Знаткевіч: Лявон, гэта для вас будзе першы досьвед назіраньня на выбарах?
Вольскі: Ніколі ў жыцьці не было ў мяне такога досьведу, таму гэта для мяне даволі хвалюючы момант у маім жыцьці. Такі экстрэмальны нават. Сёньня мы з Алегам Хаменкам зарэгістраваліся ў інтэрнаце на Сьлясарнай і ў Лінгвістычным унівэрсытэце, досыць пасьпяхова безь ніякіх перашкдаў. Заўтра сходзім у Лінгвіcтычны, паглядзім як там ідзе датэрміновае галасаваньне. Сёньня ўжо было шмат дзяўчынак, якія стаялі ў чарзе перад ад'ездам дахаты ў свае Рагачовы і Жабінкі, якія прагнулі галасваньня. І на наша пытаньне, чаму датэрмінова, так сарамліва апускалі вочы, і казалі, што трэба дахаты ехаць і гэтак дале. Карацей, яны рахумеюць, што тое, што яны робяць, гэта ня вельмі добра.
Лявон Вольскі (першы зьлева) і Алег Хаменка (другі зьлева) з гурту "Палац" сустрэліся з кіраўніцтвам выбарчай камісіі.
Знаткевіч: Чаму вырашылі пайсьці ў назіральнікі?
Вольскі: Сама сытуацыя нестандартная для Беларусі – шмат кандыдатаў, таму я вырашыў неяк так актыўна паўдзельнічаць.
Знаткевіч: Якраз перад мінулымі выбарамі зьявілася песьня НРМ "Гадзючнік", якую вы з іншымі музыкамі НРМ сьпявалі на Плошчы, і якая ў нейкім сэнсе стала, можна сказаць, гімнам Плошчы? Ваша новая песьня "Хай будзе дзень" нейкім чынам прымеркаваная да палітычных падзеяў, ці так проста супала?
Вольскі: Супала, але так проста нічога не супадае ў нашым жыцьці. Яна была напісаная напрыканцы вясны, але так неяк зоркі склаліся вельмі ўдала. Учора мы гралі яе на канцэрце, і людзі адназначна ўспрымалі яе, як песьню сёньняшняга дню -- хутчэй не як прымеркаванаую да выбараў, але да цяперашняй сытуацыі ўвогуле.
Знаткевіч: Наш учорашні госьць, публіцыст Віктар Марціновіч сказаў, што нічога ня зьменіцца – але ён пойдзе на плошчу, бо гэта адзіны раз на пяць гадоў, калі беларусы масава выказваюць грамадзянскую пазыцыю. Вы згодныя, што нічога ня зьменіцца?
Вольскі: У Польшчы, калі была "Салідарнасьць" таксама думалі, што нічога зьмяніць немагчыма, думалі "будзем пратэставаць", і ў адзін момант усё зьмянілася. Тое ж самае было і ў 1990-х, калі развальваўся Савецкі Саюз. Я заўсёды веру ў нейкія пазытыўныя зьмены ў нашым грамадзтве, таму і пайду.
Слухаць гутарку цалкам: