Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампутарызацыя "сілавікоў" за кошт канфіскацыяў


Рэдакцыі недзяржаўных беларускіх СМІ, праваабарончыя арганізацыі і палітычныя актывісты па-ранейшаму застаюцца без кампутараў, аўдыё- і відэатэхнікі, а таксама іншых носьбітаў інфармацыі, сканфіскаваных падчас ператрусаў, якія адбыліся пасьля падзеяў 19 сьнежня. Звароты ў пракуратуру, КДБ ды іншыя сілавыя структуры плёну пакуль ня мелі — лёс сканфіскаванай тэхнікі і асабістых фінансавых сродкаў людзей застаецца няпэўным.

Хваля ператрусаў і канфіскацыяў пракацілася па ўсіх рэгіёнах пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і падзеяў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Прычым, для некаторых грамадзянскіх ініцыятываў гэта хваля была ня першая: напрыклад, кампанію "Гавары праўду" пазбавілі кампутараў і іншай аргтэхнікі двойчы, упершыню — 18 траўня. Дагэтуль пра лёс забранага нічога не вядома, кажа актывіст кампаніі Андрэй Дзьмітрыеў:

"Кампутарызыцыю сілавых структур мы выканалі на 200%. Абяцаньняў яны ніякіх не даюць, канечне. А крымінальная справа, да прыкладу, ад 18 траўня — яна прыпыненая. Гэта азначае, што яна і не вядзецца, і яны маюць права трымаць гэтую тэхніку. Мы, канечне, спрабуем размаўляць з МУС і іншымі, але безвынікова".

Акрамя тэхнікі, забранай з офісу кампаніі, супрацоўнікі спэцслужбаў таксама канфіскоўвалі кампутары і асабістыя сродкі актывістаў падчас ператрусаў у іх дамах. Да прыкладу, у Сьвятланы Навумавай забралі грошы, сабраныя на лекі. Спадарыня Сьвятлана кажа, што ўжо не спадзяецца іх вярнуць:

"Паколькі я інвалід, то гэтыя грошы былі мне сабраныя для лячэньня. Я пісала ў пракуратуру, аднак грошай мне, на жаль, пакуль не вярнулі. І, прабачце за мэлядраматызм, але ня ведаю, ці дажыву да гэтага".
Віталь Зыблюк

Без тлумачэньня прычынаў канфіскацыі і без абяцаньня вярнуць кампутары і іншую тэхніку спэцслужбы пакінулі рэдакцыі шэрагу незалежных выданьняў, у тым ліку "Эўрарадыё". Звароты ў пракуратуру і ў іншыя структуры і ў гэтым выпадку засталіся безвыніковымі, кажа кіраўнік радыё Віталь Зыблюк:

"Мы рабілі розныя запыты, і нам адказалі, што канфіскацыя адбылася паводле закону, але адносна вяртаньня там нічога не было".

У незалежным тыднёвіку "Наша Ніва" паведамілі, што днямі на свой запыт у пракуратуру атрымалі адказ, у якім паведамляецца, што канфіскаваная тэхніка будзе вернутая пасьля завяршэньня сьледчых дзеяньняў у крымінальнай справе, распачатай пасьля падзеяў 19 сьнежня. Вось як гэта пракамэнтаваў Гары Паганяйла — юрыст праваабарончай арганізацыі БХК, дзе таксама была канфіскаваная кампутарная тэхніка:
Гары Паганяйла

"Зразумела, што калі пад гэтыя дзеяньні сілавікоў трапілі журналісты, праваабаронцы, асобныя людзі, чыя тэхніка не магла ўтрымліваць зьвестак пра чыюсьці віну, то гэта сьведчыць пра тое, што органы крымінальнага перасьледу і палітычнага вышуку, што тычыцца КДБ, — яны выкарысталі сытуацыю, каб канфіскаваць тэхніку і высьветліць, чым займаюцца журналісты, праваабаронцы і палітычна актыўныя людзі".

Тым часам актывісты ініцыятывы "Свабодная Беларусь" з Польшчы распачалі акцыю, мэта якой -- набыць кампутары для беларускіх журналістаў і праваабаронцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG