Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле Раманчука, яму прапанавалі крэсла рэфарматара ва ўрадзе


Ярасалаў Раманчук
Ярасалаў Раманчук
Кандыдат на прэзыдэнта Яраслаў Раманчук паведаміў, што да яго зьвярнуліся прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта і прапанавалі пасаду кіраўніка ўраду альбо намесьніка прэм’ера.

Празь некалькі дзён пасьля гэтага здарыўся інцыдэнт на дарозе ля Гомелю, калі машына кандыдата трапіла ў аварыю. Менавіта гэтае здарэньне, як кажа Раманчук, і падштурхнула яго распавесьці пра гэтую прапанову.

Два высокапастаўленыя прадстаўнікі "вэртыкалі" прапанавалі Яраславу Раманчуку пасаду прэм’ера ці віцэ-прэм’ера, адказнага за правядзеньне эканамічных рэформаў. Прозьвішчы гэтых чыноўнікаў Раманчук назваць не захацеў. У адказ на гэтую прапанову спадар Раманчук выставіў некалькі сваіх умоваў:

"Я казаў увогуле пра неабходнасьць зьмены падыходу да працы Савету Міністраў, надзяленьне ўраду паўнамоцтвамі і перш за ўсё магчымасьць прыцягваць прафэсіяналаў са сваёй каманды, а не працаваць з тымі, хто будзе мне прызначаны. Так што гаворка пра тое, каб прыйшла каманда людзей, якія могуць рабіць рэформы, ведаюць, што такое рынкавая эканоміка, і могуць выкарыстоўваць той патэнцыял дакумэнтаў, канцэпцыяў, які быў напрацаваны намі за апошнія гады".

Ніякіх сустрэчных умоваў накшталт зьняцьця з выбараў "вэртыкальнікі" Раманчуку не выстаўлялі. Яны абяцалі перадаць умовы Раманчука на самы верх. Далей дыялёг спыніўся.

Сам Раманчук не выключае, што гэтую прапанову хочуць выкарыстаць для прапаганды, каб паказаць, што АГП і яе кандыдат ня ёсьць канструктыўная апазыцыя. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька не выключае, што такія сустрэчы маглі праводзіцца і зь іншымі кандыдатамі.

"Ёсьць яшчэ адна вэрсія, што гэта можа проста рабіцца для размываньня Плошчы. Калі нешта прапануюць, гэта заўсёды людзей узбуджае, у некаторых пачынаюць пацець далоні, але нашая пазыцыя такая. Можа, за намі пойдуць заявы іншых кандыдатаў пра падобнае".

Агучыць дэталі размовы з вэртыкальнікамі Яраслава Раманчука падштурхнула аўтамабільная аварыя, якая здарылася зь ім у суботу.

Прааналізаваўшы дэталі здарэньня, Раманчук вырашыў зьвярнуцца з заявай аб завядзеньні крымінальнай справы з гэтай нагоды.

"Каб сказаць, што гэта выпадковасьць, хай правядуць расьсьледаваньне кожнай дэталі, як гэтыя людзі сябе паводзілі, хто яны такія. Калі ня будзе падставаў казаць, што гэта магло быць трагічнае палітычнае здарэньне, тады я падзякую за інфармацыю. Трэба, каб кожны палітык ведаў, што тое, што ён робіць, знаходзіцца пад абаронай закону і міліцыі".

Яшчэ адну заяву Яраслаў Раманчук накіраваў у МУС, КДБ і Генпракуратуру. Яна тычыцца выказваньня кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея, што 19 сьнежня апазыцыйныя кандыдаты рыхтуюць беспарадкі з выкарыстаньнем выбуховых рэчываў. Кандыдат патрабуе, каб міліцыя і КДБ затрымалі людзей, якія рыхтуюць выбухоўку, а калі такіх ня знойдуць, то заклікае завесьці справу на Макея за паклёп. Сам Яраслаў Раманчук зьбіраецца 19 сьнежня прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу Менску:

"Безумоўна, я прыйду на Плошчу, безумоўна, я заклікаю да гэтага сваіх прыхільнікаў. Як там будзе? Ёсьць розныя сцэнары, яны абмяркоўваюцца. Што тычыцца мяне, я гарантую, што мае паводзіны будуць мірнымі. Яны ня будуць скіраваныя на нейкую рэвалюцыю, ня будзем кідаць каменьні, атакаваць АМАП. Мае паводзіны будуць згодныя з нашай Канстытуцыяй".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG