іншы падазраваны па справе аб падзеях 19 сьнежня Ўладзімер Кобец, які знаходзіцца пад падпіскай аб нявыезьдзе:

«Я шакаваны гэтым прысудам. Аляксандар Атрошчанкаў — гэта журналіст і прэсавы сакратар Андрэя Саньнікава, кандыдата ў прэзыдэнты. Такі прысуд для яго — у мяне няма словаў проста, каб выказаць тое, што я зараз адчуваю».

Жорсткі прысуд Атрошчанкаву, Малчанаву і Новіку зьяўляецца паказальным — перакананая праваабаронца Алена Танкачова, якая здолела назіраць за ўсім працэсам, нягледзячы на тое, што большасьць ахвотных не магла патрапіць у вельмі малую судовую залю:

«Думаю, што гэта спроба паказаць усім тым, каму належыць прайсьці судовыя працэсы ў будучыні, абвінаваўчы ўхіл судоў, гэта спроба ціску на ўсіх, хто знаходзіцца пад абвінавачваньнем, і ўсіх іншых грамадзянскіх актывістаў».

Алена Танкачова ня лічыць, што гэты прысуд — гэта нейкая кропка, яна перакананая, што трэба абскарджваць гэтыя выракі, даводзіць іх неаб’ектыўнасьць і абсурднасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG