Анатоль Сідарэвіч
Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада).
Ад дамарослых тэарэтыкаў я чуў, што рэвалюцыя — не сацыял-дэмакратычны шлях. Паказаць, у якой сацыялістычнай кніжцы гэта напісана, яны ня могуць і спрабуюць нешта казаць пра эвалюцыю, паступовасьць. Пра эвалюцыю любяць разважаць і асобныя прадстаўнікі іншых плыняў дэмакратычнага руху.
Ня ведаю, як хрысьціянскім і нацыянальным дэмакратам, як лібэралам, але сацыял-дэмакратам проста грэх ня ведаць азы марксізму. Дык вось, марксісцкая тэорыя кажа нам, што рэвалюцыя — гэта момант у эвалюцыйным працэсе, калі адбываецца скачок або скачкападобны пераход з аднае якасьці ў іншую. Якую форму набудзе гэты пераход (мірную ці гвалтоўную), залежыць ад мноства чыньнікаў, але ў першы чарод — ад канкрэтнай расстаноўкі сілаў унутры тае ці іншае краіны.
У канцы ХІХ стагодзьдзя Фрыдрых Энгельс пісаў, што ў барацьбе за вызваленьне трэба спрабаваць абыходзіцца законнымі сродкамі змаганьня, але пры гэтым маецца на ўвазе, што і праціўнік дзейнічае таксама ў рамках закону. Энгельс адзначаў: першай умовай захаваньня законнасьці з боку народу зьяўляецца тое, што і органы ўлады трымаюцца ў рамках закону. У адваротным выпадку, пісаў ён, паводле ангельскіх прававых паняцьцяў, паўстаньне становіцца першым абавязкам грамадзян. Тут можна было б удакладніць, што права на паўстаньне супраць тыраніі прадугледжвалася таксама прававымі нормамі іншых дзяржаў, у тым ліку і Вялікага Княства Літоўскага. Нагадаю, што права людзей на паўстаньне супраць тыраніі, г. зн. супраць такога ладу, пры якім не паважаюцца правы і свабоды чалавека, прадугледжана таксама і Ўсеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека.
Думаю, у нашай краіне няма такога дэмакрата, які б не жадаў мірнае рэвалюцыі, мірнага вяртаньня Беларусі на шлях дэмакратычных пераўтварэньняў. З другога боку, відавочна, што ў нашай краіне склалася аўтакратыя. У Беларусі практычна няма органаў дзяржаўнае ўлады — ёсьць органы асабістае ўлады. Паўнамоцтвы, якімі валодае ўрад, — эфэмэрныя, бо над урадам, над міністэрствамі і ведамствамі стаіць звышорган асабістае ўлады — адміністрацыя, паўнамоцтвы якой не прапісаныя ніякім законам. Гэтак званы парлямэнт сфармаваны ў нетрах адміністрацыі і таксама зьяўляецца інструмэнтам асабістае ўлады. Тое ж можна сказаць і пра судовую сыстэму Беларусі.
Грамадзка-палітычнае жыцьцё краіны загнанае ў паўпадпольле. Адных партыяў, як БХД, улада не рэгіструе, другім партыям, як БСДП, улада спрабуе навязаць у якасьці старшыні свайго стаўленіка, трэцім, як БНФ, пагражае закрыцьцём праз пазбаўленьне юрыдычнага адрасу... Улада літаральна тэрарызуе адвакатуру і спрабуе канчаткова яе этатызаваць. Улада шантажуе праваабарончыя арганізацыі. Нешматлікія недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, асабліва газэты, стала знаходзяцца пад пагрозаю закрыцьця. Прафэсійныя арганізацыі, якія ўваходзяць у Фэдэрацыю прафсаюзаў, сталі падразьдзяленьнямі адміністрацыі. Беларускі саюз спажывецкіх таварыстваў даўно этатызаваны.
Да сучаснай Беларусі цалкам стасуецца азначэньне Льва Сапегі, які пісаў, што тыранія — там, дзе вярхоўная ўлада кіруецца не пісаным законам, а сваім "зданъем и уподобанъем".
Што тычыцца эканамічнага ладу ў Беларусі, дык яго, калі пакарыстацца марксісцкай тэрміналёгіяй, можна назваць мадыфікацыяй усходняга спосабу вытворчасьці. Багатыя беларусы, якія ня маюць трывалых і надзейных сувязяў ва ўладных структурах, ня могуць укладваць свае сродкі ў будаўніцтва новых вытворчых магутнасьцяў, у разьвіцьцё сфэры паслугаў з тае прычыны, што ў нашай дзяржаве няма гарантый уласнасьці. У канчатковым выніку галоўным уласьнікам і распарадчыкам асноўных сродкаў вытворчасьці ў Беларусі, як і ва ўсходніх тыраніях, зьяўляецца дзяржава, а больш дакладна — сям’я. Ад галавы дзяржавы — і гэта ўсім вядома — залежыць ня толькі права на валоданьне значнымі сродкамі вытворчасьці, але і асабістая свабода прадпрымальніка. Таму нямала беларусаў вымушаныя разгортваць сваю справу за межамі краіны. А за імі сотні тысяч беларусаў падаліся за мяжу ў пошуках працы.
Відавочна, што гарантаванае разьвіцьцё прадукцыйных і інтэлектуальных сілаў, а таксама сацыяльны прагрэс любой краіны немагчымы без свабоды палітычнай, эканамічнай і інтэлектуальна-духоўнай дзейнасьці, без гарантыяў правоў чалавека і грамадзяніна.
Улада абяцала нам эўрапейскую якасьць жыцьця. Але яе ня можа быць без эўрапейскай дэмакратыі, эўрапейскай бясьпекі і псыхалягічнага камфорту чалавека. Гэтая ўлада ня здольная стварыць ня толькі эўрапейскую якасьць, але і эўрапейскі ўзровень жыцьця. Сярэдні заробак 500 даляраў пратрымаўся толькі адзін месяц. Адразу ж пасьля выбараў рэальныя заробкі пачалі каціцца ўніз і ўжо зьменшыліся на 13 адсоткаў.
Можна асьвятліць уначы Менск і дарогу з аэрапорту "Менск-2", але ніхто не схавае галечу нашых драўляных вёсак і мястэчак. Пра якую якасьць і пра які ўзровень жыцьця можна весьці гаворку, калі краіна стаіць у лідэрах па самазабойствах, калі ў гэтай краіне колькасьць дзяцей бязь сем’яў перавышае ўзровень першых паваенных гадоў?
Улада паказала няздольнасьць комплексна вырашыць сацыяльна-эканамічныя праблемы. Мільярды, атрыманыя ад Расеі на дурніцу, укладзены ў лядовыя палацы, у аўтамабілі для чыноўнікаў, у аграгарадкі, якія чакае лёс колішніх "пэрспэктыўных" вёсак, ва ўсякія іншыя "прэстыжныя" праекты і ў вельмі малой меры — у будучыню, у рэструктурызацыю эканомікі, у прыстасаваньне яе да вымогаў сусьветнага рынку. Дэфіцыт плацёжнага балянсу паказвае, што наша гаспадарка стратная. Каб пазьбегнуць краху і сацыяльнага выбуху, улада заганяе краіну ў даўгавую яму, пачынае распрадаваць агульнанародны набытак.
Відавочна, што інтарэсы сацыяльна-эканамічнага і інтэлектуальнага прагрэсу нашай краіны і інтарэсы карпарацыі, якая стаіць ва ўладзе, прыйшлі ў супярэчнасьць. І гэта паказалі падзеі 19 сьнежня.
Падзеі 19 сьнежня паказалі: хоць улада працяглы час казала сваім апанэнтам "не падабаецца — зьяжджайце", хоць яна праводзіла палітыку замбаваньня праз школу і свае сродкі масавай інфармацыі, супраціў у грамадзтве ёй не ўдаецца зьнішчыць. На плошчы Незалежнасьці пераважала моладзь, якая хоча, каб у Беларусі ўсталяваліся цывілізаваныя парадкі.
Падзеі 19 сьнежня паказалі, што людзі стаміліся ад хамства, некампэтэнтнасьці і ваяўнічага невуцтва ўлады і жадаюць пераменаў.
Пра тое, што цяперашні рэжым устаноўлены незаконным шляхам, спрэчак няма, але падзеі 19 сьнежня высьветлілі галоўнае: асабістая ўлада страціла сваю легітымнасьць, г. зн. маўклівую згоду большасьці на тое, каб пэўная асоба, пэўная група кіравала краінаю. Пераважны настрой пакуль што — маўклівая нязгода большасьці грамадзянаў з панаваньнем карпарацыі, з мэтадамі ажыцьцяўленьня гэтага панаваньня. Брутальныя дзеяньні ўлады выклікалі ў большасьці грамадзтва абурэньне, шок, страх, але не падтрымку. Але менавіта брутальнасьць у дачыненьні да апанэнтаў становіцца цяпер галоўным сродкам утрыманьня ўлады. Не прапаганда, не папулізм, не дэмагогія, а менавіта сілавыя структуры і карная юстыцыя — вось цяпер галоўныя інструмэнты ўтрыманьня ўлады.
Нявыкрутка, цугцванг — яшчэ адно наступства падзеяў 19 сьнежня. Улада страціла рэшткі даверу на Захадзе. Нічога, акрамя даўгоў і новых праціўнікаў, не набыла яна і на Ўсходзе.
Калі я кажу пра маўклівую нязгоду большасьці грамадзянаў Беларусі, дык маю на ўвазе і людзей з уладных структураў. Яны, агулам сказаўшы, падзяляюцца на два асноўныя лягеры — на "галубоў" і на "каршуноў". Калі "галубы" паціху наракаюць на брутальнасьць, на хамства вярхоў, дык "каршуны" бачаць слабасьць вярхоўнай улады ў яе саступках дамаганьням Захаду ці Ўсходу. Асудзяць палітзакладнікаў на зьняволеньне — кепска, асудзяць умоўна ці апраўдаюць — таксама пагана. Пойдзе ўлада з працягнутай рукой прасіць грошай на "падтрымку штаноў" — кепска, ня пойдзе — таксама блага. Ні тое, ні тое не дадасьць уладзе аўтарытэту, легітымнасьці.
Аўтакратыя вычарпала свой рэсурс, свой крэдыт. Іначай і быць не магло. Я, здаецца, пісаў пра гэта, але паўтаруся: самы галоўны чыноўнік у нашай дзяржаве — някепскі тактык, але благі стратэг. Карпарацыя жыла паводле прынцыпу, сфармуляванага ў казцы Аркадзя Гайдара: абы дзень прастаяць ды ноч пратрымацца. Яна думае пра свае інтарэсы, пра сваё выжываньне, пра ўтрыманьне ўлады, а не пра нацыянальныя інтарэсы, не пра жыцьцёвыя пэрспэктывы народу ў глябалізаваным сьвеце.
Каб Беларусь перастала быць падабенствам усходніх тыраніяў, каб наша краіна не скацілася ў лік краінаў трэцяга сьвету, не ператварылася ў вечнага даўжніка і просьбіта, патрабуюцца рэвалюцыйныя перамены ў палітычным, эканамічным, грамадзкім ладзе. Ня толькі сацыял-дэмакрат — кожны скажа, што без палітычнай дэмакратыі ня можа быць дэмакратыі эканамічнай, сацыяльнай, культурнай.
Ці адбудуцца рэвалюцыйныя перамены, калі яны адбудуцца, якім шляхам — гэта ўжо іншыя пытаньні. Паўтараю: без кардынальных пераменаў Беларусь асуджаная на гібеньне, на стагнацыю, на страту свайго прадукцыйнага, інтэлектуальнага патэнцыялу, добрых шанцаў у глябалізаваным сьвеце. Гэта інтуітыўна разумее цяпер большасьць грамадзян. Гэта лепш адчувае новае пакаленьне. І ня толькі ў Беларусі. Падзеі на Ўсходзе — ад Магрыбу да Ірану — паказваюць, што менавіта гэтае пакаленьне і перадавыя прадстаўнікі старэйшай генэрацыі сталі рухаючай сілай рэвалюцыйных падзеяў.
Калі адбудуцца перамены ў Беларусі? Рэвалюцыі не адбываюцца паводле графіку. Але Беларусь страціла ўжо 16 гадоў. За гэты час дарослымі сталі дзяўчаткі і хлопчыкі, якія нарадзіліся ў год абвяшчэньня незалежнасьці. Ім патрэбна жыцьцёвая пэрспэктыва. Скварка і чарка іх не задаволіць. Ім патрэбна эўрапейская пэрспэктыва.
Аўтакратыя ведае, што ў краіне высьпявае патрэба ў рэвалюцыі. Але яна ня здольная весьці дыялёг з іншадумцамі, апанэнтамі, зьдзейсьніць нават мінімальныя пераўтварэньні ў бок дэмакратыі. Яна вядзе палітыку прэвэнтыўнай контрарэвалюцыі. Паколькі раздаваць народу пернікі ў яе цяпер няма магчымасьці, галоўным сродкам барацьбы з рэвалюцыйнымі памкненьнямі ў грамадзтве застаецца бізун. Але бізун эфэктыўны да пары да часу.
Якім шляхам адбудуцца перамены? Паўтараю: амаль усё залежыць ад унутранай расстаноўкі сілаў. Палітоляг Валер Карбалевіч напісаў нядаўна пра пяць магчымых варыянтаў разгортваньня падзеяў: рэвалюцыя; рэвалюцыя "зьверху"; намэнклятурны пераварот; пераемнік; захаваньне статус-кво. Сам Валер Карбалевіч прыйшоў да высновы, што найбольш рэальнае ў Беларусі — захаваньне статус-кво, г. зн. "застой і павольнае гніеньне, якія афіцыйная прапаганда называе стабільнасьцю".
Тут ёсьць пра што паспрачацца. Выкажу тое, пра што аднойчы ўжо казаў на Радыё Свабода. Калі на вуліцу выйдуць 100 тысяч рабочых, хіба толькі самыя адчайныя сілавікі кінуцца разганяць іх дубінкамі і гумовымі кулямі. Ня думаю, што вайскоўцы адважацца кінуць на іх танкі і авіяцыю. Зьвяртаю ўвагу, што першапрычынаю рэвалюцыйных падзеяў на Ўсходзе былі эканамічныя, сацыяльныя праблемы. Але эканамічныя і сацыяльныя патрабаваньні асноўнай масы супалі з палітычнымі патрабаваньнямі найбольш прасунутай часткі нацыяў. Барацьба за паляпшэньне матэрыяльнага становішча людзей зьлілася з барацьбой за дэмакратызацыю грамадзтваў. Такі марксісцкі аналіз сытуацыі. І ў нас таксама асноўнай масе цяжка давесьці, што толькі палітычная дэмакратыя гарантуе прагрэс, у тым ліку сацыяльны, але гэтая маса стане саюзьнікам дэмакратаў, калі ўбачыць, што аўтакратыя давяла яе да мяжы, што менавіта яна нясе поўную адказнасьць за яе праблемы. У выніку мы прыходзім да старое марксісцкае высновы: трывучасьць аўтакратыі і магчымасьць рэвалюцыйных пераменаў залежаць у канчатковым выніку ад сацыяльна-эканамічнай сытуацыі ў краіне.