Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалася кампанія салідарнасьці з палітвязьнямі


Кампанія салідарнасьці з арыштаванымі кандыдатамі ў прэзыдэнты і ўсімі іншымі ўдзельнікамі маніфэстацыі 19 сьнежня пачынаецца ад сёньняшняга дня. Пра гэта 21 сьнежня абвясьцілі ўдзельнікі спэцыяльнай прэсавай канфэрэнцыі, якія прадстаўляюць дэмакратычныя партыі і грамадзкія арганізацыі. Першым этапам салідарнасьці стане падтрымка тых, хто знаходзіцца цяпер у турме на Акрэсьціна ды ў іншых мецах зьняволеньня.

Прыйсьці 21-га сьнежня ўвечары да турмы на Акрэсьціна заклікаў лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч. Менавіта праз рэальную салідарнасьць можна найперш паказаць сваё яднаньне, заявіў палітык:

«Ня будзе салідарнасьці ў нас з тымі людзьмі, якія сёньня сядзяць па вязьніцах, — значыцца, мы яшчэ недастойныя жыць у свабодзе. Я лічу, што сёньня, незалежна ад нашых розных ідэалягічных поглядаў, ад розных падыходаў да стратэгій і тактык, мы ўсе павінны праявіць салідарнасьць. І гэта ня толькі палітычная справа. Гэта грамадзкая справа. Таму я зьвяртаюся і да сябраў палітычных партый, і да сябраў рухаў, грамадзкіх арганізацый, проста да грамадзянаў Беларусі: калі не заўважыў парушэньняў правоў чалавека, якія гвалтам навязваюцца грамадзтву, то і ў цябе ня будзе свабоднага лёсу».

Яшчэ адзін этап акцыі салідарнасьці — збор сродкаў на дапамогу пацярпелым. Пра гэта ад імя штабу былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава абвясьціў Віктар Івашкевіч:
Мы не павінны кідаць людзей сам-насам зь іхнімі праблемамі. І наша галоўная мэта — разгарнуць кампанію салідарнасьці.

«Зьвяртаецца шмат людзей, якія хацелі б нейкім чынам дапамагчы арыштаваным, далучыцца да салідарных дзеяньняў. І мы абвяшчаем збор сродкаў на сядзібе БНФ. Гэтыя грошы найперш пойдуць на плату тым адвакатам, якія будуць дапамагаць асуджаным. А таксама на выплату штрафаў, якія прысудзяць улады людзям. Мы не павінны кідаць людзей сам-насам зь іхнімі праблемамі. І наша галоўная мэта — разгарнуць кампанію салідарнасьці».

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі, сярод якіх былі таксама Рыгор Кастусёў, Аляксей Янукевіч, Леў Марголін, Вячаслаў Сіўчык, заявілі, што ніякай дэпрэсіі пасьля выбараў у іхніх арганізацыях няма. У прыватнасьці, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў:

«Мы як партыя за гэтую кампанію ўмацаваліся, набылі шмат новых сябраў, шмат новых ідэяў зьявілася. Мы не зьбіраемся ўпадаць у нейкую дэпрэсію. І ніхто ў такім стане не знаходзіцца. Мы зрабілі важны крок да свабоды, і мы будзем рабіць новыя крокі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG