Амбасадар Дэйвід Суорц на працягу 29 гадоў працаваў дыпляматам у Дзярждэпартамэнце ЗША. Ён займаў розныя дыпляматычныя пасады ў амэрыканскіх місіях у Варшаве, Лёндане і ў Маскве. У савецкі час быў ў Кіеве кіраўніком групы па адкрыцьцю Генэральнага кансуляту. Быў Генэральным консулам у Цюрыху (Швэйцарыя) і ў Калгары (Канада). У 1992-1994 годзе – першы амбасадар Злучаных Штатаў у Рэспубліцы Беларусь. Быў адным з арганізатараў візыту прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана ў Беларусь у студзені 1994 г. (разам з прэзыдэнтам Менск наведала і ягоная жонка Гілары Клінтан, цяпер – сэнатар, кандыдатка ў прэзыдэнты ЗША). Быў першым кіраўніком Вашынгтонскага Цэнтру па зьмяншэньню ядзернай небясьпекі. Пасьля выхаду на пэнсію ў 1995 годзе д-р Дэйвід Суорц – прафэсар унівэрсытэту Лорэнс, штат Вісконсін. У 2001-2002 гг. Дэйвід Суорц – кіраўнік місіі АБСЭ ў Малдове. У цяперашні час д-р Суорц – адзін з выканаўчых дырэктараў (разам з д-рам Паўлінай Сурвілай і Эндру Шэпардам) Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў Паўднёва-заходняга ўнівэрсытэту, штат Канзас. Жанаты, мае двух дзяцей.