Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляева хаваюць ад чужых вачэй?


Зьбіты 19 сьнежня Ўладзімер Някляеў
Зьбіты 19 сьнежня Ўладзімер Някляеў
Адвакаты падаюць скаргі на тое, што ня могуць сустрэцца са сваімі падабароннымі, зьняволенымі ў СІЗА КДБ. Усяго 19 асобаў узятыя пад варту і падазраюцца паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. Сярод іх кандыдаты ў прэзыдэнты — Уладзімер Някляеў, Аляксей Міхалевіч, Віталь Рымашэўскі, Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч.

Адваката Сідарэнку не пускаюць да Някляева
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:31 0:00
Наўпроставы лінк


Адваката Тамару Сідарэнку ў першай палове дня зноў не пусьцілі да падабароннага кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, які, паводле афіцыйнай інфармацыі, утрымліваецца ў сьледчым ізалятары КДБ. Адвакат Сідарэнка сёньня ўжо трэці дзень спрабуе дамагчыся сустрэчы з падабаронным.

"Сёньняшні дзень паказаў, што гэта працэс, які некім штучна рэгулюецца. Гэта ня нейкія аб'ектыўныя цяжкасьці. Пачалі прыходзіць з ізалятара і забіраць асобаў, якія былі за мной. Забралі двух сьледчых, правялі ў кабінэты, нейкага чалавека ў цывільным, які наогул прыйшоў значна пазьней за нас. Выразна бачна, што проста парушаецца права маё і Някляева на нашы зносіны і што гэта некаму патрэбна. Мяне зусім вывела зь сябе такое парушэньне, калі ўзялі людзей, якія пасьля нас і ў якіх ніякіх пераваг перад адвакатамі няма".

Сідарэнка паведаміла, што, як і іншыя адвакаты, напісала скаргу на начальніка СІЗА КДБ, каб быў вызначаны канкрэтны час для сустрэчы. Таксама Сідарэнка напісала скаргу старшыні КДБ. Яна паведаміла, што жонка Някляева Вольга была чацьвёртай у чарзе і змагла перадаць перадачу.

"Сёньня шмат людзей прыйшло перадаваць перадачы затрыманым. У чатырох чалавек прынялі. А асноўная маса, чалавек восем, не змаглі перадаць перадачы, хаця прыйшлі яшчэ да дзесятай гадзіны. Яны пачалі пісаць скаргу, але празь некаторы час прыйшоў нейкі супрацоўнік і запрасіў усіх, каб прыняць перадачы".

Адвакат Андрэя Саньнікава і Паўла Севярынца Павал Сапелка сустрэўся са сваімі падаабароннымі 20 сьнежня. Аднак новай сустрэчы яму не дазволілі.

"Мы з адвакатамі, якія бяруць удзел у абароне іншых арыштаваных, прыйшлі да высновы, што ёсьць яўная, зразумелая нам устаноўка — не дапускаць абаронцаў да сустрэчы з падабароннымі. Таму ніякіх зьвестак пра стан здароўя, стан спраў сваіх падаабаронных мы ня маем".

Павал Сапелка зрабіў усё магчымае, каб дамагчыся новай сустрэчы — далучыўся да калектыўнай скаргі абаронцаў у Генпракуратуру, падаў хадайніцтва сьледчаму, заяву начальніку СІЗА КДБ і нават зрабіў запіс у кнігу скаргаў бюро прапускоў КДБ. Адвакат мяркуе, што Саньнікаву не аказваецца патрэбная мэдычная дапамога.

"Нельга забывацца, што Саньнікаў абвінавачваецца ў асабліва цяжкім злачынстве. І цяпер вельмі важна, каб мы мелі магчымасьць выпрацоўваць нейкую пазыцыю па справе, сустракацца. І цяпер вельмі важна, каб якія-колечы асобы, сілы, органы ня мелі магчымасьці без грамадзкага і адвакацкага кантролю ўзьдзейнічаць у нейкай форме на арыштаваных з мэтай прымусіць іх да дачы нейкіх іншых паказаньняў, чым дадзеныя раней, і прымусіць іх да самаагавору".

Сёньня органы апекі зацікавіліся трохгадовым сынам кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і ягонай жонкі Ірыны Халіп, якая таксама сярод арыштаваных у ізалятары КДБ. Бабуля напісала заяву на афармленьне апякунства над унукам і сказала, што ўнук больш ня пойдзе ў садок. Сёньня ж на допыт у КДБ былі выкліканыя прадстаўніца штабу Някляева Сьвятлана Навумава і, другім ужо разам, лідэр грамадзкага аб'яднаньня "Пэрспэктыва" Анатоль Шумчанка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG