Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: “Гэта паказвае нізасьць улады”



Cьпіс асобаў, якія прыцягваюцца да крымінальнай адказнасьці за падзеі 19-га сьнежня, апублікаваны на сайце праваабарончай арганізацыі "Вясна", мы папрасілі пракамэнтаваць лідэра арганізацыі Алеся Бяляцкага.

Бяляцкі: Мы сабралі гэтыя зьвесткі ад сваякоў затрыманых. Ім званілі з КДБ і паведамілі, што іх родныя знаходзяцца ў сьледчым Ізалятары КДБ. Яны самі ці іх знаёмыя пацьвердзілі нам гэтую інфармацыю. Мы сёньня займаліся тым, што забясьпечвалі тым з гэтых людзей, у каго іх няма, адвакатаў. Была і яшчэ адна крыніца інфармацыі, якую я не магу назваць.

На ўчора ў сьпісе было 16 чалавек.

Дракахруст: У гэтым сьпісе даволі вядомыя людзі. Я не ўбачыў у ім людзей, якія маглі біць шыбы і ламаць дзьверы ў Доме ўраду.

Бяляцкі: Тут могуць быць два варыянты. Ці гэта было справакавана спэцслужбамі і тады канцоў мы ня знойдзем. І другі варыянт -- у гэтым маглі ўдзельнічаць гарачыя галовы, якія думалі, што за 5 хвілін можна перакуліць сьвет. І ў такім выпадку гэты сьпіс будзе папаўняцца.
Але я лічу, што вялікага злачынства там не было. Разьбілі шкло. Гэта безумоўна правапарушэньне. Але лёгкае. Мы бачым, як ацэньваюцца такія правапарушэньні ў нармальных дэмакратычных краінах. Там гэта адміністрацыйнае правапарушэньне і такому правапарушальніку могуць выставіць рахунак за тое, каб ён гэтую шкоду кампэнсаваў.
Мы памятаем, як Валер Шчукін быў шкло ў будынку МУС, як Арына Вячорка біла шкло ў міліцэйскім пастарунку, патрабуючы, каб ёй далі інфармацыю пра сына. Шчукін быў пакараны адміністрацыйным арыштам, Вячорка - штрафам.

Дракахруст: Як бы вы маглі пракамэнтаваць пакаяньне былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, відэаролік зь якім быў вывешаны на сайце менскай міліцыі?

Бяляцкі: Гэта ўсё ўкладаецца ў сэрыю "эфэктыўнай" працы КДБ, якая, я мяркую. такім жа чынам спрацавала і са спадаром Раманчуком, які таксама зьмяніўся на працягу адной ночы. Частка людзей хапаецца за галаву і кажуць -- што ж я нарабіў, я ж за яго галасаваў. Падобная практыка псыхалягічнага ўзьдзеяньня на затрыманых людзей з боку КДБ праяўляецца такім чынам і ня кожны можа гэта вытрымаць, калі ён раней не трапляў у падобныя сытуацыі. Асабліва калі гэта людзі з кабінэтных работнікаў, інтэлігенцыя. Прапануюцца розныя варыянты выхаду з сытуацыі, пагражаюць, што ты прападзеш канчаткова, і ўсё гэта ідзе на працягу некалькіх гадзінаў. Людзі проста "плывуць". Гэта псыхалягічны ціск і так яго трэба і ўспрымаць. Сьледчыя КДБ такім чынам паказваюць свой прафэсійны ўзровень. Але мне падаецца, што гэта паказвае нізасьць сёньняшняй улады, якая ідзе на такія крокі, каб на вачах усяго грамадзтва зламаць людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG