Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціск напярэдадні судоў па справах 19 сьнежня


Экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава дапыталі ў прысутнасьці адваката. КДБ адмовіўся даваць пісьмовы адказ на скаргу маці Паўла Севярынца Тацяны Севярынец. Праваабаронца Алесь Бяляцкі кажа пра ціск напярэдадні судоў па справах 19 сьнежня.

Андрэй Саньнікаў
16 лютага адбыўся допыт Андрэя Саньнікава, экс-кандыдата ў прэзыдэнты, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў арганізацыі масавых непарадкаў 19 сьнежня і трымаюць у турме КДБ. На допыце прысутнічаў адвакат Павал Сапелка. Пра цяперашняе спатканьне з падабаронным Павал Сапелка нічога не кажа, як і пра папярэднія, спасылаючыся на таямніцу сьледзтва. Пра стан здароўя свайго падабароннага адвакат кажа: «У справах здароўя я не адмысловец і ўвогуле нічога казаць не магу».

Маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзімераўна ўвечары ня ведала пра вынікі сустрэчы сына з адвакатам. «Ён мне яшчэ не адзваніўся, — сказала Ала Саньнікава і зьвязала гэта зь ціскам на адвакатаў.

«Яны ўжо нічога не расказваюць. Ціснуць на гэтых адвакатаў — і тут беззаконьне, а што зробіш?»

Тацяна Севярынец
Маці вязьня Паўла Севярынца Тацяна месяц таму падавала скаргу ў пракуратуру на тое, што яе сыну не дазваляюць спаткацца з адвакатам. Павал знаходзіцца ў «амэрыканцы» з 19 сьнежня, 29-га яму выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў масавых беспарадках, але з таго часу — ніводнага сьледчага дзеяньня з удзелам адваката і проста канфэдыцыйныя сустрэчы з адвакатам забароненыя. Тацяна Севярынец атрымала ліст з пракуратуры, што яе скарга перасланая ў КДБ. 16 лютага жанчыне адносна скаргі пазваніў супрацоўнік КДБ.

«І вось супрацоўнік мне адказвае, што пісьмова адказваць мне ня будзе. Пытаюся, чаму? А ня будзем, і ўсё. Кажу, што мне патрэбы іх пісьмовы адказ, бо я зьбіраюся падаваць на іх у суд. Падавайце, куды хочаце, — ня будзем і ўсё!»

Супрацоўнік КДБ, які тэлефанаваў Тацяне Севярынец, адмовіўся назваць сваё імя.

Алесь Бяляцкі
16 лютага кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Беляцкага выклікалі ў пракуратуру і папярэдзілі пра крымінальную адказнасьць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі — «Вясна» ня мае афіцыйнага статусу. Паводле Алеся Бяляцкага, ёсьць сувязь паміж гэтым папярэджаньнем і справамі 19 сьнежня, якія ад заўтрашняга дня пачнуць слухацца ў судах:

«Паказалі мне перадрукоўкі з сайту „Вясны“, мае камэнтары, водгукі. Перакананы нават, што гэта зьвязана ў судовымі працэсамі і з ацэнкай дзейнасьці судовых органаў падчас гэтых працэсаў. У тым ліку і ацэнкі дзейнасьці Мін’юсту ў гэтых справах».

Хрыстафор Жаляпаў
Каля паўдня 16 лютага ў Віцебску некалькі супрацоўнікаў КДБ прыйшлі з пастановай на ператрус у дом № 5 па вуліцы 1-й Сеньненскай. У гэтым доме, дзе віцебскія актывісты ладзяць грамадзкія імпрэзы, знаходзіўся Хрыстафор Жаляпаў, давераная асоба Аляксея Міхалевіча і віцебскі каардынатар руху «За Свабоду», а таксама актывіст руху Валеры Пятроў.

Спадар Жаляпаў на 11-ю гадзіну раніцы быў выкліканы на допыт у віцебскую абласную ўправу КДБ. Адтуль на службовай машыне яго прывезьлі на ператрус. Хрыстафор Жаляпаў — уласьнік прыватнага дому, дзе месьціцца «Эўрапейскі клюб». Там праводзяцца навучальныя сэмінары, сустрэчы з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі ды іншыя імпрэзы.

Уладзімер Качагур
Актывіст БХД Уладзімер Качагур сёньня атрымаў позву, у якой гаворыцца, што заўтра ён павінен зьявіцца ва ўпраўленьне КДБ Наваградзкага раёну ў якасьці сьведкі па справе аб падзеях 19 сьнежня ў Менску. Пасьля Плошчы Ўладзімера Качагура тройчы выклікалі ў праваахоўныя органы, але ён туды ні разу не хадзіў. Пазьней Наваградзкі суд асудзіў яго за гэта на 200 тысяч рублёў штрафу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG