Лінкі ўнівэрсальнага доступу

WikiLeaks рассакрэціў пляны Захаду адносна Беларусі


ЗША і ЭЗ не зьбіраюцца ахвяраваць Беларусьсю дзеля паляпшэньня дачыненьняў з Расеяй. Гэта вынікае са справаздачы амбасады ЗША ў Стакгольме аб нарадзе памочніка дзяржсакратара ЗША ў эўрапейскіх і эўраазіяцкіх пытаньнях Філіпа Гордана з прадстаўнікамі Эўразьвязу. Тэкст дакумэнту абнародаваў выкрывальніцкі партал WikiLeaks.

Згаданая сустрэча адбылася ў ліпені 2009, празь некалькі дзён пасьля саміту прэзыдэнтаў ЗША Барака Абамы і Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Пецярбурзе. У ходзе нарады ў Стакгольме Філіп Гордан паінфармаваў сваіх эўрапейскіх калегаў аб тым, якім чынам распачатая расейска-амэрыканская "перазагрузка" паўплывае на ключавыя пытаньні міжнароднай палітыкі.

У прыватнасьці дыплямат патлумачыў, што Вашынгтон імкнецца да паляпшэньня дачыненьняў з Масквой, прытрымліваючыся пры гэтым асноўных прынцыпаў: "ніякіх сфэраў уплыву, дэмакратычныя краіны маюць права абіраць сабе саюзьнікаў і непрызнаньне Абхазіі ды Паўночнай Асэтыі".

"Расея, у сваю чаргу, выпрабоўвае гатовасьць ЗША да кампрамісаў па гэтых пытаньнях, на якія мы, аднак, ня пойдзем", – цытуюцца словы амэрыканскага дыплямата.

У прыклад адмовы ЗША ад саступак Крамлю па прынцыповых пытаньнях Гордан прывёў пазыцыю Вашынгтону ў грузінскім пытаньні.

Прысутны на сустрэчы дырэктар аддзелу палітычных дачыненьняў МЗС Літвы Эйтвідас Баярунас адрэагаваў на гэта заклікам сфармуляваць агульную стратэгію ЗША і ЭЗ адносна Грузіі і Беларусі.

У адказ Гордан сказаў: "Мы можам інтэрпрэтаваць вызваленьне Зэльцэра толькі як дэманстрацыю інтарэсу Беларусі ў лепшых стасунках". Ён дадаў, што зьбіраецца сам неўзабаве наведаць Беларусь. Нагадаем, памочнік дзяржсакратара ЗША Філіп Гордан сапраўды наведаў Беларусь у жніўні 2009 году – празь месяц пасьля цытаванай нарады

У сваю чаргу палітычны каардынатар Сакратарыяту Рады Эўразьвязу Хэльга Шміт акрэсьліла бачаньне Брусэлю адносна разьвіцьця дачыненьняў зь Беларусьсю.

У прыватнасьці, Шімт паведаміла, што беларускі міністар замежных спраў распавёў ёй на нефармальнай сустрэчы краінаў АБСЭ ў Корфу (у чэрвені 2009 году – за месяц да нарады ў Стакгольме), што "на беларусаў моцна ціснуць, каб яны прызналі Абхазію і Паўднёвую Асэтыю".

"Беларусь – банкрут, – працягвае Шміт. – І, адпаведна, падвержаная эксплюатацыі з боку Расеі. Эўразьвяз разглядае магчымую падтрымку (Беларусі) з боку Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця і МВФ – у памеры ад двух да трох мільярдаў даляраў".

"Я не люблю Лукі, – падсумавала Шміт. – Але вызваленьне Зэльцэра было яўна нацэлена на тое, каб даслаць пэўны сыгнал".
XS
SM
MD
LG