Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзень салідарнасьці — сустрэчы на плошчы Свабоды


Папярэдняя сустрэча з выбарцамі У.Някляева і А. Саньнікава
Папярэдняя сустрэча з выбарцамі У.Някляева і А. Саньнікава

Традыцыйная акцыя салідарнасьці сёньня пройдзе ў форме сустрэчы кандыдатаў на прэзыдэнта з выбарцамі на плошчы Свабоды ў Менску.

Пра супольны ўдзел у Дні салідарнасьці, прымеркаваўшы да яго сустрэчу з выбарцамі, заявілі два кандыдаты на прэзыдэнта: Уладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў. Гэтым разам традыцыйнае месца збору зьмененае: удзельнікі акцыі зьбяруцца не на Кастрычніцкай плошчы Менску, а на плошчы Свабоды.

І гэтая дамоўленасьць застанецца актуальнай, кажа кіраўнік штабу Андрэя Саньнікава Ўладзімер Кобец:

"Ад пачатку была дамова Саньнікава зь Някляевым. Гэтая дамова дзейнічае, і гэта і ёсьць Дзень салідарнасьці кандыдатаў з выбарцамі. Што тычыцца іншых кандыдатаў, то спадзяемся, што яны таксама будуць на гэтай сустрэчы".

Пра ўдзел у Дні салідарнасьці Ўладзімера Някляева кіраўнік ягонага штабу Андрэй Дзьмітрыеў паведаміў наступнае:

“Уладзімер Пракопавіч публічна ўсіх запрасіў на сустрэчу, каб яшчэ раз нагадаць, што нельга хадзіць на датэрміновае галасаваньне, што трэба паведамляць, калі гэта прымушаюць рабіць, а таксама нагадаць, што мы сустрэнемся ў асноўны дзень а 20-й гадзіне ў некалькіх кроках ад гэтага месца".

Удзел у акцыі прыме Віталь Рымашэўскі, які адмыслова дзеля гэтага вернецца з Магілёва. А вось кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч аддасьць перавагу сустрэчы з выбарцамі Горадні:

"У мяне ў гэты час сустрэча каля філярмоніі ў Гародні з выбарцамі, якія таксама заслугоўваюць павагі і ўвагі кандыдатаў. У Менску сустрэчу з выбарцамі я правёў 24 лістапада на Кастрычніцкай плошчы. Наступная — там жа, 19 сьнежня а 20.00".

Як паведамілі ў штабах кандыдатаў на прэзыдэнта Яраслава Раманчука, Рыгора Кастусёва, Алеся Міхалевіча, Дзьмітрыя Вуса і Віктара Цярэшчанкі, кандыдаты на прэзыдэнта ў гэты час будуць праводзіць сустрэчы з выбарцамі ў рэгіёнах краіны.

Сябры Маладога фронту — актыўныя арганізатары і ўдзельнікі Дня салідарнасьці, які цягам пяці год праводзіцца 16 чысла кожнага месяца таксама далучаюцца да акці. Кажа актывіст Маладога фронту Ўладзімер Яроменак:

"Па сутнасьці, гэта будзе звычайная акцыя салідарнасьці, якая праводзіцца кожны месяц 16 чысла, але будзе незвычайнае месца — плошча Волі. Гэта будзе супольная і больш шырокая акцыя з удзелам кандыдатаў на прэзыдэнта. Малады фронт ня можа застацца ўбаку ад гэтай падзеі".

16 дня кожнага месяца ў Беларусі і за мяжой праводзяцца Дні салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і сем'ямі зьніклых апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі. Дата зьвязаная з падзеяй 16 верасьня 1999 году, калі ў Менску зьніклі Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі.

З ініцыятывай правядзеньня Дзён салідарнасьці ў верасьні 2005 году выступілі лідэр грамадзкага руху “Мы памятаем” Ірына Красоўская, журналістка Ірына Халіп і актывіст руху “Зубр”Мікіта Сасім.

Першапачаткова арганізатары заклікалі суграмадзян а 8-й гадзіне вечара на 15 хвілінаў выключыць сьвятло ў сваіх кватэрах і запальваць сьвечкі. Пазьней акцыі ў Дзень салідарнасьці праводзіліся ў розных фарматах – ад жывых ланцугоў да расклейваньня партрэтаў і вывешваньня расьцяжак. Традыцыйна ў гэты дзень таксама запальваюць сьвечкі каля партрэтаў палітвязьняў і зьніклых апазыцыянэраў.

Неаднойчы супрацоўнікі міліцыі затрымлівалі дзясяткі актывістаў апазыцыі за ўдзел у акцыях на Дні салідарнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG