Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гавэл асэнсоўвае праблему адыходу


Вацлаў Гавэл выступіў у ролі рэжысэра фільму па ўласнай п’есе “Адыход”. Развагі Гаўла пра крок адыходу і незваротнасьць зьменаў прыйшліся надзвычай дарэчы. І ня толькі на фоне эгіпецкіх падзеяў.

П’еса драматурга Гаўла была задуманая яшчэ да таго, як у Чэхаславаччыне адбылася аксамітная рэвалюцыя і ён стаў прэзыдэнтам. Дапісаў яе Гавэл ужо пасьля таго, як пакінуў сваю пасаду. Галоўны герой твора – канцлер, які пасьля доўгіх гадоў ва ўладзе губляе пасаду. Канцлер ня можа зьмірыцца з адыходам, яму цяжка дапусьціць думку пра свайго наступніка. Адыход для яго – канец сьвету.

Вось як сам аўтар акрэсьліў дылему твора ў эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода:

Гавэл: "Я б хацеў, каб з падтэксту п'есы або фільму, выплывала такое больш агульнае пытаньне – пытаньне зьмены, адыходу. Бесьперапынна нешта адыходзіць, нешта прыходзіць, мяняюцца намэнклятуры, спосаб жыцьця, і гэты матэрыял уласна пра такую зьмену, якую галоўны герой не можа перажыць. Разам са стратай функцыі для яго рушыцца цэлы сьвет".

Сам Гавэл, прыйшоўшы да ўлады як дысыдэнт, народны апазыцыйны лідэр, адышоў з функцыі ў 2003-м годзе ў росквіце сваёй папулярнасьці. Кароткі час пасьля аксамітнай рэвалюцыі ён быў прэзыдэнтам Чэхаславаччыны, потым два тэрміны – прэзыдэнтам Чэхіі. Дакладна столькі, колькі прадугледжвае Канстытуцыя. І для краіны, і для сьвету ён застаўся тым, чым быў – палітыкам, маральным аўтарытэтам, пісьменьнікам. Што мяркуе прэзыдэнт, які перажыў і асэнсаваў свой цывілізаваны адыход, пра магчымасьці выбару іншых, у прыватнасьці пра выбар прэзыдэнта Мубарака?

Гавэл: "Прэзыдэнт Мубарак быў доўгія дзесяцігодзьдзі саюзьнікам Амэрыкі, адным з гарантаў спакою на Блізкім Усходзе, падтрымліваў добрыя сувязі з заходнім сьветам. Разумею, чаму амэрыканцы проста так ня могуць сказаць, каб ён адышоў. А асабіста мяркую, што ён меў бы адыйсьці цяпер, не чакаць да выбараў. Але, калі гэта магчыма, яму варта забясьпечыць дастойны адыход з функцыі".

Для беларускага кантэксту цікава, што падчас здымак Гавэл, які упершыню працаваў у ролі рэжысэра, насіў майку з надпісам “EuroBelarus”. Хутчэй за ўсё, гэта падарунак яго сяброў зь беларускага “Свабоднага тэатру”.

Прэм’ера фільму “Адыход” чакаецца ў наступным месяцы.

Глядзець трэйлер фільму:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG