ГАРАДЗЕНШЧЫНА
“Мы дзьвюма рукамі за тое, каб усе зьняліся…”
За тое, каб апазыцыйныя кандыдаты ўсе разам зьнялі свае кандыдатуры з выбарчай кампаніі, выказваюцца мясцовыя актывісты на Гарадзеншчыне, паколькі лічаць, што вынікі выбараў будуць сфальшаваныя.
Праваабаронца і назіральнік за выбарамі са Смаргоні Алесь Дзергачоў лічыць, што кандыдаты занадта пасьпешліва адказалі Някляеву на яго прапанову, і што трэба было яе добра абмеркаваць, паколькі прапанова, на думку спадара Дзергачова, самая вартая на дадзеным этапе:
“І што тады за выбары атрымліваліся б, калі б застаўся адзін чалавек? Тады б і людзям было б лепш зразумела, чаму ён адзін. Сталі б цікавіцца, з чым гэта зьвязана. І гэта было б лягічным працягам таго, аб чым казалі кандыдаты ў прэзыдэнты падчас сваіх выступаў”.
Лідэр раённай арганізацыі БНФ у Слоніме Іван Шэга спасылаецца на свой уласны досьвед, калі вылучаўся на мясцовых выбарах і заклікаў сваіх апанэнтаў зьняцца з выбарчай гонкі, паколькі выбарчы працэс у краіне недэмакратычны:
“Лукашэнку гэта было б вельмі непрыемна, але ня гэта галоўнае. Апазыцыя зрабіла, што хацела, — яны атрымалі трыбуну для агітацыі, выступы на тэлебачаньні і радыё — але ўлічваючы, што ў камісіі людзей ня ўключылі, праявіла прынцыповасьць і зьнялася. Я б за гэта дзьвюма рукамі…”.
Кіраўнік выбарчага штабу Яраслава Раманчука Юры Істомін кажа, што апазыцыя прытрымлівалася свайго фармату дзеяньняў — пазнаёміла выбарцаў са сваімі ідэямі, а далей пачынаюцца нелегітымныя працэдуры, паколькі кантролю за выбарамі ніхто, акрамя ўлады, ня мае, і таму трэба абавязкова ўсім здымацца:
“Я лічу, што выбары ўжо скончыліся. Маецца на ўвазе не агітацыйная кампанія, а выбары, бо зараз вядзецца кампанія па прапагандзе нейкіх ідэй і лідэраў. А выбарчай кампаніі няма таму, што ў апазыцыйных кандыдатаў няма кантролю за выбарчым працэсам, фактычна няма роўных умоў, каб сустракацца з выбарцамі, агітаваць і г.д. Я лічу, што падлік галасоў пройдзе па сцэнары Ярмошынай, і мы нічога ня здолеем зрабіць з тым, што будзе ў пратаколах”.
Зьміцер Бандарчук, кіраўнік штабу Ўладзімера Някляева на Гарадзеншчыне, негатыўна успрыняў адмовы кандыдатаў на прапанову Някляева. Бо, зь яго слоў, кандыдаты неаднаразова заяўлялі, што ў іх аднолькавыя мэты, думкі і пляны, а цяпер раптам усё не сыходзіцца:
“Бо ўсё, што адбываецца зь Беларусьсю, так, як яе прадаюць за вялікія грошы і за тое, каб толькі застацца пры ўладзе, ну то трэба нешта рабіць. А ў нашай сытуацыі найлепей разам усім кандыдатам зьняцца”.
"Зараз ініцыятыва мусіць быць адна — заклікаць людзей на Плошчу!"
Сяргей Мальчык кіруе абласной арганізацыяй партыі БНФ на Гарадзеншчыне, вось яго меркаваньне адносна закліку Някляева да іншых кандыдатаў байкатаваць выбары:
“Любы кандыдат можа выступаць зь любой ініцыятывай, але я думаю, што зараз ініцыятыва можа быць адна: гэтак заклікаць людзей прыходзіць у дзень галасаваньня, заклікаць іх прыходзіць на Плошчу. Гэта рэальная ініцыятыва, таму што шмат было сказана наконт выбараў, і зараз раптам за пару дзён да выбараў мяняць радыкальна свае погляды і мяняць адносіны… У выбаршчыкаў проста “дах паедзе”.
Усе кандыдаты, у тым ліку і Някляеў, заяўлялі, што на сапраўдных выбарах павінен быць другі тур, зазначае спадар Мальчык і лічыць, што выбаршчыкі настроіліся на гэта:
“Выбачайце, але па паўгадзіны было ў кожнага кандыдата па два разы на тэлебачаньні, і кожны раз, у тым ліку і Някляеў заклікаў прыйсьці на выбары ў дзень галасаваньня і прыйсьці на Плошчу. А тут раптам такая радыкальная прапанова. І што думаць выбаршчыку?”
Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Станіслаў Суднік зь Ліды добра ведае Ўладзімера Някляева і мяркуе так:
“Яму гэтак было трэба ў гэтыя прэзыдэнты ісьці… Усё гэта было, на маю думку, несур’ёзная гульня. Так што, ён далей можа рабіць усё, што хоча. Нічога ня зьменіцца ад таго, што ён зьнімецца ці не. Ніякага значэньня для Беларусі гэта ня мае".
Ролю беларускага паэта Станіслаў Суднік бачыць у іншым:
“Каб беларускамоўны паэт ішоў дзеля прапаганды нацыянальнай ідэі, як той Кастусёў робіць! У яго на плякаце першыя словы — “родная мова”, затым —“беларуская дзяржава”, трэцяе — “вяршэнства закону”. Каб Някляеў нёс нейкую ідэю, я б сказаў: не здымайся, нясі да канца. Але ж ідэі ён ніякай ня нёс. Дзесьці беларускі верш прачытае, дзесьці па-расейску. За каго ён, якія сацыяльныя сілы ён прадстаўляе, якія групы насельніцтва? Абсалютна нічога няясна”.
“Ён прыяжджаў у Ліду два разы, - дадае Станіслаў Суднік. - Якая карысьць ад яго прыезду? Што зрабіў лепш? Каб ён гадзіну пачытаў беларускія вершы перад дзецьмі, то можа пару чалавек штосьці запомнілі б і зразумелі. А так і гэтага няма”.
МАГІЛЁЎШЧЫНА
"Працэдура зьняцьця павінна быць адкрытай, яснай і зразумелай"
На Магілёўшчыне сярод рэгіянальных лідэраў няма адназначнага стаўленьня да ініцыятывы Ўладзімера Някляева. Меркаваньні самыя разнастайныя: ад падтрымкі да рэзка нэгатыўнага ўспрыняцьця як самой прапановы, так і палітыка, які яе агучыў.
Прапанову Някляева падтрымлівае старшыня абласной арганізацыі партыі левых “Справядлівы сьвет” Валерый Беразіенка. Ініцыятыву палітыка спадар Беразіенка лічыць своечасовай і слушнай:
“Выбары пройдуць паводле старой схемы, і нічога ня зьменіцца ў краіне. Дай Божа, каб усе кандыдаты зьнялі свае кандыдатуры — гэта такі ўчынак, варты ўсялякай ухвалы. З гэтым учынкам зьвязаная наша будучыня”.
Падтрымлівае ініцыятыву Някляева й кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў, аднак дадае:
“Працэдура зьняцьця павінна быць адкрытай і яснай. Усе кандыдаты, напрыклад, сядаюць у адным пакоі. Выбіраюць нэўтральнага чалавека, якому ўсе давяраюць, падпісваюць заявы аб зьняцьці. Аддаюць іх гэтаму чалавеку, і ён заносіць іх у Цэнтральную выбарчую камісію”.
Рацыянальнае зерне ў някляеўскай ініцыятыве бачыць і Віктар Болдзін, давераная асоба кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава. Тым ня менш ён камэнтуе яе стрымана:
“Уся перадвыбарчая кампанія ўсіх дзевяці кандыдатаў — гэта барацьба супраць мяккага ці жорсткага, але сталінізму, які расквітнеў у Беларусі. Мэта ў нас адна, і любыя мэтады тут дужа слушныя. Калі б было двое кандыдатаў, то лягчэй было б дамовіцца. Дзевяці будзе складана. Хаця ўсё будзе залежыць ад апошніх дзесяці дзён — як мы іх пройдзем”.
Рэзка адмоўна ставіцца да ініцыятывы лідэра руху “Гавары праўду!” старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў:
“Я прыхільнік таго, каб быў байкот. Мы штогод гуляем у гульню, якую навязвае нам улада. Сёлета ўся апазыцыя, з удзелам Някляева ў тым ліку, бярэ ўдзел у гэтай гульні. Спроба Някляева зьняцца — акурат на руку адміністрацыі. Гэты чалавек відавочна далёкі ад палітыкі, але ўзяўся за гэтую справу”.