Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: няма падставаў спадзявацца, што паліва не падаражэе


Ад пачатку году ў Расеі рэзка падвысіліся цэны на бэнзін і дызэльнае паліва. У шэрагу рэгіёнаў рост перавысіў 20%, а ў некаторых склаў 50%. Прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін распарадзіўся праверыць, хто канкрэтна нажываецца на рэзкім росьце цэнаў. Якім чынам падаражэньне паліва ў Расеі можа адбіцца на сытуацыі ў Беларусі? І асабліва з улікам таго, што ўмовы кантрактаў з расейскімі пастаўшчыкамі сыравіны на 2011 год так і ня вызначаныя?

Дагэтуль расейскія бэнзін і салярка заставаліся сярод самых танных у СНД. Аднак сёлета, калі акцыз на паліва падняўся да 22%, рост цэнаў перасягнуў ня толькі гэты паказьнік, але ў некаторых месцах дасягнуў 50%. Паколькі бальшыня перавозак робяцца аўтатранспартам, гэта адразу ж адбілася на кошце прадуктаў ды іншых тавараў.

Падчас адмысловай нарады з прадстаўнікамі нафтавага сэктару кіраўнік расейскага ўраду Ўладзімер Пуцін выказаў думку: прычына рэзкага скачка цэнаў — спроба атрымаць максымальны прыбытак. І даў зразумець, што для прагавітых нафтавых кампаній гэта можа дрэнна скончыцца:

"Перад падрыхтоўкай да гэтай нарады некаторыя кампаніі адразу зьнізілі адпускныя цэны, пачынаючы з нафтаперапрацоўчых заводаў. Некаторыя іх калегі абвясьцілі пра зьніжэньне цэнаў ужо падчас нарады. У гэтым зьвязку ў мяне пытаньне: як нашы рашэньні на сёньняшняй нарадзе адбіліся на рынку? Рэальнае зьніжэньне адбылося — альбо мы гэтага пакуль ня бачым?"

Адміністратыўнае ўмяшаньне ўжо адбілася на кошце паліва, і ў шмат якіх рэгіёнах Расеі цэны на аўтазалівачных станцыях пачалі пакрысе вяртацца назад. Найбольш паказальная сытуацыя з дызэльным палівам. Некалі самае даступнае, яно перагнала ў цэнах нават бэнзін АІ-92. У беларускім эквіваленце — рост на 700 рублёў за літар.

Што адбываецца з цэнамі на паліва ў Беларусі? З 1 лютага канцэрн "Белнафтахім" падвысіў на 10% цэны на асобныя віды цёмных нафтапрадуктаў — пячное паліва, газу, мазут, гудрон. Розьнічныя цэны на бэнзін і дызпаліва пакуль не зьмяніліся, аднак варта ўзгадаць, што летась яны карэктаваліся тройчы, агулам — на 17%.

Дый пасьля мараторыю на рост цэнаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў цяпер яны адпушчаныя па ўсіх кірунках, пачынаючы з камунальных плацяжоў. Паводле зьвестак эканамічнага аглядальніка Тацьцяны Манёнак, зацікаўленыя бакі ўжо зьвярталіся ва ўрад з просьбай падвысіць цэны на паліва:

Тацяна Манёнак
"Трэба мець на ўвазе, што пачатак году быў вельмі складаны для беларускіх нафтавікоў. Улічваючы, што не было наагул бязмытнай нафты (а меркавалася, што яна пойдзе з 1 студзеня), нафтавікі вымушаныя былі працаваць на рэштках яшчэ зь мінулага году. Беларуская нафта не экспартавалася, хоць былі дасягнутыя адпаведныя пагадненьні. Такая сытуацыя вельмі ўскладніла фінансавае становішча НПЗ, якія, паводле папярэдніх зьвестак, за студзень адпрацавалі ў мінус. Каля 15 мільёнаў даляраў — выдаткі Мазырскага НПЗ, прыкладна такая ж сытуацыя на "Нафтане". Паводле неафіцыйных зьвестак, гэтыя заводы зьвярталіся ў канцэрн "Белнафтахім", а канцэрн — ва ўрад, каб усё ж адбылося падвышэньне цэнаў і на сьветлыя нафтапрадукты. Пакуль што ўрад не прыняў такога рашэньня".

Як лічыць экспэрт, стрымліваць рост цэнаў на ўнутраным рынку досыць складана. Апроч незайздроснага становішча, у якім апынуліся беларускія НПЗ з-за зацягнутых перамоваў у Маскве, нэгатыўны ўплыў на эканоміку зрабіла адмова расейскіх кампаній займацца перапрацоўкай нафты на давальніцкіх умовах. Нарэшце, дагэтуль застаюцца незразумелымі ўмовы падпісаньня кантрактаў з расейскімі пастаўшчыкамі на бягучы год:

"Не зусім дакладна вядомыя ўмовы паставак расейскай нафты ў сакавіку і на далейшы тэрмін. Пакуль што беларускі бок прыкладае намаганьні і вядуцца перамовы з расейскімі кампаніямі, каб усё ж вярнуць іх на давальніцкую перапрацоўку і зьнізіць фінансавы прэс, які кладзецца на беларускія заводы, каб нейкім чынам аптымізаваць нафтаперапрацоўку. Але ж гэта рабіць даволі складана. А грошы патрэбныя заводам ня толькі каб падтрымліваць вытворчы цыкл, але і каб рэалізаваць тыя інвэстыцыйныя праграмы, якія меркаваліся. Для нафтаперапрацоўчых заводаў экспарт — гэта справа іх выжываньня. Калі яны ня будуць падвышаць стандарты, то нафтапрадукты ня будуць запатрабаванымі на ўсясьветных рынках. І яны таксама будуць страчваць. Таму ў гэтай сытуацыі даволі складана будзе абысьціся без падвышэньня кошту на ўнутраным рынку нафтапрадуктаў".

Між тым, у адпаведнасьці з нафтавымі пагадненьнямі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, шмат хто з спажыўцоў чакаў якраз адваротнага — зьніжэньня цэнаў на паліва. У прыватнасьці, і першы віцэ-прэм'ер Уладзімер Сямашка, і ягоныя намесьнікі сьцьвярджалі, што падпісаныя дамовы далі Беларусі нашмат лепшыя ўмовы для атрыманьня нафты, чым былі ня толькі летась, а нават у 2009 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG