Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковая контравыведка шукае замежных правакатараў


Да расьсьледаваньня справы аб падзеях 19 сьнежня падключылася вайсковая контравыведка ў складзе КДБ.

Справа палітвязьня Андрэя Бандарэнкі можа падацца ў нечым падобнай да справаў кандыдатаў у прэзыдэнты, якіх цяпер трымаюць у КДБ. Падабенства ўзьнікае пасьля адказу на пытаньне, што можа быць, калі не пагодзісься з афіцыйнымі вынікамі выбараў і паспрабуеш пратэставаць.

Тры зь дзевяцёх экс-кандыдатаў у прэзыдэнты знаходзяцца у “амэрыканцы”, адзін пад хатнім арыштам і яшчэ тры пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Нядаўна стала вядома, што расьсьледаваньнем справы аб падзеях 19 сьнежня занялася і вайсковая контравыведка ў складзе КДБ. 29 студзеня на допыт туды выклікалі сузаснавальніка партыі БХД Аляксея Шэіна. Паколькі падпіску аб неразгалошваньні тайны сьледзтва ў Аляксея ня бралі, ён змог расказаць, што найперш цікавіла контравыведнікаў:
Прадстаўнікі спэцслужбаў паказалі мне відэа- і фотаматэрыялы і прасілі апазнаць тых людзей, якія, на іх думку, пачалі правакацыю...


"Размова тычылася дзьвюх рэчаў. Першая зьвязаная з правакацыяй каля Дому ураду, калі пачалі біць шкло дзьвярэй. Прадстаўнікі спэцслужбаў паказалі мне відэа- і фотаматэрыялы і прасілі апазнаць тых людзей, якія, на іх думку, пачалі правакацыю. І першую хвалю, і другую. На іх думку, гэта пачыналі тыя ж самыя людзі. Яны спачатку па-расейску заклікалі ўдзельнікаў мітынгу далучацца, гэта было відаць зь відэа, а потым пачыналі біць шкло. На думку супрацоўнікаў контравыведкі, гэта была арганізаваная група прыкладна зь сямі чалавек. Але я ня бачыў непасрэдна моманту першага біцьця шкла, а падбег туды з заклікам не паддавацца на правакацыю тады, калі гэтыя маладыя людзі адтуль ужо адбеглі. Таму ня змог нешта патлумачыць адносна таго, што цікавіла контравыведку.

А другі момант быў зьвязаны з пытаньнем, якія замежныя краіны маглі быць зацікаўленыя ў такім разьвіцьці падзей. І я выказаў сваю вэрсію, якая не ўнікальная, а даволі пашыраная. Што цяпер фактычна сытуацыя халоднай вайны з Эўрапейскім Зьвязам і ЗША і што Лукашэнка заявіў пра намер прадаваць частку бюджэтастваральных прадпрыемстваў. Таму я мяркую, што такая правакацыя магла быць выгадная менавіта Расеі. Вось на гэтым гутарка і закончылася”.

Між тым працягваюцца арышты новых фігурантаў “справы 19 сьнежня”. Паводле праваабаронцаў, чарговымі абвінавачанымі сталі Арцём Грыбко, актывіст “Маладога фронту” Ўладзь Яроменак, намесьнік кіраўніка “Маладога фронту” Аляксандар Кіркевіч.

Яшчэ адзін удзельнік мітынгу, актывіст “Эўрапейскай Беларусі” Сяргей Казакоў быў затрыманы 27 студзеня. Праваабаронца Наста Лойка кажа:

“Цяпер ён на Валадарцы, пакуль у яго статус падазраванага, але цягам 10 дзён мусяць вырашыць, вызваляць яго ці зьмяніць статус”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG