Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваным пачалі выстаўляць абвінавачаньні


Некаторым арыштаваным экс-кандыдатам у прэзыдэнты, а таксама іх давераным асобам, якія праходзяць па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску падчас акцыі 19 сьнежня, сёньня выстаўлена абвінавачаньне.

Паводле адвакатаў, па крымінальным артыкуле 293-м (масавыя беспарадкі), выстаўлена абвінавачаньне экс-кандыдатам у прэзыдэнты Ўладзімеру Някляеву, Андрэю Саньнікаву, Мікалаю Статкевічу і Віталю Рымашэўскаму, а таксама даверанай асобе апошняга — Паўлу Севярынцу. Таксама абвінавачаньне высунута прэс-сакратару Саньнікава Аляксандру Атрошчанкаву.

Адвакат Тамара Сідарэнка зьвяртае ўвагу на тое, што стан здароўя яе падабароннага Ўладзімера Някляева выклікае вялікую трывогу. Яна падала хадайніцтвы на неадкладную шпіталізацыю Някляева і на зьмену меры стрыманьня.
У Някляева затарможаная гаворка, і вельмі высокі ціс.

«Абвінавачаньне Някляеву выстаўлена, але мы практычна не дапытаныя. Бо важней за абвінавачаньне той факт, што ён сёньня перанёс гіпэртанічны крыз. Стан здароўя ў яго вельмі няважны. Ён не шпіталізаваны, хаця, са словаў Някляева, ёсьць вельмі вялікая небясьпека паўторнага крызу і інсульту. Асабліва, калі ўлічыць, што ён з 1999 году на ўліку і ўжо тады перанёс інсульт. Яго стан даволі дрэнны».

Сідарэнка сказала, што ў Някляева затарможаная гаворка, і вельмі высокі ціск, 220 на 160, што для яго ніколі не было характэрна.

«Самы вялікі ціск, калі спатрэбілася ўмяшаньне лекараў, быў 180. Таму ўявіце сабе. Чалавек лічыць, што ён фактычна можа памерці. Лятальны сыход быў бы непазьбежны і цяпер, са словаў Някляева. Пашчасьціла толькі тое, што у камэры быў адзін сукамэрнік (астатнія былі на шпацыры), той убачыў, што Някляеву дрэнна, ён губляе прытомнасьць, і выклікалі хуткую. Таму невядома, чым бы гэта яшчэ скончылася».

Адвакат Павел Сапелка паведаміў, што выстаўлена абвінавачаньне яго падабаронным Андрэю Саньнікаву і Паўлу Севярынцу. Адвакат лічыць, што ані Саньнікаў, ані Севярынец «не заслугоўваюць прыцягненьня да нейкай адказнасьці».

Датычна іх самаадчуваньня, адвакат сказаў так:
Саньнікаў практычна ходзіць нармальна. Нядаўна прайшоў галаўны боль.

«З Паўлам усё ў парадку ў гэтай частцы, Андрэй Саньнікаў атрымаў лячэньне, цяпер яму лепш. Яму зрабілі рэнтген, тамаграфію галавы. Ён практычна ходзіць нармальна. Нядаўна прайшоў галаўны боль».

Паводле спадара Сапелкі, тэрмін утрыманьня пад вартай — наогул два месяцы, і з санкцыі пракурора ён можа быць працягнуты.

Адвакат Уладзімер Тоўсьцік сказаў, што выстаўлена абвінавачаньне і журналісцы Ірыне Халіп, жонцы экс-кандыдата Андрэя Саньнікава. Аднак ён не назваў артыкул і сказаў, што заўтра працягнуцца допыты. Ён сказаў, што Ірына ня падае духам, добра трымаецца, на здароўе ня скардзіцца.

Усяго па справе аб масавых беспарадках праходзіць 26 асобаў. 19 зь іх знаходзяцца пад вартай у СІЗА КДБ і менавіта 29 сьнежня ў некаторых скончыўся 10-дзённы тэрмін з дня іх затрыманьня. Што да Алеся Міхалевіча, то ў яго тэрмін утрыманьня пад вартай завяршаецца 30 сьнежня. Яго адвакат Алег Агееў сказаў:

«Па законе абвінавачаньне павінна выстаўляцца ў маёй прысутнасьці і адпаведна першы допыт у якасьці абвінавачанага — таксама ў прысутнасьці адваката. Усё залежыць ад таго, ці будзе яму заўтра выстаўляцца абвінавачаньне, ці ён будзе адпушчаны на волю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG