Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовая цісканіна


Цісканіна перад судом, бацька Атрошчанкава (справа) спрабуе вырашыць праблему.
Цісканіна перад судом, бацька Атрошчанкава (справа) спрабуе вырашыць праблему.
Фрунзенскі раённы суд Менску пачаў разглядаць крымінальную справу за ўдзел у акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 года супраць Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Новіка і Аляксандра Малчанава. Паседжаньне мае аднавіцца 2 сакавіка а 10-й раніцы.

Крымінальны працэс супраць удзельнікаў дэманстрацыі пратэсту Аляксандра Атрошчанкава, Зьмітра Новіка і Аляксандра Малчанава ішоў хуткімі тэмпамі. За адзін дзень судзьдзя Тацяна Чаркас дапытала трох падсудных, 5 сьведак, прагледзела два з паловай відэафайлы з Плошчы. Апошні відэадыск у судзе дагледзець не змаглі, бо ён выявіўся сапсаваным. Судзьдзя ў ходзе працэсу пыталася пра пазыцыі бакоў, у тым ліку адвакатаў і падсудных, але пераважна прымала рашэньні, зыходзячы з пазыцыі абвінавачваньня.

Падсудных Атрошчанкава і Новіка вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, а Малчанава — яшчэ і ў зьнявазе дзяржаўнага сьцяга, які ён сарваў з будынку КДБ. Малчанаў прызнаў сваю віну цалкам, Новік — часткова, Атрошчанкаў цалкам не прызнаў сваёй віны.

Самае дзіўнае ў гэтым працэсе, чаму ўвогуле на ім аб’ядналі справы трох малазнаёмых паміж сабою ці зусім не знаёмых людзей. Тэза абвінавачваньня пра змову паміж імі не знайшла ў судзе ніякага пацьверджаньня,— мяркуе праваабаронца Алена Танкачова:
На якой падставе абвінавачваньне пасьля двух месяцаў сьледзтва, трымаючы такую вялікую колькасьць людзей у КДБ, перавярнуўшы ўвесь горад і паўкраіны дагары нагамі, правёўшы безьліч ператрусаў і арыштаў, прадстаўляе такую доказную базу?


«Якая змова? На якой падставе абвінавачваньне пасьля двух месяцаў сьледзтва, трымаючы такую вялікую колькасьць людзей у КДБ, перавярнуўшы ўвесь горад і паўкраіны дагары нагамі, правёўшы безьліч ператрусаў і арыштаў, прадстаўляе такую доказную базу? У мяне ўвогуле вялікія сумненьні наконт прафэсійнага ўзроўню нашых сьледчых органаў».

Апрача таго, паводле спадарыні Танкачовай, у працэсе так і не былі выяўленыя факты нейкіх масавых беспарадкаў 19 сьнежня. Нават сьведкі з КДБ і міліцыі прызнавалі, што акцыя насіла мірны характар, за выключэньнем інцыдэнту з шыбамі, які апазыцыя лічыць правакацыяй. Ніякіх падпалаў, разбурэньняў, узброенага супраціву міліцыі з боку дэманстрантаў не было. Пра гэта адкрыта казалі сьведкі з боку міліцыі. У прыватнасьці міліцыянт Мікалай Шаўко «зброяй» дэманстрантаў назваў толькі вудзільны, на якіх яны носяць сьцягі, і якімі адбіваліся ад спэцназу ў той вечар.

У абвінавачваньні Атрошчанкава запісана, што ён нанёс «ня менш як адзін» удар у барыкаду са сталоў, якой загарадзілі ўваходы ў Дом ураду. Але нават гэты адзін удар пакуль ня быў ніяк даказаны — сьведка з боку міліцыі казаў, што бачыў Атрошчанкава ў другім-трэцім шэрагу «жывога тарану» — натоўпу, які штурхануў два разы гэтую барыкаду. Жонка Атрошчанкава Дар’я Корсак лічыць абвінавачваньне, вылучанае супраць яе мужа, абсурдным:

«Нават тыя сьведкі, якія былі, яны не казалі пра масавыя беспарадкі, тое, што інкрымінуецца. Магчыма, гэта нешта адміністратыўнае. Нават супрацоўнікі міліцыі кажуць, што Атрошчанкаў не рабіў нічога зь дзьвярыма».

Што да справы Малчанава аб зьнявазе дзяржаўных сьцягоў з будынку КДБ, то сьведкі з аховы гэтай установы не зафіксавалі зьнявагі — дзяржаўныя паводле іх паказаньняў, сьцягі былі скінутыя, на іх месца павесілі бел-чырвона-белы штандар, які потым быў зноў заменены непашкоджанымі афіцыйнымі сьцягамі.

Асаблівай увагі вартая арганізацыя працэсу, у якім фігуруюць тры падсудныя, — раніцай ля ўваходу ў залю служба аховы стварыла вялікую цісканіну. З раніцы апрача родных падсудных, удзельнікаў працэсу, журналістаў і палітыкаў сюды прыйшло некалькі дзясяткаў коратка стрыжаных маўклівых хлапцоў. Заля ж зьмяшчала толькі 36 чалавек, і абсалютная большасьць ахвотных трапіць на працэс не змагла. У тым ліку апазыцыйны палітык Людміла Гразнова:

«Гэта незаконна. Суд жа адкрыты, і ў суда ёсьць магчымасьць, ёсьць вялікая заля, але яны яе не далі. І гэта таксама зьяўляецца ціскам на людзей. Нашых хлопцаў абмяжоўваюць, каб яны ня бачылі, якая вялікая падтрымка ў іх ёсьць».

Беларускія праваабаронцы патрабуюць, каб судовыя працэсы за Плошчу праходзілі у больш прасторных залях, без зьняважлівай для грамадзян цісканіны ў калідорах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG