Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэба працягваць наступ на дыктатуру (менавіта наступ, а не абарону)


Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч

Каардынатар грамадзянскай кампаніі “ Эўрапейская Беларусь” Віктар Івашкевіч.


Рыхтуючы гэты матэрыял, я паспрабаваў не выкарыстоўваць эмацыйных выказваньняў, хвосткіх эпітэтаў і мастацка-публіцыстычных прыёмаў (за якімі часам хаваецца адсутнасьць думкі), а падысьці да аналізу таго, што было, што ёсьць і што будзе, максымальна спакойна і рацыянальна.

Для гэтага я сфармуляваў шэраг пытаньняў і сам жа паспрабаваў на іх адказаць.

На чым апошнія гады трымаецца рэжым?

Па-першае, на сацыяльным кантракце дыктатара і простых людзей: “ Я вам забясьпечваю рост заробкаў, пэнсіяў і рэальных даходаў, вы -- ня лезеце ў палітыку”.

Па-другое, на пасіўнасьці людзей, што знаходзяцца ў маральнай і эстэтычнай апазыцыі да рэжыму: “Дыктатара перамагчы немагчыма, што б мы не рабілі, усё роўна гэта будзе марна, толькі нашкодзіш сям’і і сабе”.

Па-трэцяе, на балянсаваньні дыктатара паміж Захадам і Расеяй: “Толькі я зьяўляюся гарантам незалежнасьці Беларусі ад імпэрскіх памкненьняў Расеі. Толькі я зьяўляюся рэальным хаўрусьнікам Расеі ў яе супрацьстаяньні з NATO”.

Гэтае балянсаваньне дазваляе рэжыму атрымліваць фінансавую дапамогу як з Расеі, так і з Захаду, што ў сваю чаргу дапамагае выконваць “сацыяльны кантракт”.

Якія задачы ставіў перад сабою рэжым напярэдадні выбараў?

Першае: праз імітацыю дэмакратычных выбараў забясьпечыць прызнаньне выбараў Эўропай і Расеяй.

Другое: забясьпечыць сваю фінансавую піраміду, якую дыктатар будуе ўжо некалькі год, новымі фінансавымі ўліваньнямі як з Захаду, так і з Расеі.

Трэцяе: раскалоць арганізаваную апазыцыю на “канструктыўную”, якая будзе забясьпечваць імітацыю лібэральнай эвалюцыі рэжыму перад Захадам, і на “адмарожаную”, якая будзе служыць пудзілам як для Захаду (бо яна ж прарасейская), так і для Расеі ( бо яна ж празаходняя).

Якія мэты трэба было ставіць тым апазыцыянэрам, што рэальна хочуць перамогі над рэжымам?

Трэба было спрабаваць узарваць сытуацыю і паламаць плян рэжыму, а менавіта:
· Сарваць імітацыйныя гульні дыктатара і дамагчыся непрызнаньня гэтых выбараў Расеяй і Захадам.
· Спыніць фінансавую падтрымку рэжыму як з Захаду, так і з Усходу.
· Сарваць стварэньне “канструктыўнай” апазыцыі і паставіць усю апазыцыю ў стан бескампраміснай барацьбы з рэжымам: “Перамога або сьмерць”.

І гэтых мэт трэба было дамагацца ў варунках псэўдадэмакратычнага выбарчага фарсу, калі частка апазыцыйных палітыкаў наважыла забясьпечыць сабе месца ў “канструктыўнай апазыцыі” або ў выглядзе асьцярожных, канструктыўных і эвалюцыйных (“цьвярозых”) рэфарматараў, або ў выглядзе “бескампрамісных змагароў” з Расеяй, перад пагрозай якой і дыктатар – меншае зло.

У гэтай сытуацыі абраць адзінага кандыдата ці абвясьціць татальны байкот было немагчыма, бо надта розныя мэты ставілі перад сабою розныя кандыдаты.

Якімі дзеяньнямі можна было паламаць плян дыктатара?

Па-першае, трэба было хаця б аднаму кандыдату пазбавіцца ад таўра “празаходняга” ці “прарасейскага” і зьмяніць яго на вобраз прабеларускага дзяржаўнага бескампраміснага змагара з дыктатурай, які можа наладзіць узаемавыгадныя дачыненьні і з Захадам, і з Расеяй.

Па-другое, трэба было раскатурхаць масы апазыцыйна настроеных людзей і прымусіць іх паверыць, што паламаць плян дыктатара магчыма.

Па-трэцяе, трэба было абвясьціць “крыжовы паход” усіх маральных людзей супраць дыктатуры і тым самым прымусіць усіх кандыдатаў ці заняць пазыцыю выяўных памагатых рэжыму, ці далучыцца да бескампраміснай крытыкі гэтага рэжыму (каб цалкам не згубіць падтрымку сваіх рэальных і патэнцыйных прыхільнікаў).

Па-чацьвёртае, трэба было прымушаць рэжым альбо ісьці усё далей шляхам дэмакратычных саступак, альбо адкінуць у бок усе гульні і маскі ды паказаць сваё сапраўднае “мурло” ці “ зьвярыны ашчэр”.

Што атрымалася?

Па-першае , нэгатыўная кампанія ў расійскіх СМІ супраць дыктатара, збор подпісаў, пікетна-агітацыйная кампанія усіх кандыдатаў разварушылі беларускае грамадзтва, што прывяло да масавага галасаваньня супраць дыктатара і да масавай акцыі пратэсту 19 сьнежня.

Па-другое, рэжым пазбавіўся ўнутранай легітымнасьці. Значная частка беларусаў мяркуе, што дыктатар не набраў больш за палову галасоў, а ўсе беларусы лічаць, што лічба 80% -- гэта вынік фальсыфікацыі. Сваімі дзікімі рэпрэсіямі ў дзень выбараў і пасьля іх дыктатар выклікаў у значнай часткі беларусаў абурэньне паводзінамі рэжыму, спачуваньне рэпрэсаваным апазыцыянэрам і хвалю рэальнай салідарнасьці зь імі.

Па-трэцяе, і на Захадзе, і ў Расеі ўзьнялася хваля абурэньня паводзінамі рэжыму і салідарнасьці з рэпрэсаванымі, што прывяло да адназначнага непрызнаньня выбараў на Захадзе і двухсэнсоўнай ды неадназначнай пазыцыі кіраўніцтва Расеі.

Па-чацьвёртае, фінансавая піраміда рэжыму пазбавілася вонкавага сілкаваньня, што рэальна пагражае яе руйнаваньнем, у выніку чаго будзе пахаваны так званы “сацыяльны кантракт”.

Па-пятае, пацярпела крах (прынамсі, на бліжэйшы час) спроба стварыць “канструктыўную апазыцыю”, бо ўсе апазыцыянэры мусяць разам бараніцца ад рэпрэсій; усе спробы ўлагоджваньня рэжыму успрымаюцца дэмакратычнай грамадзкасьцю як здрада.

Што трэба рабіць цяпер?

Трэба працягваць наступ на дыктатуру (менавіта наступ, а не абарону) і дамагацца найхутчэйшага вызваленьня усіх палітвязьняў, спыненьня палітычных рэпрэсій і правядзеньне новых выбараў без дыктатара.

Для дасягненьня гэтых мэт трэба:
· Публічна заяўленая падтрымка гэтых мэт усімі структурамі дэмакратычнага грамадзтва.
· Публічна заяўленая усімі структурамі дэмакратычнага грамадзтва пазыцыя аб абавязковай неабходнасьці увядзеньня супраць рэжыму эканамічных санкцый.
· Актыўная і масавая інфармацыйная кампанія на Беларусі з мэтай далейшай дэлегітымізацыі дыктатарскага рэжыму: “ Дыктатар утрымлівае уладу незаконна. Ён не гарант стабільнасьці, а прычына дэстабілізацыі. Ён не можа разьвязаць ніякіх праблем, бо ён сам -- галоўная праблема беларускага грамадзтва. Ёсьць шмат годных людзей, якія могуць яго замяніць, і вы іх самі абераце, калі мы даможамся свабодных выбараў”.

Кожны можа знайсьці магчымасьць далучыцца да гэтай дзейнасьці, калі толькі захоча. А што да адзінага лідэра апазыцыі, то ён паступова выявіцца:
· Як той, хто набраў найбольшую колькасьць галасоў на гэтых выбарах (глядзі вынікі галасаваньня на тых выбарчых пунктах, дзе быў празрысты падлік галасоў).
· Як той, хто трымае удар, а не выступае з сумнеўнымі заявамі на БТ.
· Як той, хто пасьля вызваленьня не сыдзе ў цень да “лепшых часоў”
· Як той, каго падтрымае большая частка беларускай грамадзкасьці.
· Як той, з кім будуць гатовыя весьці дыялёг як на Захадзе, так і ў Расеі.

P.S. Цалкам зразумелыя матывы ляманту тых грамадзкіх дзеячоў, якія хацелі патрапіць у “канструктыўную апазыцыю”, а патрапілі пад рэпрэсіі. Па-чалавечы іх можна пашкадаваць. Але лепей усё ж успрыняць новыя рэаліі і далучыцца да новых працэсаў, чым плакаць аб нязьдзейсьненых марах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG