Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не турма. Але і не свабода


Кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў і журналістка Ірына Халіп застаюцца пад хатнім арыштам. У сваіх кватэрах яны жывуць ва ўмовах жорсткіх абмежаваньняў. З хатнім побытам ім дапамагаюць упраўляцца блізкія сваякі.

У зьняволенай Ірыны Халіп бацькі — ня толькі адзінае вакенца ў зьнешні сьвет. Без практычнай дапамогі родных зьняволенай у сябе дома Ірыне было б складана наладжваць побыт для сябе і 3-гадовага сына Даніка, кажа бацька журналісткі драматург Уладзімер Халіп:

Уладзімер Халіп
"Мы заўсёды да яе ходзім: Люцына амаль увесь час зь імі знаходзіцца, а я прыходжу час ад часу — усё ж трэба прынесьці, занесьці — шмат праблем розных узьнікае — чыста пабытовых і псыхалягічных, як вы разумееце. Уявіце сабе сытуацыю, і нашыя слухачы няхай уявяць сабе, што такое жанчыне жыць побач з двума чужымі мужчынамі. Гэта, я думаю, ня надта проста і лёгка".

Ўладзімеру Някляеву, які ўтрымліваецца пад хатнім арыштам ва ўласнай кватэры, таксама забаронена карыстацца тэлефонам і кампутарам, сустракацца зь іншымі людзьмі. Каб падтрымліваць лепшы настрой, ён спрабуе дапамагаць жонцы ў хатніх справах, нават не зважаючы на слабое здароўе. Таксама Някляеў спрабуе дамагчыся дазволу на сустрэчу з дочкамі, кажа жонка Вольга Някляева:

Вольга Някляева
"Ліст пра тое, каб Валодзя змог сустрэцца з дочкамі, забралі супрацоўнікі КДБ, якія былі. Яны і перададуць каму трэба — пэўна, сьледчы вырашае такія пытаньні. Нешта мне падказвае, што гэтае пытаньне павінна вырашыцца, бо ўсё ж такі бацькам Ірыны Халіп дазваляюць бачыцца з дачкой. І ва ўмовах стрыманьня таксама гаворыцца, што блізкія родныя могуць бачыцца. А хто бліжэйшы, чым родныя дочкі? А так зьменаў ніякіх няма — тое ж, што і ўчора".

Журналістка Натальля Радзіна — пад падпіскай аб нявыезьдзе. Яна ня мае права пакідаць межы гораду Кобрыня, дзе павінна заставацца на ўвесь час сьледзтва і суду. Радзіна працягвае займацца журналістыкай, але пасьля публікацыі ў інтэрнэце некалькіх артыкулаў мясцовыя міліцыянты папярэдзілі, што яна ня мае права даваць ацэнку цяперашнім падзеям, паведамляе Натальля Радзіна:

Натальля Радзіна
"Усе папярэджаньні ўжо зробленыя. У прыватнасьці, што падчас сьледзтва, у зьвязку з тым, што я абвінавачаная, я павінна ўстрымацца ад ацэнак. А хадзіць я і так нікуды не хаджу — да мяне людзі прыходзяць, каб адведаць. Яны ўсе абураныя і тым, што адбылося, і што я ў турму патрапіла, што іншыя людзі застаюцца ў турме. Людзей абурае і непакоіць лёс Даніка Саньнікава, абураныя і за Ірыну Халіп. Словам, людзі настроеныя дастаткова крытычна адносна цяперашняй улады".

Натальля Радзіна не выключае, што па заканчэньні ўсіх працэсаў, зьвязаных з падзеямі 19 сьнежня ў Менску, свае ўражаньні пра перажытае яна будзе выдаваць асобнай кнігай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG