Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раство салідарнасьці з палітвязьнямі


Праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы сьвяточны дзень Раства Хрыстовага прысьвяцілі сем’ям палітвязьняў.

Актывістка грамадзянскай ініцыятывы «Вызваленьне», якую заснавалі сваякі новых беларускіх палітвязьняў, жонка Зьмітра Бандарэнкі Вольга кажа, што сёньняшні дзень яна выкарыстоўвае найперш для таго, каб павіншаваць з праваслаўнымі Калядамі сем’і іншых палітзьняволеных:

«Я адзначала Раство 25 сьнежня, была ў касьцёле. А сёньня распачала абтэлефаноўваць усіх іншых людзей, каб павіншаваць. Я ўвогуле хачу пачаць рабіць гэта штодня. Бо высьвятляецца, што захварэла мама Андрэя Саньнікава. Я хачу наведаць яе і маму Ірыны Халіп. Да таго ж нам трэба закончыць справу з спробай трапіць на прыём да нунцыя Марціна Відавіча. Я пастараюся пайсьці на прыём асабіста, бо для нас гэта вельмі важна — малітва і падтрымка. У сваім звароце да папы рымскага мы так і пішам, што найперш просім малітвы, а другое — паспрыяць вызваленьню палітвязьняў, бо папа заўсёды быў пасланцом міру».

На працоўных месцах сустракаюць Раство актывісты Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць».

Эніра Браніцкая
Намесьніца старшыні ініцыятывы Эніра Браніцкая: «У нас праца: падаецца, што зьявілася пяць новых падазраваных. Ня ўсе гэтыя людзі зь Менску, ня ўсе сваякі могуць даехаць, таму неабходна падрыхтаваць і перадаць пасылкі, таму не да сьвятаў. Іншая рэч, што зараз вось буду высьвятляць, ці працуюць самі гэтыя ўстановы. Але ў кожным разе людзі да нас ідуць па дапамогу: і тыя, хто вызваліўся і зараз іх выключаюць з унівэрсытэтаў, і тыя, каго звальняюць з працы. І сказаць ім, што ў нас сьвята — гэта ня тое, што мы зараз маем рабіць».

Прыкладае намаганьні ў абароне ўдзельнікаў падзеяў 19 сьнежня ў Менску і Каардынацыйны камітэт грамадзкай салідарнасьці з палітвязьнямі, у які ўваходзяць прадстаўнікі палітычных партый і рухаў.

Уладзімер Колас
Адзін з каардынатараў камітэту Уладзімер Колас: «Зараз і арышты, і ператрусы, і масава людзей выклікаюць у КДБ. Мы ведаем, што тым людзям, якія былі на плошчы, дасылаюць позвы. Гэта робіцца ня з мэтай дасьледаваць тое, што здарылася, і выявіць сапраўдных правакатараў тых дзеяньняў, а з мэтай запалохаць мірных людзей. Вось так вяртаюцца сталінскія часы ў самым гідкім выглядзе. Мы зьбіраем такую інфармацыю і стараемся апэратыўна на яе рэагаваць, каб людзі не заставаліся сам-насам, калі да іх прыходзяць».

Каардынацыйны камітэт грамадзкай салідарнасьці з палітвязьнямі таксама рыхтуе заявы аб вызваленьні ўсіх беларускіх палітвязьняў і аб неабходнасьці правядзеньня паўторных свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі з прапановай разглядзець іх на сэсіі Эўрапарлямэнту 12 студзеня.

Магілёў: рэпрэсаваным бракуе юрыдычнай дапамогі

У Берасьці друкуюць улёткі пра Плошчу

Гарадзеншчына. Былыя вязьні Акрэсьціна дзякуюць за салідарнасьць
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG