Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абарона Някляева просіць суд вызваліць яго з-пад варты



Абарона арыштаванага кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах-2010 Уладзімера Някляева просіць суд зьмяніць яму меру стрыманьня.


3 студзеня адзін з двух адвакатаў Някляева Уладзімер Букштынаў падаў у суд Цэнтральнага раёна Мінска скаргу на прымяненьне ў дачыненьні да палітыка меры ўтрыманьня пад вартай. Да скаргі прыкладаецца выпіска з лячэбнай установы аб захворваньнях Някляева.

"Мы просім суд вызваліць Някляева з-пад варты на падставе стану яго здароўя, а таксама з улікам яго асобы", — паведаміла БелаПАН адвакат палітыка Тамара Сідарэнка. Паводле яе слоў, на працягу некалькіх дзён суд павінен прызначыць дату разгляду скаргі.

Някляеў быў моцна зьбіты вечарам 19 сьнежня каля офіса кампаніі "Гавары праўду!" на вуліцы Няміга ў Менску, за гадзіну да пачатку акцыі пратэсту апазыцыі супраць фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня. У ноч на 20 сьнежня супрацоўнікі спэцслужб даставілі яго з бальніцы ў СІЗА КДБ. 29 сьнежня Някляеў перанёс гіпэртанічны крыз. Разам з іншымі шасьцю экс-кандыдатамі ён абвінавачваецца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках (арт. 293 Крымінальнага кодэкса).

3 студзеня стала вядома, што ў ноч на 1 студзеня быў адпушчаны пад падпіску аб нявыезьдзе экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі — пасьля напісаньня ім тлумачальнай запіскі на імя Аляксандра Лукашэнкі. Раніцай 3 студзеня з СІЗА выйшаў таксама кіраўнік выбарчага штаба Някляева Андрэй Дзьмітрыеў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG