Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што нясе Беларусі 2011 год?


Якім будзе рэха прэзыдэнцкіх выбараў і “крывавай нядзелі” 19 сьнежня? Якія выпрабаваньні чакаюць беларускую эканоміку? Якімі будуць стасункі Беларусі з Захадам і з Усходам? Свае прагнозы ў “Праскім акцэнце” прапануюць палітолягі Аляксей Пікулік і Віталь Сіліцкі.

Дракахруст: Што чакае нас у 2011 годзе? Пэрспэктыву 2010 году засланяе велізарная цень прэзыдэнцкіх выбараў і крывавага вечара 19 сьнежня, рэха якога яшчэ ня сьціхла. Хаця насамрэч на працягу году было шмат чаго – канфлікт з Расеяй, які цягнуўся літаральна са студзеня, вэнэсуэльская нафта, украінскія выбары і кіргіская рэвалюцыя... ды шмат чаго было. Тым ня менш найперш прэзыдэнцкія выбары.

Што застанецца ад іх? Ці стане 2011-ты годам палітычных замаразкаў, што абяцаў Лукашэнка ў сваёй прамове пасьля выбараў, гаворачы, што “бязглуздай дэмакратыі больш ня будзе”? Ці магчымы па меншай меры “нулявы варыянт”, а то і новая “адліга”?

Мы доўгі час будзем жыць пра палітвязьнях

Сіліцкі
: Тое, што адбылося 19 сьнежня, адбылося нездарма, адбылося з пэўнай мэтай. Вы спаслаліся на прамову спадара Лукашэнкі, ён цалкам узяў на сябе палітычную адказнасьць за тое, што адбылося. Таму мой прагноз пэсымістычны, я згодны наконт замаразкаў. Хаця б таму, што каб вырашыць, разруліць гэтую сытуацыю, спатрэбіцца шмат часу. Мы доўгі час будзем жыць пры палітвязьнях. Я думаю, што рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці нейкі час працягнуцца. Перад дзяржаўным апаратам пастаўлена канкрэтная задача запалохаць грамадзтва, і яна будзе нейкі час выконвацца.

Дракахруст: Аляксей, а які ваш прагноз? Мы гаворым пра год, а гэта вялікі прамежак часу. І раней здаралася, што год пачынаўся замаразкамі, а сканчаўся адлігай, ці наадварот. Ці лічыце вы, што цяперашнія палітычныя замаразкі – гэта надоўга?

"Замаразкі" празь месяц-паўтара пяройдуць у вяртаньне status quo


Пікулік
: Я не зусім згодны зь Віталем. Я мяркую, што ў маштабах усяго году кароткія "замаразкі" празь месяц-паўтара пяройдуць калі не ў адлігу, то ў вяртаньне status quo, якое было. Сапраўды цяпер, пасьля 19 сьнежня, мэта была запалохаць беларускае грамадзтва, але і скарыстацца часовай дэпрэсіяй, каб выціснуць з усіх іншадумцаў максымальную колькасьць інфармацыі. Гэта плянавая апэрацыя спэцслужбаў, якая хутка павінна скончыцца.

Я таксама не пагаджуся зь Віталём, што 19 сьнежня было сплянаванае, гэта проста здалі нэрвы, гэта была эмацыйная рэакцыя, зь якой Лукашэнку цяпер давядзецца выходзіць. У мяне больш аптымістычны прагноз, чым у Віталя.

Дракахруст: Які будзе водгук беларускага грамадзтва на выбарчую кампанію, уключна з „крывавай нядзеляй“? Ці няма адчуваньня, што кола актыўных людзей узрушанае, абуранае, а астатняе грамадзтва адчувае сябе даволі спакойна? Ці гэта ня так?

Сярод палітычна актыўных людзей радыкалізаваліся нават самыя памяркоўныя


Пікулік: У выніку таго, што адбылося, сярод палітычна актыўных людзей радыкалізаваліся нават самыя памяркоўныя, але для большасьці гэта прайшло незаўважаным у навагодняй мітусьні. Я мяркую, што ў першыя дні студзеня колькасьць палітвязьняў зьменшыцца і ўсё гэта будзе залагоджана да 12 студзеня, калі ў Брусэлі пройдуць слуханьні па Беларусі.

Дракахруст: Віталь, 19 сьнежня ўжо з чыёйсьці лёгкай рукі ахрысьцілі «крывавай нядзеляй». Калі працягваць гэтую аналёгію расейскай гісторыі, то варта прыгадаць, што «крывавая нядзеля» 9 студзеня 1905 году ў тым самым годзе выбухнула рэвалюцыяй. Зразумела, ў гісторыі нічога не паўтараецца, але на ваш погляд які водгук у грамадзтве выкліча 19 сьнежня?

Улада спалохалася таго, што грамадзтва яго перастала баяцца


Сіліцкі: Аналёгіі можна праводзіць розныя. Мяне разам з калегамі, калі мы выступалі за дыялёг ЭЗ зь Менскам, ужо назвалі «калектыўным папом Гапонам». Так што ў 2011 годзе можна чакаць і царскага маніфэсту.

Я не пагаджуся зь меркаваньнем, што падзеі 19 сьнежня мелі на мэце проста набраць новых закладнікаў для гандлю з ЭЗ. Улада спалохалася таго, што грамадзтва яго перастала баяцца. І гэта стала вынікам той лібэралізацыі, якая спынілася 19 сьнежня.

Што тычыцца вашага пытаньня пра грамадзтва, то мы бачым актывізацыю той часткі грамадзтва, якая хоча пераменаў, гэта бачна па акцыях салідарнасьці. Але мы можам сутыкнуцца з паўтарэньнем 2006 году, калі два месяцы пасьля Плошчы ўсе стаялі на вушах, быў сецявы супраціў, флэш-мобы, новыя формы барацьбы, а потым студэнты разьехаліся па замежжах і мы мелі 3 гады поўнага правалу і адсутнасьці зьмястоўнай палітычнай актыўнасьці.

Я гэтыя дні шмат езьдзіў на Акрэсьціна і заўважыў, што сярод затрыманых даволі мала студэнтаў. Людзі, якія выйшлі на Плошчу - гэта ў асноўным сярэдняя кляса, 25-35 гадоў, людзі, якія самі зарабляюць грошы.

Хаця мы ня маем дакладных сацыялягічных дадзеных па выніках выбараў, з ускосных чыньнікаў я раблю выснову, што на гэтых выбарах апазыцыя вырвалася за межы 25%, якія заўжды ў яе былі. Было гэта 30 ці 35%, але пэўны зрух адбыўся.

Тэндэнцыі, якія выявілі гэтыя выбары, дастатковыя, каб напалохаць уладу і згарнуць лібэралізацыю, але недастатковыя, каб выйграць у яе.

Дракахруст: Што будзе з апазыцыяй? Кампанія вынесла ў вышэйшую лігу беларускай палітыкі шэраг асобаў, якія год таму ў ёй не былі: Кастусёва, Някляева, Рымашэўскага і іншых. Да таго ж выбары сталі своеасаблівай нацыянальнай дыскусіяй наконт шляхоў Беларусі і яе месца ў сьвеце. Як можа зьмяніцца расстаноўка сілаў на палітычнай сцэне ў адпаведнасьці з вынікамі гэтай дыскусіі? Зараз многія з асобаў, якіх я меў на ўвазе, у турме, гэта ня самае зручнае месца, каб займацца палітыкай...

Сіліцкі: А можа і найзручнейшае. Даруйце за цынізм, але такія рэпрэсіі надаюць шмат палітычнага капіталу. Калі гэтыя людзі ня зломяцца, то хто яго ведае.

Дракахруст: Дык хто ведае?

Геапалітычныя пытаньні сталі актуальнымі тады, калі нас асабліва ня білі

Сіліцкі: У 2010 годзе мы ўбачылі, што пасьля некалькіх гадоў правалу апазыцыя адрадзілася. Часткова гэта было зьвязана з тым, што ўлада адпусьціла ланцуг, дала пагуляцца. Пэўны ўплыў на грамадзтва гэтая кампанія зрабіла, сацыяльны патэнцыял для апазыцыі ёсьць. Яна зможа адрадзіцца, нягледзячы нават на гэтыя рэпрэсіі.

Але мы вяртаемся ў дысыдэнцкі пэрыяд, дзе некалькі гадоў гэтых замаразкаў на першым месцы будзе праваабарончая дзейнасьць. Гэтыя дні пасьля 19-га вывелі на авансцэну новых грамадзкіх лідэраў, такіх як Дар'я Каткоўская, Сяржук Семянюк і Алена Танкачова. Іх ніхто не абіраў, яны вылучыліся сваімі ўчынкамі.

Што да геапалітычных пытаньняў, то яны сталі актуальнымі тады, калі нас асабліва ня білі. Калі наступаюць лепшыя часы, людзі больш дыскутуюць, больш сварацца, другасныя пытаньні робяцца першаснымі. За час лібэралізацыі мы амаль згубілі маральную лінію, пытаньне «ты за чырвоных ці за белых» зьмянілася пытаньнем «ты за рускіх ці за немцаў». А зараз ізноў вярнулася пытаньне наконт “чырвоных” і “белых”. Вораг адзін і ён кансалідуе.

Дракахруст: Аляксей, а які ваш прагноз – што будзе з апазыцыяй, зь незалежным грамадзтвам у 2011 годзе? Вось год таму, напярэдадні году выбараў, многія экспэрты называлі імёны меркаваных гульцоў у год выбараў 2010 – Казулін, Мілінкевіч, Калякін, Лябедзька. І ніводзін зь іх якраз і ня быў сярод асноўных гульцоў. У 2011 годзе нас чакаюць такія самыя нечаканасьці?

На гэтых выбарах браць уладу ўпершыню пайшлі людзі, якія яе сапраўды хацелі ўзяць

Пікулік: На гэтых выбарах браць уладу ўпершыню пайшлі людзі, якія яе сапраўды хацелі ўзяць. Я ня ведаю, як хутка выпусьцяць лідэраў, якія цяпер сядзяць у турме, але калі яны ня зломяцца і выйдуць, яны ўмацуюць апазыцыю. У 2011 годзе ў Беларусі зьявіцца моцная прарасейская сіла, якая ня будзе кантралявацца Лукашэнкам – партыя, сетка ці яшчэ нешта. Зьяўляецца прастора для сілы, якая ня будзе падпарадкаваная ўладзе, але якая і ня будзе клясычнай беларускай апазыцыяй.

У грамадзянскай супольнасьці адбудзецца кансалідацыя, бо зьявіліся прычыны для салідарнасьці.

СЛУХАЦЬ ПЕРАДАЧУ ЦАЛКАМ:

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:25:00 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG