Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Ліпай


Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёну. У 1988 годзе, пад час вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай сьценгазеты “Лірнік”. У 1991-м годзе, цягам працы ў газэце “Знамя юности”, вёў беларускамоўную старонку “Родны склон”. Аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі, пад якой паставілі подпісы Біл Клінтан і Станіслаў Шушкевіч. На пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш за тысячу кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках.

Першы карэспандэнт Радыё Свабода ў Беларусі. У чэрвені 1996 года, пад час аперацыі па вызваленьню дзяцей, узятых у заложнікі тэрарыстам у дзіцячым садку, браў інтэрв’ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу на сябе. Стваральнік незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН. Аўтар праекту самай папулярнай у краіне інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” (www.naviny.by). Дзейнасьць інфармацыйнай кампаніі БелаПАН высока ацэньваюць у Беларусі і за мяжой. Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН – адзіны беларускі ўдзельнік міжнароднага праекта «CEE-BusinessLine» – «Стужкі эканамічных навін з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы». У 2004 годзе БелаПАН быў уганараваны прэміяй імя Дзмітрыя Завадскага – «За мужнасьць і прафэсіяналізм", як "пацвярджэньне бездакорнай рэпутацыі БелаПАН і прызнаньне высокага прафесіяналізму журналістаў». У 2005 годзе інфармацыйная кампанія БелаПАН была названа лаўрэатам прэміі імя Герда Буцэрыуса "Маладая прэса Усходняй Эўропы". У 2006 годзе БелаПАН і ягоная інтэрнет-газэта «Белорусские новости» атрымалі «Прэмію Рунета» – у намінацыі Рунет за межамі Ru».

На прыканцы 1980-х гадоў - удзельнік Таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”. Зараз – сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЕН-цэнтру. Першую кнігу паэзіі “Пад сьнегам” выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі "Рэшта".
XS
SM
MD
LG