Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Ільініч: «Магу мыць падлогу ці працаваць даяркай»


Натальля Ільініч
Натальля Ільініч
Звольненая з працы выкладчыца гісторыі Натальля Ільініч з Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці ня можа знайсьці працу паводле спэцыяльнасьці і просіць дапамагчы міністра адукацыі. Дырэктарка школы, якая звольніла грамадзкую актывістку, абвяргае палітычныя прычыны звальненьня.

Зьвестак пра вакансіі ў школах Пухавіцкага раёну ў нас няма — такі адказ з мясцовага адзьдзелу адукацыі атрымала Натальля Ільініч, настаўніца гісторыі Талькаўскай сярэдняй школы, якую звольнілі з працы 27 студзеня.

Ільініч: «Гэта значыць, што для мяне працы ў раёне няма. А ў мяне ж тут гаспадарка, я не магу езьдзіць далёка, прыкладам, у Менск. Гадзіна сорак на электрычцы кожны дзень — гэта вельмі для мяне цяжка».

Натальля Ільініч — вядомая ў раёне настаўніца, краязнаўца, дэмакратычная актывістка. У Талькаўскай школе жанчына адпрацавала 26 гадоў. Была арганізатарам вядомага ў краіне Талькаўскага фэстывалю краязнаўцаў.

На выбарах 2010 году ў мясцовыя саветы Натальля Ільініч была назіральніцай, а падчас прэзыдэнцкіх выбараў зьбірала подпісы за дэмакратычных кандыдатаў. За тры тыдні да звальненьня, 5 студзеня, у хаце настаўніцы КДБ правёў ператрус. Забралі сыстэмны блёк кампутара, прылады для фотаапарата. Натальля Ільініч кажа, што яе звальненьне мае палітычныя прычыны.

Самае галоўнае, мяркую, тое, што мы выступілі супраць ліквідацыі Талькаўскага сельскага савету.
«І тое, што я подпісы зьбірала, канечне, гэта спрычынілася. Але самае галоўнае, мяркую, тое, што мы выступілі супраць ліквідацыі Талькаўскага сельскага савету — у нас аб’ядналі Талькаўскі сельскі савет з Блужскім. Гэта так непрыгожа рабілася. У нас быў сход, большасьць людзей былі супраць, а празь некалькі дзён ў „Пухавіцкіх навінах“ паведамляюць, што адбыўся сход у Тальцы і людзі нібыта былі за аб’яднаньне сельсаветаў».

Паводле Натальлі Ільініч, аб’яднаньне сельсаветаў не дадасьць парадку ў іх вёсцы, але яно выгадна мясцовым чыноўнікам. Пра непасрэдныя прычыны свайго звальненьня настаўніца кажа: фармальна зь ёй проста не працягнулі кантракт і быццам скардзіцца няма на што. Жанчына ня ведае, дзе шукаць працу паводле спэцыяльнасьці, і не выключае, што прыйдзецца ісьці працаваць хоць прыбіральшчыцай ці даяркай:

«Я б магла хоць кароў даіць, але тут у нас і фэрмы ўжо няма. Распалася нашая гэтая гаспадарка».

Дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы Натальля Меркуль, якая падпісала загад аб звальненьні Натальлі Ільініч, кажа: у школе для Ільініч месца няма, хай шукае працу сама па раёне, гэтаксама, як нядаўна ёй давялося.

«Я паўгоду шукала працу і сама знайшла. Раней я працавала ў Мар’інай горцы ў школе, але нагрузка пачала падаць, я звольнілася і пачала пошукі. Хай і яна шукае.»

Карэспандэнт: «Натальля Ільініч кажа, што да яе звальненьня спрычынілася палітыка. Што вы мяркуеце пра гэта?»

«Ніякай палітыкі там няма. Дарэмна яна гэтак кажа. Ніякай палітыкі».

Натальля Ільініч сёньня ж даслала ліст міністру адукацыі Сяргею Маскевічу і ў прафсаюз працаўнікоў адукацыі і навукі з просьбай дапамагчы ёй працаўладкавацца паводле спэцыяльнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG