Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Радзіна: "Мы чулі трэск электрашокераў"


Натальля Радзіна распавяла, як пазьбегла вярбоўкі КДБ. Суд адмовіўся мяняць меру стрыманьня для Ірыны Халіп. Аляксандар Фядута і ягоная жонка Марына ў адзін час паводле дамовы чытаюць вершы Мікалая Гумілёва.

Журналістка Натальля Радзіна, якая пасьля выхаду з турмы КДБ жыве ў Кобрыне пад падпіскай аб нявыезьдзе, пракамэнтавала заяву Алеся Міхалевіча пра катаваньні ў турме КДБ "амэрыканка". Паводле Натальлі, з жанчынамі-арыштанткамі ахоўнікі абыходзіліся інакш: ім не рабілі "расьцяжак", не было раптоўных ператрусаў, жанчын-вязьняў ня бралі ў кайданкі і не выстаўлялі на холад распранутымі. Але ў тое, што ўсё, пра што распавёў Алесь Міхалевіч, магло адбывацца зь вязьнямі-мужчынамі, Натальля Радзіна верыць, мяркуючы па тым, што чула празь сьцены камэры і ў турэмных калідорах.

Натальля Радзіна
"Калі мужчын выводзілі на допыты ці на прагулкі, я чула каманды "Рукі за сьпіну!", "Глядзець долу!", чула грукат дубінак, электрычны трэск, відаць "электрашокераў", і тое, што іх прымушаюць літаральна бегчы па калідорах", — згадвае Натальля Радзіна.

"Было кожны раз вельмі жахліва ад гэтых гукаў. На іх рэальна гучна крычалі, каб ішлі хутчэй, каб беглі на гэтую прагулку. Там вельмі крутая лесьвіца, і я кожны раз думала, як людзі, той жа кандыдат Саньнікаў ці Зьміцер Бандарэнка, у якога праблемы са сьпінай, як яны могуць бегчы па гэтай лесьвіцы. Гэта немагчыма, гэта на самой справе катаваньне. Гэта тое, што мы чулі, але ня бачылі".

Натальлю Радзіну, паводле яе, таксама схілялі да супрацоўніцтва з КДБ.

"Ужываліся пагрозы, у тым ліку такія, што "падумай, бо ніколі ня будзеш мець дзяцей".

Радзіна мяркуе, ёй дапамагло тое, што падчас допыту з удзелам адваката яна заявіла, што мае намер заставацца незалежнай журналісткай.

Уладзімер Халіп
Бацька Ірыны Халіп, вядомы сцэнарыст Уладзімер Халіп
паведаміў, што адвакат Ірыны праз суд дамагалася зьмены хатняга арышту для падабароннай на мякчэйшую меру стрыманьня, але суд адмовіў. Тое, што, паводле Алеся Міхалевіча, адбываецца зь вязьнямі КДБ, спадар Халіп назваў "вяртаньнем 1937 году":

"Што было тады, тое і зараз. Нічога не зьмянілася. Тыя ж мэтады і, на жаль, тая ж сытуацыя".

Алесь Міхалевіч
у сваёй заяве выказаў думку, што да вязьняў адмыслова не дапускаюць адвакатаў для сустрэч сам-насам, каб ня сталі вядомыя зьвесткі пра катаваньні. З канца сьнежня ніводнага разу не выклікалі адваката да Зьмітра Бандарэнкі, каардынатара "Эўрапейскай Беларусі". Учора жонка вязьня Вольга Бандарэнка атрымала яд яго ліст. Пытаюся, ці ёсьць зьвесткі пра абыходжаньне з боку ахоўнікаў?

"Лісты з такімі зьвесткамі б не дайшлі, але нешта можна ўсё роўна зразумець", — кажа Вольга Бандарэнка:

"У апошнім лісьце пра настрой піша, што сярэдні. Бо добрым у такім месцы настрой быць ня можа, а дрэнным не павінен быць ніколі".

Сьвятлана Лябедзька паведаміла, што 28 лютага накіравала сьледчаму заяву аб спатканьні з мужам. Пакуль нікому зь вязьняў КДБ па справе 19 сьнежня спатканьняў з роднымі не дазвалялі, але жонка лідэра АГП вырашыла гэта спраўдзіць.

У канцы мінулага тыдня ў Аляксандра Фядуты быў допыт. "Зноў адно і тое ж пытаюць", — кажа жонка вязьня Марына Фядута. Таксама Марына паведаміла: штовечар у адзін час яна чытае вершы Гумілёва. "Тое самае робіць і Аляксандар. Такім чынам мы быццам разам", — кажа Марына Фядута:

"Гэтую гульню ён прыдумаў. Яму набылі кнігі, якія ён замовіў. У прыватнасьці, вершы Гумілёва. А ў нас дома ў бібліятэцы Гумілёў, канечне, таксама ёсьць. І вось мы а 10 гадзіне вечара чытаем Гумілёва. Ён піша так: "пісаць лісты — часта як пісаць у нікуды, а так будзем чытаць — і быццам бы мы разам, на сувязі".

Марына Фядута лічыць, што сьвятло ў камэрах у вязьніцы КДБ не выключаюць, мяркуючы па тым, што можна чытаць позна ўвечары. Для Марыны Фядуты гэта пацьверджаньне словаў Алеся Міхалевіча. Нагадаю, экс-кандыдат у прэзыдэнты казаў, што празь яркае трывалае сьвятло ў камэрах "амэрыканкі" турэмшчыкі ўзьдзейнічаюць на псыхіку і здароўе вязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG