Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не гатовыя да свабоды? Лухта.


Калі цяпер кажуць пра непадрыхтаванасьць арабскіх краінаў да дэмакратыі, мне гэта нагадвае размовы ў канцы 80-х пра тое, што Беларусь "не гатовая да незалежнасьці".

"Пясчаныя рэвалюцыі" ў краінах Блізкага Ўсходу праходзяць пад акампанэмэнт разгубленых перасьцярогаў аналітыкаў пра ўсе тыя беды, якія могуць здарыцца з гэтым рэгіёнам. Мудрыя экспэрты палохаюць хаосам, прыходам да ўлады ісламістаў, непадрыхтаванасьцю насельніцтва да дэмакратыі, пагрозай нестабільнасьці і гэтак далей. На фоне гэтых развагаў часам робіцца простая, як бульбіна, выснова — дэмакратыя гэтаму рэгіёну супрацьпаказаная.

Шырока вядомыя сталі вынікі аднаго апытаньня, паводле якога ідэі ісламістаў падзяляюць 59 працэнтаў эгіпцян, а мадэрнізатараў — толькі 27. Высновы выглядаюць даволі лягічнымі — усё прапала, свабодныя выбары прывядуць да ўлады ісламістаў, арабскія народы не гатовыя да дэмакратыі.

І я пагаджуся: на гэты момант — так, не гатовыя. Але як можна навучыцца плаваць без вады? Нельга даведацца пра смак пудынгу, не пакаштаваўшы яго, — сказалі англічане, стваральнікі адной з найстарэйшых дэмакратый у сьвеце.

Я разумею пагрозу таго, што нясьпелая дэмакратыя ў няўмелых руках можа стаць небясьпечнай як для сваёй краіны, так і для суседзяў. Вядома, дэмакратыя — гэта небясьпечна. Жыць увогуле небясьпечна, скажу я вам.

Але як навучыцца дэмакратыі без дэмакратычных працэдур? Вось таму дыскусія павінна весьціся пра тое, як дапамагчы гэтым краінам дасягнуць дэмакратыі, як давесьці перавагі менавіта гэтага ладу жыцьця, а не пра тое, што нехта "не сасьпеў" да дэмакратыі. Размовы пра тое, што некаторыя нацыі ці рэгіёны "не заслугоўваюць" дэмакратыі, папросту патыхаюць расізмам, у лепшым выпадку — крывадушнасьцю.

Так, магчыма, эгіпцяне ў сваёй большасьці на сёньняшні дзень да чыстай дэмакратыі яшчэ не гатовыя. Але ці бываюць апрыёры "дэмакратычныя" нацыі? Паводле такой лёгікі, ці заслугоўваюць дэмакратыі немцы? Можна ж сказаць, што нацыі, якая прывяла да ўлады Гітлера і разьвязвала войны, любая дэмакратыя супрацьпаказаная? А ці заслугоўваюць дэмакратыі гішпанцы, якія 40 гадоў жылі пад дыктатурай Франка? Калі нейкі народ гадамі жыве пад аўтарытарным ці дыктатарскім рэжымам, гэта зусім не азначае, што літаральна празь некалькі гадоў ён ня можа пабудаваць дэмакратычны лад.

Ці ня крыўдна нам, беларусам, што такія ж аргумэнты, як і ў выпадку з Блізкім Усходам, выкарыстоўваюцца і ў дачыненьні да беларусаў? Лукашэнкаўскія прапагандысты, умоўна кажучы, дзеляцца на дзьве групы. Першыя — "для шырокай публікі", для самых простых слаёў насельніцтва — тупа вяшчаюць, што ў Беларусі росквіт дэмакратыі і эканомікі. Іншыя працуюць "на экспарт", для палітолягаў, аналітыкаў, палітыкаў. Дык вось якраз гэтыя, больш прасунутыя, "па сакрэту" прызнаюць, што ў Беларусі, сапраўды, дэмакратыі няма, існуе аўтарытарная ўлада. Але ж, кажуць яны, прыглушаючы голас, гэтага хоча сам народ, гэта неабходна на пераходны пэрыяд, маўляў, Лукашэнка забясьпечвае тут стабільнасьць (прывітаньне Далі Грыбаўскайце), ён гарант сувэрэнітэту, а тыя, што рвуцца да ўлады, нашмат горшыя. Ці ня чуюцца вам тут знаёмыя матывы? Менавіта, тое ж самае гавораць пра дыктатараў у арабскім сьвеце!

Калі сёньня кажуць пра непадрыхтаванасьць арабскіх краінаў да дэмакратыі, мне гэта нагадвае размовы ў канцы 80-х пра тое, што Беларусь "не гатовая да незалежнасьці". Так, была не гатовая, але ці азначае гэта, што нацыянальна-дэмакратычныя сілы не павінны былі тады змагацца менавіта за поўную незалежнасьць, якая яшчэ ў 1990-м большасьцю насельніцтва ўспрымалася як нейкая крамола (у лепшым выпадку)? Часам "рамантыкі", якія летуценна глядзяць уверх і наперад, апынаюцца бліжэй да рэальнасьці, чым "прагматыкі", якія бачаць толькі тое, што ў іх пад нагамі.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG