Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён так мне і сказаў: асуджаны за плошчу»


Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна ў Менску.
Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна ў Менску.
Затрыманы ў нядзелю на літоўскай мяжы сябра БХД і ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага Вадзім Кабанчук 15 лютага быў асуджаны на 10 сутак судом Маскоўскага раёна сталіцы. І асудзілі Кабанчука не за інфармацыйныя матэрыялы, зь якім яго затрымалі і адвезьлі ў Ашмянскі суд, а за ўдзел у акцыі 19 сьнежня. Прычым, суд у сталіцы праходзіў таемна, без удзелу адваката, родных і сяброў Кабанчука.

Вадзім Кабанчук стаў адным зь першых беларускіх палітвязьняў яшчэ ў 1997 годзе. Тады выпускнік Беларускай палітэхнічнай акадэміі адседзеў 6 месяцаў у сьледчым ізалятары — яму інкрымінавалі, што быццам бы ён разьбіў галаву міліцыянту падчас акцыі. Але на судзе высьветлілася, што Вадзім толькі спрабаваў перахапіць руку міліцыянта, які зьбіваў дубінкай іншага ўдзельніка акцыі. Кабанчука вызвалілі з-пад варты ў залі суду, ён атрымаў тры гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай прысуду на два гады. Па цяперашніх часам амаль апраўдальны прысуд.

У 2001 годзе Вадзім Кабанчук зьехаў у Бэльгію, празь некалькі гадоў вярнуўся. Падчас выбараў 2006 году падтрымліваў Мілінкевіча. На выбарах 2010 году ён стаў сябрам ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага. Вось што пра Кабанчука кажа былы кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі:

Гэта быў адзін з тых людзей, які цьвёрда адстойваў пазыцыю менавіта негвалтоўнага супраціву.
«Гэта мой сябра і адзін зь лепшых людзей, адзін зь нямногіх людзей, на якіх можна пакласьціся, якому я давяраю, як сабе самому. Ён быў адзін зь першых палітвязьняў. Мы пазнаёміліся і пасябравалі яшчэ ў часы „Маладога фронту“, дзе былі разам. Я ведаю, што шлях Вадзіма няпросты, і няпросты шлях яго да веры, у царкву. Але гэта чалавек вельмі мужны і вельмі моцны. Ён быў са мной побач на плошчы 19 сьнежня. Гэта быў адзін з тых людзей, які цьвёрда адстойваў пазыцыю менавіта негвалтоўнага супраціву. І ягоная падтрымка для мяне была вельмі істотная».

Вадзіма Кабанчука затрымалі пры вяртаньні ў Беларусь на памежным пераходзе Каменны Лог на мяжы зь Літвой 13 лютага. Пры ім было каля 100 газэт, выдадзеных беларускімі актывістамі па-за межамі Беларусі. Самога Кабанчука спачатку больш за чатыры гадзіны трымалі на мяжы, затым павезьлі ў Ашмянскі РАУС. Меркавалася, што судзіць яго будуць у Ашмянскім судзе. Распавядае маці Вадзіма, Таісія Кабанчук:

Таісія Кабанчук
«Мне мытнікі адразу сказалі, начальнік аддзелу па кантрабандзе, што ўлёткі адправілі на экспэртызу, а яго адпусьцілі, у нас да яго няма ніякіх прэтэнзій».

Пазьней высьветлілася, што ў панядзелак Вадзіма прывезьлі ў Менск і будуць судзіць у сталіцы. Маці з паплечнікамі па БХД дзяжурылі ўсю першую палову дня ў Маскоўскім судзе, але ім так нічога не паведамілі. Прыкладна а 15-й яны выпадкова даведаліся, што Вадзіму далі 10 сутак і ён ужо на Акрэсьціна. Ужо пасьля 17-й гадзіны спадарыня Таісія распавяла:

«Мяне прыняў начальнік СІЗА на Акрэсьціна і паведаміў, што Вадзім асуджаны па артыкуле 23.34 частцы 1 на 10 сутак судом Маскоўскага раёна за плошчу. Ён так мне і сказаў: за плошчу. Суд адбыўся ў 12:15. І адбыўся там, дзе мы дзяжурылі ўвесь гэты час. Я, канечне, абуралася, што гэта за тайныя суды, мы там дзяжурым, пытаемся, дзе будуць разглядаць справу, нам нічога ня кажуць... Ужо адвезьлі яго назад у СІЗА. Выпусьцяць толькі 24 лютага ў 17 гадзін. А затрымалі ж яго 13-га, адзін дзень невядома куды ўжо дзеўся. Пачаўся гэты адлік, як прывезьлі яго ў Менск».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG